Ад прагнозу да выніку

14.12.2015
На базе ўстаноў адукацыі Пінска прайшоў абласны семінар “Прагназаванне і планаванне як аснова кіравання развіццём сістэмы адукацыі”. Арганізатарамі мерапрыемства, у якім удзельнічалі намеснікі начальнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў, выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і абласны ІРА.

- Ад эфектыўнага прагназавання і планавання залежыць паспяховае развіццё ўстаноў адукацыі, - адзначыў першы намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі А.Ф.Жук. – У школах, гімназіях і дзіцячых садках Пінска назапашаны цікавы вопыт работы па розных напрамках кіраўніцкай і вучэбна-выхаваўчай дзейнасці. Напрацоўкі пінскіх педагогаў запатрабаваны ў вобласці.

- У Пінску дзейнічаюць 66 устаноў адукацыі, - расказаў начальнік гарадскога аддзела адукацыі, спорту і турызму Я.М.Мендзель. – Іх сетка задавальняе запыты вучняў і іх бацькоў у атрыманні якаснай адукацыі і рэалізацыі індывідуальных здольнасцей. У 33 дашкольных установах, большая частка якіх укамплектавана звыш нормы, выхоўваюцца каля 7 тысяч дзяцей. Праблема недахопу месцаў у дзіцячых садках надзвычай актуальная для мікрараёнаў-новабудоўляў. У дашкольных установах працуюць больш за 800 педагогаў, з якіх 70% маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю.

Школы і гімназіі наведваюць каля 15,9 тысячы дзяцей. З году ў год іх колькасць павялічваецца. Ва ўстановах адукацыі адкрыты 14 профільных класаў, у тым ліку педагагічныя, ваенна-патрыятычныя і прававыя. Пінскія вучні паказваюць добрыя вынікі ў цэнтралізаваным тэсціраванні, а школы ўваходзяць у рэспубліканскі рэйтынг лепшых па яго выніках. 72% мінулагодніх выпускнікоў сталі студэнтамі УВА.

- У Пінску вядзецца вялікая работа па выяўленні і падтрымцы адораных вучняў, - адзначыў Я.М.Мендзель. – Педагогі ганарацца дасягненнямі школьнікаў на прадметных алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях і інтэлектуальных конкурсах. З 2013 года на базе гімназій дзейнічаюць рэсурсныя цэнтры па падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд па 13 прадметах. Дзякуючы сістэмнай рабоце колькасць пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды вагаецца ў межах 50 на працягу апошніх гадоў.

Па словах Я.М.Мендзеля, эксперыменты і інавацыі сталі важнымі ўмовамі і сродкамі развіцця сістэмы адукацыі горада. Сёння інавацыйнымі пляцоўкамі Міністэрства адукацыі Беларусі з’яўляюцца 4 дашкольныя ўстановы, 5 школ і 2 гімназіі. 

Шмат увагі ўдзяляецца выхаваўчай рабоце. З 2010 года працуе гарадскі клуб “Равеснік – равесніку”, асноўная задача якога заключаецца ў рэалізацыі прафілактычных праграм у сферы здаровага ладу жыцця. На базе ўстаноў адукацыі дзейнічаюць 8 музеяў рознай накіраванасці, у тым ліку 2 народныя.

Патэнцыял музейнай педагогікі шырока выкарыстоўваецца ў выхаваўчай рабоце.

У сістэме адукацыі Пінска працуюць творчыя і таленавітыя педагогі, здольныя паспяхова ўвасабляць новыя ідэі ва ўсебаковым развіцці дзяцей. Амаль 77% настаўнікаў (а іх у школах каля 1,6 тысячы) маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, 2 педагогі з’яўляюцца настаўнікамі-метадыстамі. 2 педагогі – пераможцы абласнога і лаўрэаты рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Беларусі”. Добрыя вынікі пінскія настаўнікі дэманструюць у абласным конкурсе “Мультымедыйны ўрок у адукацыйнай практыцы педагогаў”. Па выніках 2014 года на гарадскую дошку гонару за высокія вынікі ў навучанні і выхаванні моладзі былі занесены гімназія № 3 імя В.З.Каржа, сярэдняя школа № 16 і яслі-сад № 10.

