Прафтэхадукацыя Брэстчыны: у адпаведнасці з эканамічнымі запытамі рэгіёна

31.12.2015
За 75 гадоў існавання айчынная сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі прайшла шлях ад нешматлікіх школ фабрычна-заводскага вучнёўства і вучэбных майстэрань да прафесійна-тэхнічных каледжаў і ліцэяў, якія рыхтуюць рабочых высокай кваліфікацыі па шырокім спектры прафесій. Сучасныя рэаліі патрабуюць якасных змен не толькі ў грамадска-эканамічным жыцці краіны, але і ў адукацыі, бо яна з’яўляецца адным з важнейшых фактараў стабільнага развіцця эканомікі і стратэгічным рэсурсам у вырашэнні сацыяльных праблем.

- Прафесійна-тэхнічная адукацыя выконвае важную эканамічную функцыю – напаўняе кваліфікаванымі працоўнымі рэсурсамі эканоміку, забяспечваючы яе ўстойлівае развіццё, - адзначае першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама А.Ф.Жук. – Сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі вобласці, выступаючы своеасаблівай кузняй рабочых кадраў, дынамічна развіваецца і ўдасканальваецца, ідзе ў нагу з часам і інавацыйным прагрэсам.

Сёння на Брэстчыне дзейнічаюць 8 прафесійна-тэхнічных каледжаў, 15 прафесійных ліцэяў і 4 установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, дзе атрымліваюць веды каля 12 тысяч навучэнцаў па 52 спецыяльнасцях (99 кваліфікацыях) рабочых і 20 спецыяльнасцях сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Акрамя таго, у вобласці працуюць 19 устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі рэспубліканскай і прыватнай форм уласнасці. 

- Фарміраванне кантрольных лічбаў прыёму для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі ажыццяўляецца на аснове дэталёвага аналізу патрэб рэгіёна ў рабочых кадрах і ў адпаведнасці з заяўкамі і дамовамі на падрыхтоўку кадраў, заключанымі паміж установамі адукацыі і арганізацыямі-заказчыкамі кадраў, базавымі прадпрыемствамі, - расказвае А.Ф.Жук. – Большасць прафесій з’яўляюцца інтэграванымі. 70% навучэнцаў адначасова атрымліваюць дзве і больш кваліфікацыі, што забяспечвае высокі ўзровень працаўладкавання выпускнікоў, пашырае зону іх прафесійнай кампетэнтнасці і павышае канкурэнтаздольнасць на рынку працы.

Якасць адукацыі вызначаецца кваліфікацыяй выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання. У сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі вобласці працуюць больш за 1,6 тысячы чалавек: 630 майстроў вытворчага навучання, каля 290 выкладчыкаў агульнапрафесійных і спецыяльных прадметаў і інш. Павышэннем іх кваліфікацыі займаецца Брэсцкі абласны вучэбна-метадычны цэнтр прафесійнай адукацыі.

Штогод для прадпрыемстваў, гаспадарак і арганізацый розных форм уласнасці рыхтуюцца каля 5 тысяч кваліфікаваных рабочых. Амаль усе выпускнікі атрымліваюць накіраванні на работу.

- Сённяшняму рынку працы патрабуюцца высокакваліфікаваныя рабочыя і спецыялісты, адаптаваныя да ўмоў сучаснай вытворчасці, - гаворыць А.Ф.Жук. – Работадаўцы прад’яўляюць высокія патрабаванні да ўзроўню прафесійнай кваліфікацыі выпускнікоў ПТНУ і ССНУ, таму ў іх ствараюцца рэсурсныя цэнтры, дзе сканцэнтраваны новае дарагое і высокатэхналагічнае абсталяванне і тэхніка, створаны ўмовы для якаснага асваення вучэбных праграм вытворчага навучання і набыцця практычных навыкаў сучаснага рабочага, апрабуюцца новыя адукацыйныя тэхналогіі, ажыццяўляецца павышэнне кваліфікацыі педагогаў устаноў адукацыі і спецыялістаў прадпрыемстваў. Усё гэта садзейнічае гарантаванаму працаўладкаванню і запатрабаванасці выпускнікоў на рынку працы.

З 2011 года ў вобласці дзейнічаюць 6 рознапрофільных рэсурсных цэнтраў (машынабудаванне, грамадскае харчаванне, сантэхнічныя і зварачныя работы, сельскагаспадарчая і швейная вытворчасць), дзе прайшлі навучанне больш за 2,5 тысячы чалавек і стажыроўку 89 майстроў вытворчага навучання.

- Ва ўмовах інавацыйнага развіцця вытворчасці, жорсткай канкурэнцыі тавараў і паслуг асаблівае значэнне набывае якасць падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў, - заўважае А.Ф.Жук. – Амаль кожны другі выпускнік атрымлівае 4 і вышэй кваліфікацыйны разрад. З мэтай павышэння якасці падрыхтоўкі рабочых кадраў у апошнія гады змяніліся адносіны да фарміравання выпускных кваліфікацыйных камісій, якія сталі цалкам незалежнымі. Іх узначальваюць выключна прадстаўнікі арганізацый-заказчыкаў кадраў.

У рамках асноўных адукацыйных праграм ПТНУ і ССНУ ажыццяўляецца навучанне асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, у тым ліку інвалідаў. Для гэтага створаны адпаведныя ўмовы ў 14 установах адукацыі. Пры неабходнасці прафесійнае навучанне гэтых навучэнцаў ажыццяўляецца дома.

