Добрая школа жыцця

03.12.2015
У Брэсцкім гарвыканкаме ўрачыста падвялі вынікі трэцяга працоўнага семестра студэнцкай моладзі. У мерапрыемстве ўдзельнічалі члены студатрадаў УВА і ПТНУ, ветэраны будатрадаўскага руху, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, якія забяспечвалі працоўную занятасць моладзі.

Беларуская моладзь актыўна працягвае слаўныя традыцыі старэйшага пакалення, закладзеныя ў 50-ыя гады мінулага стагоддзя пры асваенні цаліны ў Казахстане. Вялікую ролю ў гэтым адыгрывае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Брэсцкая гарадская арганізацыя БРСМ праводзіць актыўную работу па працаўладкаванні моладзі ў вольны ад вучобы час. Штогод, пачынаючы з лютага, ажыццяўляюцца пошук неабходных вакансій і збор інфармацыі аб студэнтах, якія жадаюць працаўладкавацца ў час канікул.

Сёлета брэсцкая моладзь працавала ў Беларусі і за яе межамі. Юнакі і дзяўчаты спрабавалі сябе ў ролі муляраў і маляраў, тынкоўшчыкаў і цесляроў, слесараў і электрамантажнікаў. Студэнты клапаціліся аб дзецях у дзіцячых аздараўленчых летніках, працавалі прадаўцамі, сарціроўшчыкамі і кансультантамі.

У рамках трэцяга семестра былі працаўладкаваны 2270 чалавек і арганізаваны 115 атрадаў (28 будаўнічых, 9 педагагічных, 77 сэрвісных і адзін сельскагаспадарчы). Так, студэнты працавалі на ўзвядзенні аб’ектаў Беларускай атамнай электрастанцыі ў пасёлку Астравец Гродзенскай вобласці, у аздараўленчым летніку “Ейск” у Расіі і інш.

Падчас урачыстага сходу лепшыя студэнцкія атрады былі ўзнагароджаны. Сярод іх – будаўнічыя атрады імя Зіновія Калабанава і Веры Харужай з БрДТУ (камандзіры Максім Утрата і Андрэй Артысюк), педагагічны атрад “Рыа” з БрДУ імя А.С.Пушкіна (камандзір Кацярына Скарук), сельскагаспадарчы атрад “Аграрый” (камандзір Павел Трафімук) і сэрвісны атрад “Леснікі” з Брэсцкага дзяржаўнага ПТК прыборабудавання (камандзір Багдан Масечка). Акрамя таго, былі адзначаны прадпрыемствы і арганізацыі Брэстчыны, якія ў складаных эканамічных умовах забяспечылі работай студэнцкую моладзь.

На працягу апошніх гадоў назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да павелічэння колькасці моладзі, занятай у трэцім працоўным семестры. У параўнанні з 2012 годам агульная колькасць працаўладкаваных юнакоў і дзяўчат павялічылася на 750 чалавек.

Удзел моладзі ў рабоце будаўнічых, педагагічных і валанцёрскіх атрадаў – гэта не толькі спосаб зарабіць грошы ўласнай працай, але і добрая школа, якая дазваляе на аснове вопыту старэйшага пакалення будатрадаўскага руху адчуць далучанасць да працоўных здзяйсненняў сучаснай Беларусі, дзелавую атмасферу рабочага калектыву, непаўторны дух студэнцкага жыцця, які застанецца ў памяці на доўгія гады.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.