Калі шчасце ў дзецях

26.11.2015
Сям’ю Паўлючыкаў ведаю даўно. Алена Мікалаеўна і Міхаіл Міхайлавіч не адзін год працуюць у сярэдняй школе № 1 Маларыты. Ён выкладае тэхнічную працу, яна – гісторыю. Паўлючыкі выхоўваюць траіх дзяцей. Звычайная, на першы погляд, сям’я. Як і ўсе. Калі не лічыць, што гэтых дзяцей Алена Мікалаеўна і Міхаіл Міхайлавіч усынавілі.

- Любоў, пяшчота, клопат, спагада, шчырасць, цяпло ва ўзаемаадносінах – усё гэта ў нас было з мужам, - шчыра расказвае Алена Мікалаеўна, на вачах якой выступаюць слёзы. – Толькі не было тых, з кім гэтым можна падзяліцца. Для поўнага шчасця не хапала сына ці дачушкі. Гады абследаванняў, мноства аналізаў, працяглае лячэнне… Прыгавору пра бясплоднасць не было. Нас пераконвалі: “У вас абавязкова атрымаецца!” Час ішоў. Дні, месяцы і нават гады невыносных, пакутлівых, да болю нясцерпных спадзяванняў і мар. І ўсё дарэмна. І зноў – не! Колькі было праліта слёз! А сэрцу так хацелася дзіцячага смеху. Так хацелася падарыць сваю любоў таму, каго ў доме не было.

Так прыйшло жаданне ўзяць дзіця з інтэрната.

- Рашэнне прымалі разам, - працягвае Алена Мікалаеўна. – Нашы бацькі гэтую ідэю з самага пачатку не вельмі падтрымлівалі. Але мы ўсё ж рызыкнулі. І цяпер пра гэта не шкадуем. Першай пра ўсынаўленне загаварыла я. З гэтай думкай жыла недзе з год. Яна не давала мне спакою ні дня. Ныла, балела, шчымела… У лютым 2003 года мы падалі неабходныя дакументы. І амаль праз 2 месяцы ў нас з’явілася Віка. Гэта было на праваслаўнае свята Дабравешчанне. Добрая вестка прыйшла ў наш дом.

У пакой уваходзіць Віка. Размова на нейкі момант перапыняецца. Я не ведаю, як сябе паводзіць, што пытацца.

- Віка ўсё ведае, таму смела можна гаварыць у яе прысутнасці. Таямніц і сакрэтаў у нас няма ніякіх, - гаворыць Алена Мікалаеўна.

Сёння дзяўчынцы 14 гадоў. Яна вучыцца ў 9 класе. У сям’ю Паўлючыкаў трапіла 12 гадоў назад. Спачатку прыёмныя бацькі нічога не гаварылі дачцэ пра яе мінулае. Збіраліся зрабіць гэта, калі дзяўчынка падрасце. Але іх аднойчы апярэдзілі аднакласнікі Вікі. У час школьнага перапынку “адкрылі” ёй вочы. У той дзень дзяўчынка з заняткаў прыйшла як не свая, сумная, без настрою. Таму Паўлючыкі вырашылі шчыра пагаварыць і расказаць усю праўду ёй самі. Віка ўважліва выслухала і ўспрыняла сваю мінулую гісторыю мужна. Толькі буйныя слязінкі выкаціліся з вачэй. Пасля гэтага адносіны да прыёмных бацькоў не змяніліся. Больш за тое, дзяўчынка стала больш ласкавай і ўважлівай да іх.

Мінула 8 гадоў. Неяк, седзячы ля тэлеэкрана, Міхаіл Міхайлавіч глядзеў надакучлівую рэкламу. Але на адну з іх чамусьці звярнуў асаблівую ўвагу, засяродзіўся. Там гаварылася пра тое, што дзецям, якія жывуць у прытулках, патрабуюцца бацькі, цёплы дом, увага і ласка. “Яны вельмі чакаюць і спадзяюцца, – даносіліся словы рэкламы. – Дапамажы ім, калі можаш. Падары надзею, сваё сэрца”. Гэтыя словы вельмі кранулі мужчыну. Аднаго дзіцяці для поўнай сям’і, на думку Міхаіла Міхайлавіча, мала. Таму ён прапанаваў жонцы ўзяць яшчэ аднаго хлопчыка ва ўзросце да года.

