Пачатак вялікага шляху

12.12.2015
“Мы адказваем за тое, чаму навучылі”, - пад такім дэвізам у канферэнц-зале Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў адбылася сустрэча маладых педагогаў горада над Бугам з прадстаўнікамі органаў кіравання адукацыяй, кіраўнікамі школ, дзіцячых садкоў і галіновай прафсаюзнай арганізацыі, ветэранамі педагагічнай працы. Мерапрыемства “Малады педагог: пачатак працоўнай дзейнасці” праходзіла ў фармаце адкрытага мікрафона па ініцыятыве гарадскога аддзела адукацыі, спорту і турызму, гаркама Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі пры ўдзеле саветаў ветэранаў працы і маладых педагогаў устаноў адукацыі Брэста.

На працягу трох гадзін удзельнікі сустрэчы шукалі адказ на пытанне “Якім павінен быць сучасны малады педагог?” Адкрыў мерапрыемства начальнік гарадскога аддзела адукацыі, спорту і турызму А.М.Наскоў, які падрабязна расказаў аб развіцці і праблемах адукацыйнай галіны Брэста. Сёння ў абласным цэнтры дзейнічаюць 124 установы адукацыі, дзе працуюць каля 6,5 тысячы педагогаў. “Іх паспяховасць залежыць ад адказнасці і працавітасці кожнага”, - упэўнены Анатоль Міхайлавіч.

- Сёння часта можна пачуць, што, маўляў, быць педагогам непрэстыжна, ім мала плацяць, а вось чыноўнікі жывуць шыкоўна, - адзначыў А.М.Наскоў. – Гэта няпраўда. Заробак начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму ніжэйшы за заробак дырэктара звычайнай школы. Але адказнасць паміж імі несувымерная. Канечне, настаўніцкая праца цяжкая. А маладым педагогам яшчэ цяжэй. Пачынаць працоўную дзейнасць заўсёды складана. Але гэта не павінна адпужваць. Галоўнае – добрасумленна выконваць сваю работу.

- Патрабаванні да маладых педагогаў абумоўлены імклівым развіццём сучаснага свету, - заўважыла дырэктар сярэдняй школы № 22 Брэста С.Я.Ярмошык. – Сучаснаму настаўніку неабходна пастаянна вучыцца, авалодваць новымі ведамі, уменнямі і навыкамі. Толькі высокаадукаваны і высокаэрудзіраваны педагог можа выхаваць мэтанакіраваных і паспяховых вучняў. Галоўнае – не нашкодзіць, скіраваць патэнцыял кожнага дзіцяці ў карыснае рэчышча. Акрамя таго, малады педагог павінен умець аналізаваць уласную дзейнасць, крытычна ацэньваць яе. Асноўная задача – выпрацаваць асабісты педагагічны почырк і непахісную матывацыю да настаўніцкай работы.

Маладыя педагогі гаварылі не толькі пра поспехі, але і праблемы. Маналогі настаўнікаў былі даверлівымі і шчырымі:

- Адчуваю вялікае шчасце, што знайшла сябе ў любімай прафесіі.

- Настаўніцкая работа складаная, але цікавая. Дзякуй за падтрымку адміністрацыі і калегам.

- Дзякуючы добраму багажу ведаў, атрыманаму ва ўніверсітэце, паспяхова пачала працоўную дзейнасць.

- Дзеці чакаюць ад настаўніка не толькі ведаў, а найперш жывых зносін.

- Адчуваеш вялікую радасць ад таго, што бачыш вынікі сваёй работы на ўдзячных тварах дзяцей.

- Не трэба скардзіцца на цяжкую работу. Варта добра працаваць, актыўна ўдзельнічаць у розных семінарах і конкурсах. І вынік абавязкова будзе.

- Заробак – не асноўны матыў для добрай работы. Галоўнае – быць настаўнікам, які якасна выконвае даручаную справу.

- Хочацца часцей чуць парады ад вопытных калег.

