Актыўная ацэнка – рэсурс дасягнення новай якасці адукацыі

18.12.2015
Педагогі Жабінкаўшчыны пастаянна павышаюць прафесійны ўзровень і абменьваюцца вопытам па розных напрамках настаўніцкай дзейнасці з мэтай карэкціроўкі яе перспектыў.

На працягу 2 гадоў праблемная група настаўнікаў пачатковых класаў раёна на чале з І.А.Панфіла з сярэдняй школы № 1 Жабінкі працуе па тэме “Актыўная ацэнка як рэсурс дасягнення новай якасці адукацыі”. Нядаўна адбылося пасяджэнне праблемнай групы, на якім абмяркоўваліся падыходы да праектавання вучэбных заняткаў на аснове актыўнай ацэнкі.

Метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета кандыдат псіхалагічных навук К.М.Сіда засяродзіла ўвагу на псіхолага-педагагічных праблемах кантрольна-ацэначнай дзейнасці ва ўмовах сучаснага адукацыйнага працэсу:

- Ацэначная дзейнасць чалавека даўно прыцягвае ўвагу даследчыкаў, бо з’яўляецца даволі складаным і супярэчлівым працэсам. Суб’ектыўныя крытэрыі ацэнкі вызначаюцца патрэбамі, настроем і ўнутранай пазіцыяй чалавека, а аб’ектыўныя – псіхалагічнай атмасферай, стылем зносін, пазіцыяй і светаадчуваннем калектыву (знешнімі фактарамі, якія не залежаць ад чалавека). З пазіцыі дзіцяці любая аб’ектыўная ацэнка настаўніка будзе суб’ектыўнай (адэкватная ацэнка ўзнікае пры суаднясенні суб’ектыўных крытэрыяў з аб’ектыўнымі). З пазіцыі настаўніка аб’ектыўнай ацэнкай будзе ацэнка непрадузятая, а суб’ектыўнай – ацэнка з улікам усіх асаблівасцей вучня, яго адносін да вучобы і адносін педагога да дзіцяці.

Калі гавораць пра кантрольна-ацэначную дзейнасць, то найперш маюць на ўвазе дзейнасць настаўніка. Ацэначная дзейнасць педагога – гэта своеасаблівая дзейнасць, якая ўключае кантроль, праверку, ацэнку і канчатковы вынік (адзнаку) і накіравана ад настаўніка на вучня з мэтай вызначэння ўзроўню яго ведаў і ўздзеяння на яго са станоўчага боку. У залежнасці ад асобасных якасцей, напрамку дзейнасці, стылю і манер выкладання прадмета ў кожнага настаўніка складваюцца ўласныя формы кантролю, крытэрыі ацэнкі і адзнакі.

Размежаванне сутнасці паняццяў “ацэнка” і “адзнака” вельмі важна для глыбокага разгляду псіхолага-дыдактычных, выхаваўчых і педагагічных аспектаў ацэначнага боку традыцыйнага навучання. Ацэнка – гэта працэс ацэньвання, адзнака – вынік гэтага працэсу.

Удзельнікі пасяджэння разважалі над тым, чаму ацэнка і адзнака так важны ў жыцці дзіцяці. Гэта звязана з тым, што яны цесна звязаны з такімі псіхалагічнымі характарыстыкамі, як самаацэнка, матывацыя дасягнення, трывожнасць, эмацыянальны камфорт, узаемаадносіны з іншымі людзьмі і творчасць. Педагогі прывялі шэраг псіхалагічных фактараў, якія ўплываюць на аб’ектыўнасць ацэньвання.

Настаўніца пачатковых класаў І.С.Сакольчык з сярэдняй школы № 3 Жабінкі расказала пра падыходы да фармулёўкі мэты ўрока “мовай” вучня.

Педагог вызначыла актыўную ацэнку як стратэгію навучання, у рамках якой вучні могуць пастаянна бачыць і разумець свае поспехі (радавацца ім) і няўдачы (устараняць прабелы), і прапанавала прыёмы авалодання працэдурай ацэнкі і ўзаемнай ацэнкі, кіравання ўласным навучаннем.

І.С.Сакольчык акцэнтавала ўвагу на тым, што навучальная мэта, якую ставіць настаўнік на ўроку, павінна адпавядаць патрабаванням вучэбнай праграмы, вучэбнаму зместу, узроўню навучання і падрыхтоўкі дзяцей. Акрамя таго, гэтая мэта павінна адпавядаць запланаванаму выніку дзейнасці і быць дыягнастычнай, сфармуляванай такім чынам, каб пасля завяршэння вучэбнага перыяду можна было адназначна меркаваць пра ступень яе дасягнення.

Для таго каб уключыць вучняў у ацэначную дзейнасць, каб яны дакладна ведалі, што яны будуць засвойваць і што будзе правярацца, чаму яны навучыліся, а чаму пакуль не, каб настаўніку і дзецям было ясна, над чым працаваць далей, неабходна вызначаць у мэце меркаваныя вынікі – запланаваны пералік ведаў і ўменняў, якімі да заканчэння ўрока будуць валодаць вучні. Гэта першая палова працэдуры пастаноўкі навучальнай мэты. Другая палова – давядзенне мэты да вучняў на зразумелай для іх мове. Мэта на “мове” вучняў запісваецца на дошцы, што дазваляе на працягу ўрока звяртацца да яе, бачыць і разумець, як ідзе прасоўванне да запланаванага выніку, а таксама ўносіць неабходныя карэктывы ў дзейнасць. Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі прыклады пастаноўкі мэт урока “мовай” вучняў.

