Інтэрактыўная экапедагогіка

15.01.2016
У Брэсцкім абласным цэнтры турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі прайшоў абласны семінар, прысвечаны інтэрактыўнай экапедагогіцы ў рабоце педагогаў дадатковай адукацыі.

- Сістэма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі павінна ісці ў нагу з часам, каб быць цікавай і запатрабаванай сярод школьнікаў, - адзначыў на адкрыцці семінара дырэктар Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі В.В.Скарына. – Для гэтага неабходна актыўна ўкараняць новыя формы работы. Вялікім матывацыйным і выхаваўчым патэнцыялам валодае інтэрактыўная экапедагогіка.

- Інтэрактыўная мадэль навучання прадугледжвае арганізацыю камфортных умоў для актыўнага ўзаемадзеяння вучняў паміж сабой, - расказала загадчыца аддзела натуралістычнай работы Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі А.М.Талошка. – Для гэтага мадэліруюцца жыццёвыя сітуацыі, выкарыстоўваюцца ролевыя гульні, аналізуюцца розныя абставіны і інфармацыя. Інтэрактыўныя тэхналогіі дазваляюць зрабіць заняткі незвычайнымі, насычанымі і цікавымі. Так, педагогі могуць выкарыстоўваць у рабоце гульнявыя і негульнявыя інтэрактыўныя метады: інтэрактыўную лекцыю (аб’ядноўвае традыцыйную лекцыю, трэнінг ці гульню), форму групавога ўзаемадзеяння “вялікае кола”, кейс-метад (аналіз сітуацыі), метад кааператыўнага навучання (работа ў групах), клішэ (разбор і абмеркаванне канкрэтнага матэрыялу), флэш-тэст (арганізацыйна-мысліцельная гульня), метады тэлестудыі, брэйн-рынгу і аўкцыёну. Важна, каб дзеці не толькі валодалі неабходнымі ведамі, але і ўмелі прымяняць іх у практычнай дзейнасці, самастойна пераадольваць цяжкасці і рабіць уласныя адкрыцці.

Педагог дадатковай адукацыі Л.Л.Свірыдзюк з Кобрынскага раённага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі падзялілася вопытам выкарыстання інтэрактыўных гульняў на занятках у аб’яднаннях па інтарэсах.

- Экалагічным выхаваннем трэба займацца з ранняга дзяцінства, - упэўнена педагог. – У дзяцей неабходна фарміраваць чалавечнасць, дабрыню, адказнае стаўленне да прыроды і людзей, якія жывуць побач і будуць жыць пасля нас. Экалагічнае выхаванне павінна вучыць дзяцей разумець сябе і ўсё, што адбываецца навокал, правільна паводзіць сябе ў прыродзе і сярод людзей. Лепшым спосабам для такога навучання з’яўляецца гульня – найбольш зразумелы, радасны і натуральны від дзейнасці. Гульні надаюць заняткам эмацыянальную афарбоўку, робяць жывымі і больш цікавымі для дзяцей. Акрамя таго, гульні прымушаюць дзяцей думаць, супастаўляць, параўноўваць і пастаянна знаходзіцца ў пошуку новых шляхоў і рашэнняў. Вучні з вялікім інтарэсам і жаданнем уключаюцца ў гульні, якія добра ўплываюць на іх фізічнае і інтэлектуальнае развіццё.

Гульня “Разнастайнае жыццё ў прыродзе” прапаноўвае дзецям адказаць на 20 пытанняў за 5 хвілін. Заданне даецца спачатку адной, а затым другой камандзе. Напрыклад: “З якога дрэва робяць запалкі?” (асіна), “Якая птушка не мае крылаў?” (ківі), “У якой жывёлы тлушч зялёнага колеру?” (кракадзіл), “Якая кветка раскрываецца толькі ноччу і духмяна пахне?” (пахучы тытунь), “Які снег хутчэй тае: чысты ці брудны?” (брудны) і г.д.

Падчас гульні “Памяняйцеся месцамі” дзецям раздаюцца карткі з выявамі жывёл і птушак. Гульцы мяняюцца месцамі, калі ў іх на картках намаляваны жывёлы, птушкі, дзікія жывёлы, жыхары воднага асяроддзя, пералётныя птушкі, свойскія жывёлы, зімуючыя птушкі і г.д.

Даволі цікавай з’яўляецца гульня “Здагадайся, якая жывёла”. На картцы пішуць назву жывёлы і мацуюць яе на спіне аднаго з гульцоў, які не ведае, што гэта за жывёла. Ён па чарзе задае пытанні іншым гульцам, якія наводзяць на адгадку.

Падчас падобных гульняў дзеці даведваюцца пра разнастайнасць жыцця прыроды, вучацца беражліваму стаўленню да ўсяго жывога, што іх акружае.

Надзвычай пазнавальнымі аказаліся практыка-арыентаваныя трэнінгі, праведзеныя метадыстам М.С.Мастыка і педагогам дадатковай адукацыі А.В.Анісімовіч з Экалагічнага цэнтра Белаазёрска. Шмат станоўчых эмоцый падарылі творчая майстэрня “Прыродны матэрыял – прастора для фантазіі”, арганізаваная педагогам дадатковай адукацыі Я.А.Чыжовай з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Пінска, і майстар-клас “Кветкі сваімі рукамі” педагога дадатковай адукацыі Н.М.Жуковіч з Экалагічнага цэнтра Белаазёрска. Педагог дадатковай адукацыі Л.І.Карповіч з Эколага-біялагічнага цэнтра Баранавіч падзялілася напрацоўкамі па развіцці творчага патэнцыялу малодшых школьнікаў шляхам гульнявой дзейнасці.

Завяршыўся семінар круглым сталом “Дадатковая экалагічная адукацыя – дабратворная глеба для развіцця інтэрактыўнага навучання”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.