- Без належнага прагназавання і планавання сваёй дзейнасці немагчыма дасягнуць добрых вынікаў у ёй, - заўважыла намеснік начальніка па вучэбна-выхаваўчай рабоце гарадскога аддзела адукацыі, спорту і турызму Л.С.Былінская. – Прагназаванне і планаванне цесна ўзаемазвязаны. Рашэннем гарадскога Савета дэпутатаў зацверджана Праграма развіцця сістэмы адукацыі Пінска на 2012 – 2016 гады. Мэта праграмы – стварэнне аптымальных умоў для развіцця рэгіянальнай сістэмы адукацыі і механізмаў далейшай інтэграцыі ўстаноў адукацыі горада ў адукацыйную прастору краіны. Важнай умовай рэалізацыі праграмы з’яўляецца сумесная дзейнасць гарвыканкама, аддзела адукацыі, спорту і турызму, прадстаўнікоў навукі і культуры, бацькоў, усіх галін сацыяльнай сферы і грамадскіх арганізацый. У рамках праграмы рэалізоўваюцца розныя мерапрыемствы, накіраваныя на інфарматызацыю сістэмы адукацыі, рамонт і аснашчэнне ўстаноў мэбляй, вучэбна-метадычнымі дапаможнікамі і неабходным абсталяваннем. Многае з запланаванага ўжо зроблена.

На аснове праграмы складаецца план работы аддзела адукацыі, спорту і турызму на пэўны навучальны год. Ён з’яўляецца важнейшым лакальным дакументам, які ўлічвае дасягненні сучаснага менеджменту, педагогікі і іншых сацыяльна-гуманітарных навук. Вынікі рэалізацыі плана правяраюцца аналізам. У бягучым навучальным годзе гарадскі аддзел адукацыі, спорту і турызму працуе над стварэннем умоў для ўстойлівага функцыянавання і дынамічнага развіцця сістэмы адукацыі Пінска, якая задавальняе патрэбы асобы, грамадства і дзяржавы ў якаснай адукацыі з улікам зменлівай сацыякультурнай, эканамічнай і дэмаграфічнай сітуацыі.

Л.С.Былінская лічыць, што добры план характарызуецца не колькасцю і гучнасцю мерапрыемстваў, а іх педагагічнай мэтазгоднасцю і прадуманасцю, якія дазваляюць на аснове комплекснага падыходу ажыццяўляць узаемадзеянне аддзела і падведамных устаноў адукацыі.

У сярэдняй школе № 10, дзе праходзіла першая частка семінара, была арганізавана панарама сучасных адукацыйных практык 8 навучальных устаноў Пінска. Іх кіраўнікі азнаёмілі ўдзельнікаў мерапрыемства з цікавымі напрамкамі работы – ад планавання да рэалізацыі. Так, дырэктар сярэдняй школы № 12 Л.А.Ярашэвіч расказаў пра асаблівасці грамадзянска-патрыятычнага выхавання вучняў, якое рэалізоўваецца праз арганізацыю адукацыйнага працэсу ў класах прававой накіраванасці. Гэтыя класы дзейнічаюць з 2005 года на аснове чатырохбаковай дамовы паміж навучальнай установай, гарадскім аддзелам адукацыі, спорту і турызму, ГАУС і Акадэміяй МУС Беларусі. Арганізацыя такіх класаў дазваляе рэалізоўваць задачы дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання.