Сваім бачаннем сучаснага маладога педагога падзяліліся школьнікі. На іх думку, малады настаўнік павінен крочыць у нагу з моладдзю, даносіць вучэбны матэрыял у зразумелай форме, далучаць да карыснай дзейнасці, валодаць глыбокімі ведамі, быць сапраўдным сябрам, добрым і строгім адначасова, спагадлівым, справядлівым, прагрэсіўным, вясёлым, прыгожым, смешным, з пачуццём гумару.

А вось сённяшнія кіраўнікі школ прызналіся, што бачаць маладых педагогаў творчымі, цікавымі, шчырымі, тэхнічна дасведчанымі, зацікаўленымі, здольнымі да самаўдасканалення і самаадукацыі, ініцыятыўнымі і назіральнымі. Маладыя настаўнікі павінны любіць дзяцей і імкнуцца да кар’ернага росту, вучыцца аддаваць і дарыць. А галоўнае – па-сапраўднаму ўлюбіцца ў школу і ўлюбіць у яе вучняў.

Старшыня гаркама галіновага прафсаюза І.А.Жак расказала аб ролі прафсаюзнай арганізацыі ў развіцці сацыяльнай актыўнасці маладых спецыялістаў:

- З мэтай садзейнічання ў прафесійным станаўленні і развіцці маладых педагогаў, абароны іх прафесійных і сацыяльных інтарэсаў, рэгулярнага ўдзелу моладзі ў сумеснай дзейнасці прафсаюзнай арганізацыі і ўстаноў адукацыі быў створаны Савет маладых педагогаў устаноў адукацыі Брэста. Сучаснае грамадства ставіць перад моладдзю задачы, якія патрабуюць актыўнага ўзаемадзеяння з людзьмі і сацыяльнымі інстытутамі ў эканамічнай, палітычнай і духоўнай сферы.

Удзел у дзейнасці прафсаюзнай арганізацыі дазваляе моладзі ўдасканальваць навыкі зносін з людзьмі і каманднай работы, развіваць такія якасці, як ініцыятыўнасць, крэатыўнасць, мэтанакіраванасць, раскрыць творчы і спартыўны патэнцыял. Акрамя таго, прафсаюзная арганізацыя ўключае ў сістэму сацыяльных адносін і дазваляе спасцігаць новыя сацыяльныя ролі, бярэ на сябе абарону сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў, падтрымлівае сацыяльныя ініцыятывы, дапамагае развіць лідарскі і творчы патэнцыял асобы, сфарміраваць актыўную жыццёвую пазіцыю.

Маладыя прафсаюзныя актывісты маюць магчымасць атрымаць вопыт кіраўніцкай дзейнасці, пабудаванай на прынцыпе калегіяльнасці, праз удзел у калектыўных перамовах і рабоце розных камісій, распрацоўку лакальных нарматыўных прававых актаў ва ўстановах адукацыі.

Сістэма прававога ўсенавуча накіравана на фарміраванне сацыяльнай кампетэнтнасці. Асаблівая роля адводзіцца прафсаюзным урокам па актуальных пытаннях працоўнага заканадаўства.

У рамках сумеснай дзейнасці Савета маладых педагогаў, раённых і гарадскога аддзелаў адукацыі, спорту і турызму адбыліся дзве сустрэчы маладых настаўнікаў Брэста і Партызанскага раёна Мінска, падчас якіх праходзіў абмен вопытам. Нядаўна стартаваў праект “Педагагічныя дынастыі Брэста”. Мэта праекта – прапаганда педагагічнай прафесіі, павышэнне яе прэстыжу, абагульненне перадавога педагагічнага вопыту.

Развіццё сацыяльнай актыўнасці маладых спецыялістаў немагчыма без канструктыўнага дыялогу паміж сацыяльнымі партнёрамі. Такі дыялог наладжаны і дазваляе ўдасканальваць калектыўна-дагаворныя адносіны.

Не засталіся ўбаку ад абмеркавання тэмы сустрэчы і ветэраны педагагічнай працы – былыя кіраўнікі школ і аддзелаў адукацыі, спорту і турызму. Вопытныя калегі расказалі пра шлях у прафесію, падзяліліся рэцэптамі паспяховай педагагічнай дзейнасці і пажадалі маладой змене ўдачы і цярпення ў дасягненні прафесійных вышынь.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.