Заданні складаныя, але цікавыя
22.01.2016У абласной алімпіядзе па хіміі ўдзельнічалі 70 школьнікаў. Тэарэтычны тур праходзіў у Брэсцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі лёгкай прамысловасці, а практычны – у БрДУ імя А.С.Пушкіна.
- Алімпіяда па хіміі складалася з тэарэтычнага (20 тэставых заданняў і 4 задачы) і практычнага тураў, на якія адводзіліся па 4 гадзіны, - расказала старшыня журы абласной алімпіяды па хіміі, загадчыца кафедры хіміі БрДУ імя А.С.Пушкіна, кандыдат тэхнічных навук Нона Сцяпанаўна Ступень. – З тэставымі заданнямі алімпіяднікі справіліся горш, чым летась. Пэўныя цяжкасці выклікалі і некаторыя задачы. Так, у многіх дзевяцікласнікаў узніклі праблемы пры рашэнні задачы, дзе ўмовы рэакцыі адрозніваліся ад нармальных. Не ўсе справіліся з задачай, якая тычылася газавай сумесі – азаніравання паветра. Адна задача патрабавала ведання наменклатуры рэчываў (хларат калію, хлорная кіслата), да чаго некаторыя вучні былі яўна не падрыхтаваны. У дзесяцікласнікаў задачы не выклікалі асаблівых цяжкасцей. А вось для адзінаццацікласнікаў найбольш складанай аказалася задача, дзе неабходны былі веды раздзела “Кінетыка”.
Заданні практычнага тура не выклікалі цяжкасцей, бадай, толькі ў дзевяці- і дзесяцікласнікаў. Дзевяцікласнікі выконвалі якасны аналіз катыёнаў і аніёнаў 7 невядомых раствораў, дзесяцікласнікі вызначалі колькаснае ўтрыманне іонаў кальцыю і магнію ў мінеральнай вадзе метадам цітравання, а адзінаццацікласнікі сінтэзавалі 4-метылумбеліферон. Самым цяжкім аказалася заданне ў 11 класе, якое патрабавала ад школьнікаў ведання спектраў флюарэсцэнцыі і даволі складаных рэакцый арганічнага сінтэзу. З 40 магчымых балаў найлепшы вынік (30) паказалі Наталля Сцепанюк з гімназіі № 1 Брэста і Вольга Логвін з гімназіі № 1 Баранавіч.Тэарэтычная падрыхтоўка алімпіяднікаў знаходзіцца на сярэднім узроўні. Многім дзецям неабходна ўдзяляць павышаную ўвагу аналізу газавых сумесей і вывучэнню раздзелаў “Кінетыка” і “Тэрмадынаміка”. Нягледзячы на тое, што з году ў год назіраецца станоўчая дынаміка ў практычнай падрыхтоўцы школьнікаў, яе якасць па-ранейшаму пакідае жадаць лепшага. Гэта нядзіўна, бо такая падрыхтоўка патрабуе цеснага ўзаемадзеяння з УВА ў галіне лабараторных вопытаў.
Штогод стабільна высокія вынікі ў абласной алімпіядзе па хіміі дэманструюць прадстаўнікі ўстаноў адукацыі Баранавіч. Другі год запар вельмі добра выступаюць выхаванцы гімназіі Іванава.
Дзесяцікласніца Настасся Рэська з гімназіі Іванава ўдзельнічае ў алімпіядным руху з 4 класа. Спрабавала сілы ў матэматыцы, рускай і беларускай мовах, фізіцы і геаграфіі, але спынілася ўсё ж на хіміі. Гэты прадмет дзяўчына лічыць вельмі цікавым і захапляльным. Ды і з настаўніцай Алай Васільеўнай Таболінай пашанцавала. Летась Настасся атрымала “абласны” дыплом І ступені і “рэспубліканскі” дыплом ІІ ступені.
Дзяўчына прызналася, што для выканання алімпіядных заданняў патрабаваліся веды, якія выходзілі далёка за межы школьнай праграмы. Да інтэлектуальных спаборніцтваў Настасся рыхтавалася з настаўніцай па 2 – 3 гадзіны ў дзень.
Асаблівую цяжкасць у тэарэтычным туры выклікала задача, звязаная з электронным эфектам у арганічных злучэннях. З эксперыментальнай часткай алімпіяды праблем не ўзнікла, хаця сёлета практычны тур быў даволі складаным.
З будучай прафесіяй Настасся пакуль не вызначылася, але ўпэўнена, што яна абавязкова будзе звязана з хіміяй.
Шлях да алімпіяднага руху ў адзінаццацікласніка Рамана Пузанава з гімназіі № 1 Брэста быў незвычайным. Спачатку хімія, у алімпіядах па якой юнак удзельнічае з 9 класа, яму асабліва не падабалася. Па выніках першай чвэрці ў 7 класе Раман атрымаў па гэтым прадмеце “пяцёрку”. І вось неяк бацька, які ў свой час вельмі любіў хімію, падчас размовы з сынам аб будучай прафесіі прапанаваў яму звярнуць увагу на фармакалогію. Юнак зацікавіўся, пачаў узмоцнена займацца хіміяй і завяршыў навучальны год з “васьмёркай” па ёй. Неўзабаве Раман пачаў удзельнічаць у алімпіядах. У яго скарбонцы 3 “абласныя” дыпломы І і ІІ ступені, а таксама 2 “рэспубліканскія” пахвальныя водзывы.
Да спаборніцтваў юнака рыхтавала Ніна Уладзіміраўна Кулікова. Шмат давялося працаваць і самастойна. Так, на канікулах Раман займаўся хіміяй па 5 – 6 гадзін у дзень.
Юнак лічыць алімпіядныя заданні даволі складанымі. У тэарэтычным туры асабліва цяжкай аказалася задача па вызначэнні КІСl2 і КІСl4. Нялёгкім выдаўся і практычны тур, дзе патрабавалася сінтэзаваць рэчыва расліннага паходжання класа кумарынаў шляхам некалькіх хімічных рэакцый і адказаць на шэраг пытанняў, якія тычыліся праведзенага вопыту.
Сёння Раман плануе звязаць жыццё ўжо не з фармакалогіяй, а з хімічнай прамысловасцю.
Дыпломы І ступені атрымалі дзевяцікласнікі Дзіяна Карвацкая з гімназіі № 2 Брэста, Аляксандр Зайко з сярэдняй школы № 35 Брэста і Алег Жушма з гімназіі Іванава, дзесяцікласніца Настасся Рэська з гімназіі Іванава і адзінаццацікласнік Андрэй Кульчык з гімназіі № 2 Баранавіч.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.