Пра дзікі авёс, жужаляў і многае іншае

16.12.2015
У Брэсцкім абласным цэнтры турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі падвялі вынікі XXIII абласнога конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ вучняў. Сёлета ў спаборніцтве прынялі ўдзел 60 выхаванцаў школьных навуковых таварыстваў, гурткоў, секцый і іншых аб’яднанняў экалагічнага профілю.

Навуковыя работы вучняў, прадстаўленыя на конкурс, з’яўляюцца вынікам уласных даследаванняў па вывучэнні і захаванні біялагічнай разнастайнасці, прыродных біяцэнозаў, вырашэнні лакальных і рэгіянальных праблем, выкарыстанні біялагічных і экалагічных тэхналогій і метадаў, аналізе актуальных праблем сучаснай біялогіі і экалогіі.

Конкурсныя работы абараняліся ў секцыях эксперыментальнай біялогіі (лабараторны і палявы эксперымент), экалогіі раслін, жывёл, урбанізаваных тэрыторый і рэсурсазберажэння, а таксама прыкладной экалогіі і водных сістэм.

Журы конкурсу складалася з выкладчыкаў БрДУ імя А.С.Пушкіна і БрДТУ. Пры ацэньванні навуковых работ вучняў спецыялісты ў галіне біялогіі і экалогіі ўлічвалі навізну і навуковую каштоўнасць даследаванняў, іх актуальнасць і практычную значнасць, самастойнасць выканання і кампетэнтнае выкладанне матэрыялу, афармленне навуковага даклада і нагляднага матэрыялу, адказы на пытанні.

Дыпломы І ступені атрымалі дзевяцікласнік Яўген Капыціч з Цэнтра дзіцячай творчасці Целяхан Івацэвіцкага раёна (“Дзікія віды аўса ва ўмовах Палесся Брэсцкай вобласці”), адзінаццацікласніца Марына Перац з сярэдняй школы № 15 Пінска (“Праблема загатоўкі і ўтылізацыі другасных матэрыяльных рэсурсаў у Пінску”), адзінаццацікласніца Дар’я Паўлоўская з ліцэя № 1 Баранавіч (“Ацэнка стану вады Жлобінскага возера і мерапрыемствы па яго паляпшэнні”), дзесяцікласніца Ангеліна Зосіч з сярэдняй школы № 2 Лунінца (“Аспекты вырошчвання і перапрацоўкі суніцы садовай на тэрыторыях, забруджаных радыенуклідамі”) і адзінаццацікласніца Кацярына Ляўковіч з сярэдняй школы № 16 Баранавіч (“Уплыў абіятычных фактараў на дынаміку летняй актыўнасці жужаляў”).

Фота аўтара.