З 2008 года на базе Івацэвіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці дзейнічае Цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і абмежаванымі магчымасцямі. Навучэнцы цэнтра атрымліваюць прафесійна-тэхнічную адукацыю ў адпаведнасці з магчымасцямі і ўзроўнем здароўя. Тут ажыццяўляецца іх сацыяльная і прафесійная адаптацыя.

Сёння цэнтр наведваюць 77 навучэнцаў. Сфарміраваны 9 вучэбных груп напаўняльнасцю ад 6 да 12 чалавек. Гэта дазваляе палепшыць якасць адукацыі.

За гады існавання цэнтр падрыхтаваў больш за 200 чалавек. Усе яны былі працаўладкаваны па атрыманай прафесіі. Дзякуючы навучанню ў цэнтры выпускнікі становяцца сацыяльна адаптаванымі і канкурэнтаздольнымі спецыялістамі, якія ўмеюць жыць і працаваць у складаных умовах сучаснага грамадства.

Па словах А.Ф.Жука, з мэтай поўнага забеспячэння галін эканомікі вобласці рабочымі кадрамі арганізавана работа па  прафесійнай падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы незанятага насельніцтва. Штогод такую паслугу атрымліваюць больш за 4 тысячы чалавек.

Развіццю творчай ініцыятывы навучэнцаў і педагогаў, удасканаленню іх інтэлектуальных і прафесійных навыкаў, папулярызацыі прафесійна-тэхнічнай адукацыі садзейнічаюць конкурсы і алімпіяды прафесійнага майстэрства з шырокім удзелам прадстаўнікоў базавых арганізацый і прадпрыемстваў, галіновых прафсаюзаў. Штогод у вобласці праводзіцца больш за 10 абласных конкурсаў і алімпіяд прафмайстэрства. Навучэнцы Брэстчыны займаюць прызавыя месцы ў рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах.

- Брэсцкі аблвыканкам удзяляе вялікую ўвагу забеспячэнню вобласці прафесійнымі кадрамі, - адзначае А.Ф.Жук. – З 2006 года ўручаюцца штогадовыя прэміі навучэнцам-пераможцам заключных этапаў рэспубліканскіх (міжнародных) конкурсаў прафесійнага майстэрства і майстрам вытворчага навучання, якія іх рыхтавалі. У рэспубліканскім банку даных знаходзяцца 35 навучэнцаў ПТНУ і ССНУ Брэстчыны.

З мэтай развіцця ўстаноў прафтэхадукацыі, умацавання іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, стварэння ўмоў для павышэння прафмайстэрства педагогаў праводзіцца конкурс на лепшую ўстанову прафесійнай адукацыі, які актывізуе работу педкалектываў па ўдасканаленні адукацыйнага працэсу.

Дом навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі Брэсцкай вобласці ў Пінску ажыццяўляе інструктыўна-метадычную і арганізацыйную работу па прапагандзе і развіцці тэхнічнай, дэкаратыўна-прыкладной і мастацкай творчасці, аказвае кансультацыйную і метадычную дапамогу ўстановам па пытаннях рацыяналізатарства і вынаходніцтва, мастацкай самадзейнасці і прафарыентацыі, каардынуе падрыхтоўку да абласных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў.

- У вобласці сфарміравана шмат добрых традыцый па патрыятычным выхаванні моладзі, фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці навучэнцаў, іх фізічным і духоўным развіцці, эстэтычным і экалагічным выхаванні, - гаворыць А.Ф.Жук. – 11 калектываў мастацкай творчасці сістэмы прафтэхадукацыі з’яўляюцца ўзорнымі і народнымі. Брэстчына ганарыцца лаўрэатамі спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, пераможцамі фестываляў “АРТ-вакацыі” і “Беларускі вянок”, злётаў вынаходнікаў і рацыяналізатараў, аглядаў-конкурсаў дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і педагогаў ПТНУ і ССНУ. На працягу многіх гадоў добрыя вынікі ў іх паказваюць прадстаўнікі Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, Белаазёрскага дзяржаўнага ПТК электратэхнікі, Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання, Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання і Кобрынскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сферы абслугоўвання.

Яркімі прадстаўнікамі калектываў мастацкай творчасці з’яўляюцца народны хор “Крынічанька” Пінскага дзяржаўнага ПТК лёгкай прамысловасці, духавы аркестр Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя машынабудавання, тэатр моды Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя лёгкай прамысловасці, тэатр прычосак Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання, тэатральная студыя Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання і танцавальны калектыў Высокаўскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага ПТК.

Годна абараняюць гонар устаноў адукацыі і вобласці вынаходнікі і рацыяналізатары Ганцавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя машынабудавання, Лунінецкага дзяржаўнага політэхнічнага ПТК, Лунінецкага дзяржаўнага ПТК сельскагаспадарчай вытворчасці, Пінскага дзяржаўнага ПТК машынабудавання, Пінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, Столінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці і Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сувязі.

- Сёння ідзе актыўны пошук эфектыўных шляхоў развіцця сістэмы прафтэхадукацыі, спосабаў яе адаптацыі да патрабаванняў сучаснага рынку працы і стварэння якасна новай прафесійнай школы, здольнай заняць дастойнае месца ў рыначнай эканоміцы і задаволіць патрэбы кожнага навучэнца ў атрыманні прафесіі і самарэалізацыі, - падагульняе А.Ф.Жук.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.