9 мільёнаў за бізнес-ідэю

08.12.2015
Больш за 50 праектаў камерцыйнай і сацыяльнай накіраванасці было прадстаўлена на І Рэспубліканскім форуме маладзёжнага стартап-руху, які прайшоў на базе Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. Распрацоўшчыкі крэатыўных і інавацыйных ідэй з ліку студэнцкай моладзі атрымалі цудоўную магчымасць пазнаёміцца з аднадумцамі, знайсці інвестыцыйную падтрымку бізнес-праектаў рознай праблематыкі, адпрацаваць навыкі прадпрымальніцкай дзейнасці і прэзентацыйныя ўменні.

- У нашай краіне шмат увагі ўдзяляецца пытанням удасканалення практыка-арыентаванага навучання і адаптацыі выпускнікоў да практычнай дзейнасці, - адзначыў, адкрываючы форум, міністр адукацыі Беларусі М.А.Жураўкоў. – Але без сумесных намаганняў сістэмы адукацыі і бізнес-супольнасці вырашэнне гэтых пытанняў немагчыма. Сёння ў многіх УВА краіны актыўна развіваецца стартап-рух, які дапамагае ініцыятыўнай і мэтанакіраванай моладзі самарэалізавацца ў сучасным зменлівым свеце і быць запатрабаванай на рынку працы. У студэнтаў заўсёды шмат цікавых і смелых ідэй. Форум – цудоўная пляцоўка для іх паказу і набыцця каштоўнага вопыту бізнес-праектавання.

Прэзентацыя праектаў праходзіла ў 2 секцыях (“Бізнес-праект” і “Сацыяльны праект”) у фармаце краш-тэстаў, што дазволіла пачынаючым бізнесменам вызначыць узровень перспектыўнасці сваіх прапаноў, атрымаць рэкамендацыі па іх удасканаленні і гранд на рэалізацыю задуманага. Найбольшай папулярнасцю ў распрацоўшчыкаў карысталіся сферы высокіх тэхналогій, адукацыі і турызму. Для ўвасаблення праектаў патрабуецца ад адной і вышэй тысячы амерыканскіх долараў.

Наватарскія ідэі ацэньваў экспертны савет на чале з міністрам адукацыі Беларусі М.А.Жураўковым. У склад савета ўвайшлі патэнцыяльныя інвестары і вядучыя спецыялісты ў галіне прадпрымальніцтва. Акрамя таго, падтрымаць маладзёжныя ідэі прыехалі вядучыя бізнесмены Брэстчыны і іншых рэгіёнаў краіны, прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі і эканомікі. Брэсцкі аблвыканкам выказаў зацікаўленасць у рэалізацыі рэнтабельнага праекта, які прадугледжвае стварэнне ў вобласці новых рабочых месцаў. Запрошаныя эксперты і патэнцыяльныя інвестары правялі для ўдзельнікаў форуму майстар-класы па прасоўванні сваіх ідэй і ўвасабленні іх у жыццё.

У ПалесДУ вядзецца сістэматычная работа па кансультаванні і падтрымцы маладзёжных інавацыйных праектаў у рамках стартап-школы і інвест-уікенда, якія пазіцыянуюцца як дзелавыя мерапрыемствы, накіраваныя на рэалізацыю гэтых праектаў, укараненне новых тэхналогій і падтрымку інавацыйнай інфраструктуры. Праекты распрацоўваюцца на базе навуковых лабараторый універсітэта і ў межах праектных груп, сфарміраваных пад пэўную бізнес-ідэю з ліку студэнтаў розных спецыяльнасцей. Паўгадавы цыкл мерапрыемстваў дазваляе актывізаваць выкананне курсавых работ па заказе рэальнага сектара эканомікі з наступным укараненнем вынікаў у практычную дзейнасць прадпрыемстваў. За 2 гады былі падрыхтаваны 49 праектаў (5 рэалізаваны), пераважна біятэхналагічнага кірунку.

На форуме студэнты ПалесДУ прэзентавалі шэраг цікавых праектаў: “Палеская скарбніца” (музей рамесніцтва), “Дызайн-вытворчы комплекс па стварэнні фітакампазіцый”, “Вытворчасць касметыкі ручной работы”, “Развіццё пчалярства на базе аграсядзібы”, “Школа скандынаўскай хадзьбы”, “Мабільная лабараторыя здароўезберажэння” і інш.

Было што паглядзець і ў студэнтаў іншых УВА. Так, прадстаўнікі БНТУ азнаёмілі з праектамі “Інавацыйнае пакрыццё аўтамабіляў з прымяненнем тэхналогіі “Пласці Дып”, “Студэнцкае бюро праектавання крэатыўнай упакоўкі” і “Адукацыйныя наборы па робататэхніцы”. Шмат адметных ідэй паказалі студэнты БДТУ (“Тэрмамеханічна мадыфікаваная драўніна для вырабу знешняга слою паркета”, “Удасканаленне існуючай вытворчасці фанеры”, “Керамічныя мембраны для мікрафільтрацыі вадкіх і газавых асяроддзяў”, “Мабільны дадатак “TravelTel”), БДЭУ (“Сэрвіс па дастаўцы ежы з кафэ і рэстаранаў”, “Мабільны дадатак “GoodBYdrinks”, “Нацыянальная кухня як фактар павышэння прывабнасці беларускай індустрыі гасціннасці”, “Закон чысціні: выраб папяровага посуду”), БарДУ (“Агенцтва віруснай рэкламы”, “Вытворчасць паліўных палет”, “Вытворчасць кукурузных палачак”, “Дзіцячы садок сямейнага тыпу “Alice kinder garden”), БрДУ імя А.С.Пушкіна (“Звод помнікаў Вялікай Айчыннай вайны”, “Інтэрактыўная сістэма правядзення экскурсій па Беларусі “Welcome to Belarus”, “Інтэграванае навучанне малодшых школьнікаў англійскай мове ва ўмовах устаноў дадатковай адукацыі”, “Вялікая лятучка: журналістыка без межаў”, “Тэлевізійны прафарыентацыйны праект “Я змагу!”, “Студэнцкае радыё (інтэрнэт-радыё) “Тваё радыё”, “Адаптацыя да ўмоў экстрэмальнай прафесійнай дзейнасці”), БДУ, БДУІіР, ГДУ імя Ф.Скарыны, ГрДУ імя Янкі Купалы і ВДУ імя П.М.Машэрава.

Трэба адзначыць, што падчас краш-тэстаў маладым распрацоўшчыкам давялося выслухаць шмат крытычных і цалкам апраўданых заўваг з боку прадстаўнікоў Міністэрства эканомікі Беларусі і патэнцыяльных інвестараў-бізнесменаў. Як правіла, недахопы праектаў заключаліся ў адсутнасці ўнікальных пераваг, нізкай эканамічнай эфектыўнасці, інавацыйнай прывабнасці і рыначнай запатрабаванасці, недастатковай маркетынгавай прадуманасці, непераканаўчасці і недаўгавечнасці. Студэнты пачулі карысныя парады па ўдасканаленні прапанаваных распрацовак.

Па выніках форуму некаторыя з яго ўдзельнікаў атрымалі грашовыя сертыфікаты ў памеры 9 мільёнаў рублёў і былі адзначаны ў розных намінацыях.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.