“Урачы” і “будаўнікі” з дзіцячага садка

04.02.2016
Дашкольная адукацыя валодае добрымі магчымасцямі для першаснай сацыялізацыі дзяцей, таму павышаюцца патрабаванні да яе якасці. Яслі-сад № 82 Брэста даўно перайшоў з рэжыму функцыянавання ў рэжым развіцця, дзякуючы намаганням загадчыцы Святланы Разоўскай і яе намесніка Валянціны Воўк, якія аб’ядналі калектыў у каманду аднадумцаў. Вялікая ўвага ў дашкольнай установе ўдзяляецца пытанням развіцця і ўзбагачэння гульнявой прасторы.

Святлана Разоўская лічыць, што выхавальнікі і дзеці ўсебакова раскрываюцца падчас сюжэтна-ролевых гульняў. Педагогі падзяляюць гэтую думку, таму распрацавалі праекты гульнявой прасторы, адаптаваныя да ўмоў кожнай узроставай групы, і метадычныя рэкамендацыі па змястоўным напаўненні сюжэтна-ролевых гульняў. Вопыт дашкольнай установы па выкарыстанні самаробных цацак у адукацыйным працэсе быў прадстаўлены на семінары “Роля гульні і цацкі ў развіцці дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту” ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Яслі-сад часта наведваюць слухачы курсаў павышэння кваліфікацыі Брэсцкага абласнога ІРА і калегі з іншых устаноў горада.

Выхавальнікі ўдасканальваюць традыцыйныя метады і актыўна выкарыстоўваюць новыя тэхналогіі. На занятках рознай тэматыкі педагогі імкнуцца не даваць дзецям гатовыя веды і не абмяжоўваць пошук практычных і гульнявых дзеянняў. Падчас сюжэтна-ролевай гульні “У доктара” малодшыя дашкольнікі вызначаюць урача і пацыента, імітуюць прыём у паліклініцы, выкарыстоўваць медыцынскія “прыналежнасці” (бінт і гарчычнікі замяшчаюцца палоскамі паперы, фанедаскоп – скакалкай). “Урач” выдае “хвораму” ўяўныя таблеткі.

Паступова гульня ўскладняецца. Выхавальнікі майструюць дапаможнікі сваімі рукамі: апарат для флюараграфіі, лабараторыю для дыягностыкі. Вырабляюцца талоны да ўрача, амбулаторныя карты хворых, бэйджыкі. Усё па-сур’ёзнаму. Сюжэтна-ролевая гульня “У доктара” змяняецца на гульню “Медыцынскі цэнтр”. У ім працуюць розныя спецыялісты (педыятр, тэрапеўт, акуліст, працэдурная медсястра), дзейнічаюць рэгістратура і прыёмнае аддзяленне.

Калектыў пад кіраўніцтвам Святланы Разоўскай знаходзіцца ў пастаянным пошуку новага. Дашкольнікі актыўна ўдзельнічаюць у творчых конкурсах раённага і гарадскога ўзроўню, дзе паказваюць добрыя вынікі.

Аналагічны вопыт выхавання выкарыстоўваюць і ў яслях-садзе № 73, якім загадвае Алена Фёдарава. Педагогі ўстановы невыпадкова распрацавалі сюжэтна-ролевую гульню “Будоўля”. Дзіцячы садок размешчаны ў мікрараёне, дзе вядзецца інтэнсіўнае будаўніцтва жылля. На вачах дзяцей узводзяцца новыя дамы. Штодзень дашкольнікі назіраюць за пад’ёмнымі кранамі, бульдозерамі і грузавымі машынамі. Выхавальнікам даводзіцца адказваць на шматлікія пытанні дзяцей, звязаныя з імі.

Праект улічвае прафесійныя заняткі бацькоў. Без узаемадзеяння з сем’ямі яго рэалізацыя была б непаўнацэннай. Праект накіраваны на развіццё камунікатыўных уменняў дзяцей, фарміраванне ў іх станоўчых адносін і павагі да працоўнай дзейнасці.

У малодшай групе дзеці выконваюць ролі будаўнікоў, у сярэдняй – вадзіцелей грузавых машын, пагрузчыкаў і разгрузчыкаў. Калі па сюжэце гульні малышы будавалі заапарк, то выкарыстоўвалі цацкі розных звяроў. У старшай групе дзеці асвойвалі ролі муляраў, кранаўшчыкоў, цесляроў, тынкоўшчыкаў і маляроў. Неўзабаве на гульнявой пляцоўцы ўзнікла патрэба ў архітэктарах і дызайнерах, прарабах і кіраўніках. З’явіліся пашпарты аб’ектаў, візітоўкі, альбомы дызайну, узоры будаўнічых матэрыялаў і г.д.

Выхавальнікі ўпэўнены, што падчас сюжэтна-ролевых гульняў у дзяцей развіваецца інтарэс да ўзаемаадносін людзей розных прафесій, фарміруецца вопыт, які ілюструе сацыяльныя адносіны ў цэлым, выхоўваецца павага да вынікаў працы дарослых, разуменне неабходнасці і важнасці кожнай прафесіі. Немалаважным з’яўляецца і фарміраванне асноў бяспекі жыццядзейнасці.

Вопыт дашкольнай установы быў прэзентаваны на мінулагодняй абласной жнівеньскай нарадзе педагогаў “Выхаванне чалавека-працаўніка і грамадзяніна – дзяржаўны заказ адукацыі Брэстчыны”. Аўтары гульні выхавальнікі Марына Праходцава, Святлана Дварнічэнка і Марына Андрусевіч прадставілі на тэматычнай выставе сюжэтна-ролевую гульню “Будаўнічая фірма “Будуй дом”. Метадычныя знаходкі брэсцкіх педагогаў карысталіся павышанай увагай з боку калег.

Сёння ў педкалектыву новыя задумы, падказаныя жыццём. Многія дашкольнікі выхоўваюцца ў мнагадзетных сем’ях, таму ідзе распрацоўка сюжэтна-ролевай гульні “Сям’я” (абавязкі членаў сям’і, традыцыі), якая будзе адыгрываць добрую ролю ў сацыялізацыі дзяцей.

Ніна ДРЫК.