3D – кветкі ў жэле

19.12.2015
Сёння нельга вучыць дзяцей, выкарыстоўваючы толькі магчымасці аднаго ўрока. Сучасная школа знаходзіцца ў стане няспыннага абнаўлення,пошуку новых форм, метадаў і сродкаў работы. Але як арганізаваць яе, каб яна была выніковай і эфектыўнай? Адказ на гэтае пытанне шукалі ўдзельнікі абласнога семінара “Цэласнасць урока і пазакласнай работы як адна з важных умоў забеспячэння якасці адукацыйнага працэсу”, які прайшоў на Маларытчыне. У ім прынялі ўдзел спецыялісты аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў, метадысты раённых і гарадскіх вучэбна-метадычных кабінетаў, якія курыруюць абслуговую працу, а таксама кіраўнікі рэгіянальных метадычных фарміраванняў настаўнікаў абслуговай працы.

Адкрываючы семінар, метадыст вучэбна-метадычнага аддзела агульнаадукацыйных вучэбных прадметаў Брэсцкага абласнога ІРА Марыя Ціханчук акрэсліла яго мэты, задачы і праблемнае поле, акцэнтаваўшы ўвагу на тым, што адным са спосабаў павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу па абслуговай працы з’яўляецца стварэнне адзінай сістэмы ўрочнай і пазакласнай работы па прадмеце. Гэта адзін з фактараў фарміравання матывацыі і інтэлектуальнага развіцця асобы. Пазакласная работа дапаўняе ўрокі, замацоўвае і пашырае веды, атрыманыя на іх.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Маларыцкага райвыканкама Таццяна Лаўрэенка расказала пра адукацыйную прастору рэгіёна, звярнула ўвагу на тое, што ў раёне шмат робіцца для павышэння якасці ведаў вучняў па абслуговай працы. Гэты прадмет адыгрывае вялікае значэнне ў жыццёвым і прафесійным самавызначэнні выпускнікоў школ. Абслуговая праца – важны сродак сацыялізацыі моладзі.

Метадыст Маларыцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Кацярыніч адзначыла, што на ўроках працоўнага навучання неабходна выкарыстоўваць звесткі з розных галін ведаў і прадметаў. Вучэбны матэрыял павінен падавацца комплексна. Гэта дазваляе пашырыць яго межы і злучыць у адно цэлае навучанне, выхаванне і развіццё. Урок любой формы і любога тыпу можа быць пабудаваны як інтэграваны. Пры гэтым інтэграцыю неабходна разглядаць як спосаб вырашэння вучэбнай задачы і спосаб дзеяння, з дапамогай якога ствараецца ўстойлівая цікавасць да прадмета.

Загадчыца Івацэвіцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Наталля Дзяркач падзялілася вопытам работы па фарміраванні агульнапрацоўных і тэхніка-тэхналагічных ведаў, уменняў і навыкаў вучняў, іх гатоўнасці да прафесійнага самавызначэння. Загадчыца Маларыцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Аксана Краўчанка азнаёміла ўдзельнікаў семінара з выставай метадычнай прадукцыі ВМК і выставай работ маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў Маларыцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Пазнавальным, цікавым і захапляльным атрымаўся ўрок у 7 класе “Выбар і афармленне падарункаў”, праведзены Анжалікай Сацюк. Заняткі пакінулі шмат станоўчых эмоцый. Удзельнікі семінара пачулі падчас іх шмат карыснай і неабходнай інфармацыі, сваімі рукамі паспрабавалі зрабіць падарунак са скуры.

Практыка-арыентаванымі былі і майстар-класы, праведзеныя Лідзіяй Некрашэвіч з Ланской сярэдняй школы (“Флісавыя фантазіі”), Жаннай Новік са Збуражскага дзіцячага сада – сярэдняй школы (“Салодкі букет”) і Таццянай Аўдзяюк з сярэдняй школы № 1 Маларыты (“Выраб лялькі, ці Лялечны карагод”). Асаблівую цікавасць выклікаў майстар-клас Таццяны Кацярыніч “3D – кветкі ў жэле”, якая расказала і паказала, як можна хутка і арыгінальна ўпрыгожыць жэле і дэсерты для святочнага стала і прыемна здзівіць гасцей.

У сярэдняй школе № 2 Маларыты ўдзельнікаў семінара запрасілі на кірмаш, падрыхтаваны вучнямі пад кіраўніцтвам настаўнікаў абслуговай працы Наталлі Гарабінскай і Валянціны Гойка, і дэманстрацыю швейных вырабаў, падрыхтаваную Наталляй Гарабінскай і Таццянай Аўдзяюк. Удзельнікі наведалі выставу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзе азнаёміліся з работамі настаўнікаў абслуговай працы Ланской, Олтушскай і Хаціслаўскай сярэдніх школ, Дарапеевіцкага, Збуражскага і Гвозніцкага дзіцячых садоў – сярэдніх школ.

Мікалай НАВУМЧЫК,

намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце

Маларыцкай раённай гімназіі.