Настаўніца пачатковых класаў С.П.Пракопчык з сярэдняй школы № 3 Жабінкі раскрыла асноўныя характарыстыкі эфектыўнасці вучэбных заняткаў на аснове актыўнай ацэнкі, а настаўніца пачатковых класаў Т.В.Кашталян з сярэдняй школы № 1 Жабінкі падзялілася вопытам правядзення ўрокаў з выкарыстаннем метаду актыўнай ацэнкі і расказала пра яго асаблівасці.

Падчас практычнай часткі пасяджэння яго ўдзельнікі працавалі ў групах і праектавалі вучэбныя заняткі на аснове метаду актыўнай ацэнкі. Педагогі ўпэўнены, што пры яго выкарыстанні павышаецца якасць адукацыйнага працэсу. Для гэтага неабходна прытрымлівацца некаторых рэкамендацый. Так, адукацыйны эфект пры выкарыстанні метаду актыўнай ацэнкі будзе значным, калі яго складнікі прымяняюцца не хаатычна і эпізадычна, а сістэмна. Пры прыняцці стратэгіі актыўнай ацэнкі трэба ўлічваць, што вучань з’яўляецца суб’ектам адукацыйнага працэсу, удзельнікам вызначэння мэт і планавання работы. Дзіця вучыцца, а настаўнік стварае для гэтага ўмовы. Ацэнцы педагога павінна папярэднічаць сама- і ўзаемаацэнка вучняў.

Пры пастаноўцы мэт вучэбных заняткаў варта ўлічваць, што мэта павінна адпавядаць патрабаванням вучэбнай праграмы, суадносіцца з тэмай урока, быць дасягальнай, канкрэтнай і абмежаванай у часе. Фармулёўка мэт “мовай” вучня павінна суправаджацца прымяненнем дзеясловаў І асобы (буду ведаць, буду ўмець, змагу).

Для ацэнкі неабходны крытэрыі, таму трэба правяраць у вучняў толькі тое, што зададзена сукупнасцю прапанаваных ім крытэрыяў. Крытэрыі ацэнкі – гэта веды і ўменні, якія дзеці павінны засвоіць на працягу заняткаў.

У выкарыстанні актыўнай ацэнкі варта пераадольваць існуючыя цяжкасці, звязаныя з традыцыямі, прафесійнымі, псіхалагічнымі і ўзроставымі стэрэатыпамі.

На ўроку з выкарыстаннем метаду актыўнай ацэнкі настаўнік імкнецца атрымаць інфармацыю ад вучняў пра тое, у якой ступені яны валодаюць ведамі з пэўнага/сумежных прадметаў, на чым будзе будавацца вывучэнне новай тэмы. Такую інфармацыю можна атрымаць, напрыклад, з дапамогай тэста ці дыктоўкі (адказ 2 – 3 вучняў каля дошкі не дазволіць выявіць, як валодаюць матэрыялам усе дзеці). Важна дапамагчы ім самім убачыць ступень валодання неабходнымі ведамі і ўменнямі. Выяўленне прабелаў дапамагае арганізаваць паўтарэнне, карэкціруючую работу і ўдакладніць мэты ўрока.

Педагог вызначае, як вучні арыентуюцца ў новай тэме. Магчыма, школьнікі даведаліся штосьці з тэлеперадач, на занятках ва ўстановах дадатковай адукацыі, ад сваіх бацькоў. Калі даваць новы матэрыял без уліку суб’ектыўнага вопыту вучняў, то ім нецікава будзе слухаць тлумачэнне настаўніка.

Педагог паведамляе дзецям на іх “мове” мэту ўрока (можна, калі гэта апраўдана, далучыць школьнікаў да пастаноўкі мэт). Мэта запісваецца на дошцы. Дзецям прапануецца запісаць яе ў сшытках.

Настаўнік тлумачыць вучням крытэрыі поспеху (найчасцей гэта дыягнастычна сфармуляваная мэта ўрока), паведамляе, на што будзе звяртаць увагу ў індывідуальнай, парнай ці групавой рабоце школьнікаў і яе выніках.

Педагог фармулюе ключавое пытанне, расказвае вучням пра этапы ўрока і “рэперныя кропкі”, на якіх будзе кантроль/самакантроль, ацэнка/самаацэнка прамежкавых вынікаў. Затым настаўнік арганізуе вучэбна-пазнавальную дзейнасць вучняў, накіраваную на дасягненне вынікаў асобных этапаў і мэты ўрока, выхадны кантроль/самакантроль і карэкцыю выяўленых прабелаў. Пасля гэтага вучням прапануецца дыферэнцаванае дамашняе заданне, змест якога адпавядае поспехам і прабелам у выкананні выхаднога тэста, узбройвае дзяцей крытэрыямі паспяховага выканання заданняў. Затым настаўнік дапамагае вучням асэнсаваць іх дзейнасць.

Кацярына СІДА,

метадыст ВМК аддзела адукацыі, спорту і турызму Жабінкаўскага райвыканкама,

кандыдат псіхалагічных навук.