На працягу 8 гадоў гімназія № 3 імя В.З.Каржа, якую ўзначальвае І.М.Колб, з’яўляецца пераможцай гарадскога агляду-конкурсу на лепшую ўстанову адукацыі. Па выніках работы за 2008, 2010 – 2014 гады гімназія заносілася на гарадскую Дошку гонару. 80% педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. 23 вучні і 7 настаўнікаў адзначаны прэміяй спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў. Гімназісты вынікова ўдзельнічаюць у алімпіядным руху і інтэлектуальных конкурсах. Так, інтэлектуальны клуб “Што? Дзе? Калі?” з’яўляецца фіналістам чэмпіянату Еўропы 2014 года сярод школьнікаў. Узорны духавы аркестр “Школьныя гады” – стыпендыят спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі, пераможца заключнага этапу Рэспубліканскага конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” у 2015 годзе. Тэатральны калектыў “Зялёная карэта” – пераможца абласнога фестывалю тэатральнай творчасці “Тэатральны прыстанак” у 2014 годзе. Пералік дасягненняў пінскіх гімназістаў і іх педагогаў можна доўжыць і доўжыць.

Ёсць чым ганарыцца і калектыву сярэдняй школы № 16, на чале якога стаіць Г.В.Тарэлкін. Установа паспяхова ўдзельнічае ў гарадскіх аглядах-конкурсах на лепшую ўстанову адукацыі і па азеляненні прышкольнай тэрыторыі. Выхаванцы школы займаюць прызавыя месцы ў гарадскім аглядзе мастацкай самадзейнасці. 15 вучняў уключаны ў рэспубліканскі банк даных адоранай моладзі. На базе школы працуюць рэсурсныя цэнтры па геаграфіі, фізіцы і астраноміі. Каля 73% выпускнікоў паступаюць ва УВА. Па выніках ЦТ падрыхтаваны 2 стабальнікі. Вопыт работы школы прадстаўлены на старонках часопіса “Народная асвета”.

У сярэдняй школе № 1, якую ўзначальвае У.Я.Бойка, вялікая ўвага ўдзяляецца фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай рабоце. Ва ўстанове дзейнічаюць спартыўныя секцыі футбола, лёгкай атлетыкі, шашак, шахмат, баскетбола, валейбола і гімнастыкі. Настаўнік фізічнай культуры і здароўя І.К.Крывецкі назапасіў цікавы вопыт правядзення факультатыўных заняткаў “Гуляем у футбол”. Напрацоўкі педагога былі прадстаўлены на абласным і рэспубліканскім аглядах-конкурсах на лепшую арганізацыю фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў па папулярызацыі футбола і інш. Школьнікі вынікова выступаюць на спартакіядах.

Алімпійская адукацыя з’яўляецца складнікам агульнаадукацыйнай і прафесійнай падрыхтоўкі вучняў сярэдняй школы № 14 (дырэктар Г.Ю.Федаровіч). З 2009 года ва ўстанове дзейнічае клуб “Юны алімпіец”. Алімпійская тэматыка паспяхова інтэгруецца ў вучэбныя прадметы. Так, на ўроках беларускай і рускай мовы вучні складаюць тэксты, сказы і крыжаванкі з выкарыстаннем прафесійнай лексікі спартсменаў і спартыўных тэрмінаў, на ўроках беларускай літаратуры дзеці даведваюцца пра пісьменнікаў, якія маюць адносіны да фізічнай культуры. Руская літаратура знаёміць з роляй заняткаў спортам у жыцці А.С.Пушкіна. Біялогія стварае станоўчую матывацыю да спартыўнай падрыхтоўкі. Інфарматыка дазваляе скласці банк даных спарстменаў. Даныя аб дасягненнях спартсменаў выкарыстоўваюцца для пабудовы графікаў па фізіцы.

Педагогі гімназіі № 1 імя Ф.Я.Перца пад кіраўніцтвам А.А.Засіма паспяхова рэалізоўваюць інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі фарміравання медыякультуры вучняў ва ўмовах сучаснага інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі. Мэта праекта – павышэнне ўзроўню медыякультуры школьнікаў. Удзельнікі інавацыі ўпэўнены, што навучанне медыядасведчанасці дазваляе набыць навыкі, якія дапамогуць паспяхова асвоіць розныя прадметы: назіральнасць, крытычнае мысленне, камунікабельнасць, крэатыўнасць. У рамках праекта ў гімназіі дзейнічаюць медыябанк “Флэшка”, медыйнае агенцтва і інфармацыйнае бюро.

