На адной мове

26.11.2015
Памежжа разглядаюць і даследуюць у розных ракурсах і кантэкстах: гістарычным, геаграфічным, геапалітычным, культуралагічным, лінгвістычным і інш. Памежжа, на думку навукоўцаў, перарастае сёння ў полікультурную прастору, дзе некалькі традыцыйных структур у дынамічным узаемадзеянні ствараюць новую рэальнасць, бо перасякаюцца, накладваюцца, узаемадзейнічаюць і істотна ўплываюць адна на адну. У выніку гэтага ў памежнай прасторы ўзнікае новы геакультурны ландшафт, які актыўна вывучаюць, даследуюць многія навукоўцы, у тым ліку кандыдат педагагічных навук М.П.Жыгалава з кафедры педагогікі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна.

У рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва паміж Польшчай Беларуссю і Украінай Марыя Пятроўна была навуковым кіраўніком (з беларускага боку) сумеснага міжнароднага праекта “Культура памежжа – інтэграцыйны мост паміж мясцовымі супольнасцямі ў еўрарэгіёне Буг”. Вынікам рэалізацыі праекта стала кніга “Народныя песні польска-беларускага памежжа”, якая нядаўна ўбачыла свет у польскім Любліне. У зборнік увайшлі 15 навуковых артыкулаў і больш за 80 песень на беларускай, рускай, польскай і ўкраінскай мовах, а таксама на мясцовым дыялекце.

Партнёрамі праекта выступілі аддзел культуры і адукацыі гміны Вішніца (Польшча), аддзелы ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага і Маларыцкага райвыканкамаў, аддзяленне ўкраіністыкі і русістыкі Інстытута славянскай філалогіі ўніверсітэта Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне і БрДУ імя А.С.Пушкіна.

Беларускія і польскія навукоўцы даследавалі мультыкультурную прастору беларуска-польскіх рэгіёнаў, у прыватнасці Брэсцкага, Маларыцкага і Камянецкага раёнаў. Так, песенную творчасць Маларытчыны вывучалі М.П.Жыгалава і Л.В.Лаўрэенка з БрДУ імя А.С.Пушкіна. На аснове атрыманых вынікаў навукоўцы прыйшлі да высновы аб агульнай тэматыцы і праблематыцы поліэтнічнай песеннай творчасці Маларытчыны і сумежных рэгіёнаў, вызначылі ролю народнай песні ў мультыкультурным соцыуме памежжа, засяродзілі ўвагу на філасофіі жыцця, адлюстраванай у песнях.

Падчас аднаго з семінараў, праведзеных у рамках праекта, адбылася прэзентацыя творчай дзейнасці музычных калектываў Польшчы (фальклорны ансамбль гміны Вішніца) і Беларусі (народны ансамбль народнай песні “Рыцкі куфэрак”). У Польшчы гучалі песні на рускай, беларускай, украінскай і польскай мовах пра вечныя каштоўнасці жыцця. Песні, выкананыя калектывамі, пацвердзілі асноўную ідэю праекта: усе душы гавораць на адной мове.

Мікалай НАВУМЧЫК,

намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце

Маларыцкай раённай гімназіі.