Дзеля вытворчай дзейнасці вучняў

17.12.2015
Больш за 11 тысяч долараў ЗША неўзабаве атрымае сярэдняя школа № 2 Маларыты, якая выйграла грашовы грант у І конкурсе мясцовых ініцыятыў праекта Еўрапейскага Саюза па праграме развіцця ААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. Спаборніцтва праводзілася ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі Беларусі, што рэалізуецца Міністэрствам эканомікі нашай краіны.

- Ініцыятывы ацэньваліся па некалькіх крытэрыях: адпаведнасць тэматычным напрамкам конкурсу, мэтазгоднасць, абгрунтаванасць і інавацыйнасць прапанаваных мерапрыемстваў, выніковасць ініцыятывы і ўстойлівасць яе вынікаў, узаемадзеянне заяўніка з іншымі арганізацыямі на мясцовым узроўні і насельніцтвам, - расказвае дырэктар сярэдняй школы № 2 Маларыты Любоў Куц. – На конкурс было пададзена 722 заяўкі, 594 з іх дапушчаны да ацэнкі. Толькі 87 ініцыятыў атрымаюць фінансаванне ў межах праекта, з іх 17 – у Брэсцкай вобласці.

- Наша ініцыятыва прысвечана арганізацыі вытворчай дзейнасці вучняў на базе школьнай майстэрні, - гаворыць настаўніца-куратар ініцыятывы Людміла Ярмашук. – Выдзеленыя Еўрапейскім Саюзам грашовыя сродкі пойдуць на мадэрнізацыю будынка школьных майстэрань, набыццё неабходнага абсталявання для кабінетаў тэхнічнай і абслуговай працы, азеляненне школьнай тэрыторыі. Такім чынам будзе ажыццяўляцца другасны занятак вучняў, якія падчас яго набудуць працоўныя навыкі, азнаёмяцца з асновамі прадпрымальніцкай дзейнасці, вывучаць алгарытм развіцця ўласнай справы.

Традыцыi працоўнага выхавання захоўваюцца i працягваюцца ва ўстанове адукацыі не адно дзесяцiгоддзе. Гэтыя традыцыі бяруць пачатак яшчэ з тых часоў, калi школа была дзiцячым домам. Цяпер маларыцкія вучнi могуць сабраць не толькі мэблю. У школьнай майстэрнi дзеці шыюць рабочыя рукавiцы, пасцельную бялізну, вышываюць, ткуць габелены, вырабляюць мяккiя цацкi, распiсваюць кухонныя дошкi, плятуць дыванкi i валейбольныя сеткi.

Адна з умоў атрымання фінансавай дапамогі ад арганізатараў праекта для яго рэалізацыі – сумеснае фінансаванне. 10% ад агульнага бюджэту мясцовай ініцыятывы павінна забяспечыць школа. Згодна з палажэннем, тэрмін рэалізацыі мясцовай ініцыятывы не павінен перавышаць 6 месяцаў з моманту падпісання дамовы аб супрацоўніцтве.

Мікалай НАВУМЧЫК,

намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце

Маларыцкай раённай гімназіі.