Сярэдняя школа № 3, якой кіруе А.М.Лабачэўская, з’яўляецца інавацыйнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі Беларусі па рэалізацыі праекта “Укараненне мадэлі фарміравання праектных уменняў вучняў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі сродкамі набораў ЛЕГА”. Школа – сертыфікаваная ўстанова міжнароднага праекта SPARE, член партнёрскай сеткі школ устойлівага развіцця, асацыяцыі “Аднаўляльная энергетыка Беларусі”. У навучальнай установе ажыццяўляецца праект інтэграванага навучання і выхавання “Азбука роўных магчымасцей”. На працягу некалькіх гадоў у школе рэалізоўваўся інавацыйны праект “Укараненне мадэлі стварэння крэатыўнага адукацыйнага асяроддзя па павышэнні фінансавай дасведчанасці вучняў”.

У сярэдняй школе № 15 (дырэктар Л.М.Дарашэнка) створана эфектыўная сістэма прафарыентацыйнай работы з 1 да 11 класа.

Удзельнікі семінара наведалі шэраг устаноў адукацыі Пінска. У яслях-садзе № 16, якім загадвае Л.М.Шуст, шмат увагі ўдзяляецца выхаванню культуры энергазберажэння ў дашкольнікаў. Дзеці змалку вучацца разумнай эканоміі і беражлівасці, рацыянальнаму выкарыстанню энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў, асвойваюць правілы карыстання вадой і электраэнергіяй, атрымліваюць элементарныя навыкі аб эканоміцы і фарміраванні сямейнага бюджэту. У садку створаны практычны цэнтр па энергазберажэнні “Зямля – наш агульны дом”, які складаецца з аднайменнага стэнда, гульні “Горад Эканомік” і гульнявога цэнтра “Эканом Дом”.

У сярэдняй школе № 18 рэалізоўваецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі актыўнай ацэнкі як сродку кагнітыўнага развіцця вучняў”. Па словах дырэктара ўстановы Ф.В.Радзіёна, мэта праекта заключаецца ў стварэнні сацыяльна-адукацыйнага асяроддзя, якое садзейнічае фарміраванню навыкаў актыўнай ацэнкі адукацыйных вынікаў вучняў на аснове іх кагнітыўнага развіцця. Акрамя таго, інавацыйная дзейнасць накіравана на развіццё прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў. У рабоце актыўна выкарыстоўваюцца інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі.

У гімназіі № 2, якую ўзначальвае А.У.Якімчук, створана крэатыўнае адукацыйнае асяроддзе, арыентаванае на ўсебаковае развіццё вучняў. 40 гадоў назад на базе тагачаснай школы № 5 была адкрыта музычная студыя. Неўзабаве ўстанова займела музычна-харавы ўхіл. Сёння вучні асвойваюць вакальна-інструментальную творчасць на факультатыўных занятках музычнай накіраванасці. У гімназіі паспяхова працуюць 7 творчых калектываў: узорны хор “Пралескі”, узорны аркестр народных інструментаў, ансамбль гітарыстаў, хоры малодшых класаў “Званочкі” і “Вясёлка”, вакальныя ансамблі “Натхненне” і “Вясёлка”. Вучні з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі розных фестываляў і конкурсаў.

Штогод каля 90% выпускнікоў гімназіі становяцца студэнтамі УВА. Выхаванцы ўстановы вынікова ўдзельнічаюць у алімпіядным руху і інтэлектуальных конкурсах. З 2009 года гімназія разам з Цэнтральным упраўленнем Германіі па справах школьнай адукацыі за мяжой рэалізоўвае ініцыятыву “Школы – партнёры будучыні”. Міжнароднае супрацоўніцтва садзейнічае развіццю адукацыйна-культурнага патэнцыялу педагогаў і вучняў. Даследчыя здольнасці гімназістаў фарміруюцца праз дзейнасць клуба маладога адкрывальніка. З 2003 года ва ўстанове, дзякуючы дамове з Ваеннай акадэміяй Беларусі, дзейнічаюць ваенна-патрыятычныя класы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.