Акцэнт – на прафілактыку

18.01.2016
Ва ўпраўленні ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама адбылася прэс-канферэнцыя начальніка УУС генерала-маёра міліцыі Ф.Ф.Балейкі, падчас якой закраналіся пытанні, актуальныя для сістэмы адукацыі рэгіёна.

- У 2015 годзе ў вобласці рэалізоўваліся арганізацыйныя і прафілактычныя меры па ўзмацненні барацьбы са злачыннасцю, забеспячэнні грамадскага парадку і дарожнай бяспекі, прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў, - расказаў Ф.Ф.Балейка. – Летась на тэрыторыі Брэстчыны было зарэгістравана каля 12,7 тысячы злачынстваў. У параўнанні з 2014 годам іх колькасць павялічылася больш як на 1,1 тысячы. Разам з тым узровень злачыннасці насельніцтва на тэрыторыі вобласці па выніках мінулага года адзін з найменшых у краіне. Найбольш праблемнымі рэгіёнамі з’яўляюцца Брэсцкі, Баранавіцкі і Івацэвіцкі раёны, а таксама Брэст, Пінск і Баранавічы. Адзначаецца павелічэнне колькасці забойстваў, фактаў свядомага прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, згвалтаванняў, вымагальніцтваў, махлярства, выкрадання аўтатранспарту, крадзяжоў усіх форм уласнасці і хуліганстваў.

Выклікае трывогу сітуацыя, звязаная з распаўсюджваннем наркаманіі ў маладзёжным асяроддзі. Летась праваахоўныя органы затрымалі 86 навучэнцаў устаноў адукацыі за незаконныя аперацыі з наркотыкамі (узбуджана 81 крымінальная справа). У 2014 годзе такіх злачынстваў было 60. Амаль ва ўсіх выпадках аб’ектам проціпраўных дзеянняў з’яўляліся курыльныя сумесі (спайсы). Інспекцыі па справах непаўналетніх актыўна супрацоўнічаюць з установамі адукацыі па прафілактыцы і выяўленні наркаманіі сярод моладзі.

Па выніках мінулага года значна павялічылася колькасць проціпраўных дзеянняў, здзейсненых непаўналетнімі ці з іх удзелам (некваліфікаваныя крадзяжы маёмасці розных форм уласнасці і хуліганствы). Было выяўлена 511 такіх злачынстваў (у 2014 годзе – 424). Па-ранейшаму актуальнай застаецца праблема п’янства сярод моладзі, асабліва гэта тычыцца ўжывання слабаалкагольных напіткаў кшталту піва.

- Паміж абласным упраўленнем унутраных спраў і абласным упраўленнем адукацыі напрацаваны добры вопыт цеснага і карыснага ўзаемадзеяння, - адзначыў Ф.Ф.Балейка. – На жаль, застаюцца і праблемныя пытанні, якія найперш закранаюць работу з нядобранадзейнымі сем’ямі. Несвоечасовае выяўленне такіх сем’яў прыводзіць часам да сумных наступстваў у выглядзе сямейнага насілля. Так, нядаўна ў Кобрыне 9-гадовая дзяўчынка падчас сваркі з бабуляй нанесла ёй нажом цяжкія цялесныя пашкоджанні, у выніку чаго тая памерла. Не радуе і статыстыка дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам непаўналетніх.

Што да карупцыі ў сферы адукацыі, то значных злачынстваў у гэтым плане летась выяўлена не было. Ф.Ф.Балейка лічыць, што вялікую ролю ў гэтым адыгралі прафілактычныя мерапрыемствы. Работа па ўзмацненні ўзамаедзеяння органаў унутраных спраў і кіравання адукацыяй будзе працягнута.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.