- Знаёмыя сталі традыцыйна пужаць, што з двума прыёмнымі дзецьмі будзе надзвычай цяжка, - успамінае Алена Мікалаеўна. – Але мы ўжо прайшлі своеасаблівую школу. Так хацелася чуць у доме шчаслівы смех яшчэ аднаго маленькага чалавечка.

У адпаведных інстанцыях, куды Паўлючыкі звярнуліся, сказалі, што ім давядзецца доўга чакаць. Але на дзень нараджэння Міхаіла Міхайлавіча неспадзявана патэлефанавалі з Цэнтра ўсынаўлення і сказалі, што ёсць двое дзяцей. Можна нават выбраць. Хутка Паўлючыкі былі ўжо там. Яны вельмі спадзяваліся, што выбраць “сваё дзіця” падкажа, дапаможа сэрца. Спачатку паказалі дзяўчынку Валерыю. Пры гэтым сказалі, што тут яшчэ ёсць яе малодшы брацік. Медсястра завяла ў групу да дзяцей і жартам сказала: “Якога выбераце, той будзе ваш”. Алена Мікалаеўна па толькі ёй вядомых прыкметах беспамылкова паказала на хлопчыка, які быў брацікам дзяўчынкі.

- Перад намі стаяў няпросты выбар: узяць хлопчыка ці дзяўчынку альбо абодвух разам, – гаворыць Алена Мікалаеўна. – Не разумею, як бацькi такiх цудоўных дзетак маглi кiнуць? Параіўшыся з мужам, вырашылі забраць і хлопчыка, і дзяўчынку. Хіба ж можна разлучаць брата і сястру?

Цяпер Валерыі 7 гадоў, а Сашу – 5. Дзеці называюць бацькоў толькі татай і мамай. І ніякіх іншых мам і татаў ведаць не жадаюць! І хоць не бывае ў жыццi ўсё так гладка, як у казцы, але Паўлючыкі ўпэўнены, што яны па-сапраўднаму шчаслівымі сталі толькі тады, калі ў іх доме стала трое дзяцей.

Лёсы ў дзяцей нялёгкія, трагічныя. Нават у жахлівым сне нельга ўявіць, што так са сваімі роднымі дзецьмі маглі паступіць бацькі. Напрыклад, аднаго з іх забралі ад біялагічных бацькоў у 9-месячным узросце. Немаўля зімой пры 15-градусным марозе знайшла выпадкова міліцыя ля аднаго з пад’ездаў шматпавярховага дома. Дзіця захварэла двухбаковым запаленнем лёгкіх, атытам, было худым, часта хварэла.

Сёння Віка, Валерыя і Саша адчуваюць сябе добра. Яны апрануты, дагледжаны, накормлены. У кожнага з іх ёсць уласны пакой з безліччу цацак. Віка, Валерыя і Саша дапамагаюць бацькам даглядаць за рыбкамі ў акварыумах, 5 катамі, папугаем, хамячком, а летам разам працуюць у садзе і на агародзе. Штогод дзеці абавязкова адпачываюць у санаторыі.

А самае, пэўна, галоўнае тое, што Віка, Валерыя і Саша штохвілінна адчуваюць любоў, ласку і пяшчоту. Яны шчаслівыя. І шчасце ім падарылі Алена Мікалаеўна і Міхаіл Міхайлавіч.

- Як бы я цяпер жыла без сваіх дачушак і сыночка? Цяжка і немагчыма такое ўявіць нават, - гаворыць Алена Мікалаеўна. – Пераканалася, што страшна не шмат дзяцей мець, а страшна застацца аднаму. Цяпер нам з мужам ёсць дзеля каго жыць.

…Адыходзячы, на развітанне да мяне падбегла Валерыя і прашаптала на вуха: “А тата і мама ў нас самыя лепшыя. Праўда?”. У знак згоды я кіўнуў галавой.

Мікалай НАВУМЧЫК,

намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце

Маларыцкай раённай гімназіі.

НА ЗДЫМКУ: дружная сям’я Паўлючыкаў.