Калейдаскоп метадычных знаходак

27.01.2016
- Правесці адкрыты ўрок няцяжка, а вось абагульніць уласны вопыт работы, паказаць сістэму педагагічнай дзейнасці можа далёка не кожны, - гаворыць метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Брэсцкага райвыканкама Т.П.Марашчук. – Нездарма В.А.Сухамлінскі пісаў, што толькі той педагог становіцца моцным і вопытным, які ўмее аналізаваць сваю працу.

Нядаўна на базе Клейніцкай сярэдняй школы прайшоў раённы фестываль педагагічнага майстэрства “Калейдаскоп метадычных знаходак”. Мерапрыемства праводзілася з мэтай выяўлення лепшых творчых настаўнікаў пачатковых класаў Прыбужжа, абагульнення і распаўсюджання іх вопыту работы.

- Фестываль упершыню аб’яднаў настаўнікаў пачатковых класаў раёна, каб яны ў творчай атмасферы змаглі падзяліцца цікавымі знаходкамі, ідэямі, прыёмамі, метадамі, сучаснымі тэхналогіямі і сродкамі навучання, якія паспяхова выкарыстоўваюцца ў педагагічнай практыцы, - расказвае Т.П.Марашчук. – Настаўнікі прэзентавалі вопыт індывідуальна і ў складзе творчых груп. Выступленні ацэньвала журы на чале з намеснікам дырэктара па пачатковых класах Вялікаматыкальскай сярэдняй школы Наталляй Канстанцінаўнай Кандрасюк.

Напрацоўкі і дасягненні на педагагічнай ніве ўдзельнікі фестывалю паказвалі ў 3 намінацыях: “Настаўнік + вучань = паспяховы саюз”, “Ініцыятыва, творчасць, поспех” і “Скарбонка педагагічных ідэй”. Апошняя намінацыя аказалася багатай на інавацыйныя знаходкі і адпавядала духу часу, які нельга ўявіць без інтэрнэту і інфармацыйных тэхналогій. Так, у Тамашоўскай сярэдняй школе пры навучанні пісьму ў 1 класе выкарыстоўваюць электронныя табліцы, а ў Навалышчыцкай сярэдняй школе распрацавалі “Web-квест”, каб матэматыка не здавалася дзецям сумным прадметам.

Асаблівы інтарэс выклікала метадычная распрацоўка “100 дзён дзіцяці ў школе” настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы вёскі Тэльмы – 1 Ганны Іванаўны Папко. Надзвычай яркім было выступленне Вольгі Васільеўны Парасевіч з Вялікаматыкальскай сярэдняй школы. Дзякуючы творчай атмасферы, якая пануе на ўроках педагога, вучоба з’яўляецца для дзяцей захапляльнай прыгодай. Настаўніца прэзентавала часопіс для тых, хто стварае і не толькі, прысвечаны навагодняй тэматыцы, і паказала майстар-клас па вырабе мініяцюрных Дзядоў Марозаў з каляровай паперы.

- Ацэньваючы выступленні ўдзельнікаў фестывалю па такіх крытэрыях, як адукацыйная каштоўнасць метадычнай ідэі, яе практычная значнасць, арыгінальнасць і творчы падыход выкладання матэрыялу, акцёрскае і сцэнічнае майстэрства, журы вызначыла лепшых, - адзначае Т.П.Марашчук. – У намінацыі “Скарбонка педагагічных ідэй” перамаглі Наталля Іванаўна Вашчыла і Наталля Іванаўна Міхмель з Вельямовіцкай сярэдняй школы (“Эфектыўныя прыёмы работы на розных этапах урокаў беларускай мовы і літаратурнага чытання”), а таксама група настаўнікаў пачатковых класаў пад кіраўніцтвам Людмілы Міхайлаўны Скалковіч з Клейніцкай сярэдняй школы (метадычны дапаможнік па прадмеце “Чалавек і свет” “Экалагічны калейдаскоп”). У намінацыі “Ініцыятыва, творчасць, поспех” не было роўных Ірыне Іванаўне Кайко з Чарнаўчыцкай сярэдняй школы (“Інтэрактыўная слоўнікавая скарбонка”). Не застаўся незаўважаным і “Web-квест” Вольгі Сцяпанаўны Кандрацюк і Вольгі Аляксандраўны Кажаноўскай з Навалышчыцкай сярэдняй школы, якія сталі лепшымі ў намінацыі “Настаўнік + вучань = паспяховы саюз”. Фестываль педагагічнага майстэрства стаў не толькі крыніцай метадычных знаходак для настаўнікаў пачатковых класаў, але і дзейсным стымулам да далейшага прафесійнага самаразвіцця і творчай самарэалізацыі педагогаў.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.