І настаўнік, і старэйшы сябар
26.11.2015Бадай, у кожнага чалавека ёсць любімы настаўнік, у якім мы цэнім не толькі прафесіяналізм, але і чалавечыя якасці, адносіны да дзяцей і жыцця. Вось так і на ўрокі А.М.Вальфсона, настаўніка рускай мовы і літаратуры з 35-гадовым стажам, старшакласнікі гімназіі № 1 Брэста заўсёды спяшаюцца з радасцю і цікавасцю. Для іх ён не проста педагог, а старэйшы сябар!
Алег Міхайлавіч падчас тлумачэння тэмы ўрока ўмее зацікавіць, натхніць і нават рассмяшыць. На занятках педагога ніколі не бывае дыскамфортнай напружанасці. Вучэбны матэрыял запамінаецца без прымусу.
Адзінаццацікласнікі ахвотна расказваюць пра свайго настаўніка.
- Алег Міхайлавіч заўсёды падрабязна тлумачыць матэрыял, умела звязвае розныя тэмы. Мы заўсёды даведваемся шмат новага і цікавага. Яго ўрокі не падобныя адзін да аднаго. Гэта выдатны настаўнік! Ён заўсёды добры, ніколі дрэннага слова не скажа. Дапамагае, падказвае… - гаворыць Ганна Рымашэўская.
- Гэта вельмі цікавы, адукаваны, разумны і мудры чалавек, які шмат ведае і якога заўсёды прыемна слухаць, - дадае Станіслаў Касько.
- Алег Міхайлавіч – надзвычай адкрыты чалавек. Гэта важна для настаўніка. Яго манера выкладання адрозніваецца ад іншых педагогаў. Урокі гэтага настаўніка запамінаюцца надоўга. Ён ніколі не павышае голас. З ім прыемна размаўляць! – заўважае Станіслаў Сосік.
- Гэта чалавек, які мае ўласны погляд на сістэму адукацыі і тое, як трэба весці ўрокі. Нам не трэба зубрыць правілы. Алег Міхайлавіч адразу пераходзіць да практычных заданняў, каб вучні разумелі, як паводзіць сябе ў пэўнай моўнай сітуацыі. Настаўнік цікава падае і біяграфію пісьменніка, і аналіз літаратурнага твора. Заслухацца можна! – заўважае Раман Пузанаў.
А.М.Вальфсон падрыхтаваў больш за 30 пераможцаў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, а таксама прызёраў міжнародных алімпіяд і конкурсаў. У 2006 годзе ён атрымаў званне “Чалавек года Брэсцкай вобласці ў сферы адукацыі”. Педагог узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”, двойчы станавіўся лаўрэатам прэзідэнцкай прэміі і Міжнароднага Пушкінскага конкурсу для настаўнікаў рускай мовы і літаратуры краін СНД і Балтыі. Артыкулы Алега Міхайлавіча па методыцы выкладання рускай мовы і літаратуры друкуюцца на старонках не толькі айчынных навукова-метадычных выданняў.
У невялікім зборніку эсэ, выдадзеным па выніках Міжнароднага Пушкінскага конкурсу, цікава азнаёміцца з артыкулам А.М.Вальфсона “Язык.ru. Нужен ли русский язык компьютерному поколению?”, дзе аўтар прызнаецца, што да сваёй прафесіі прыйшоў не адразу.
Алег Міхайлавіч нарадзіўся ў 1950 годзе ў ваенным гарадку пад Бабруйскам. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў Брэсце вучыўся ў ваеннай УВА і Рыжскім політэхнічным інстытуце. Працаваў на заводзе токарам, служыў у арміі, узнагароджаны медалём “За воінскую доблесць”. Але знайшоў сваё прызванне А.М.Вальфсон толькі тады, калі паступіў на філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна.
- Я – настаўнік рускай славеснасці, бо мова і літаратура, па сутнасці, з’яўляюцца адным прадметам, - гаворыць Алег Міхайлавіч. – Вось цытуеш нейкі прыгожы радок і тут жа пачынаеш тлумачыць, якія ў ім ёсць моўныя складанасці.
Любоў да слова захапіла будучага педагога яшчэ ў дзяцінстве. Чатырохгадовага Алега ведалі ва ўсіх бібліятэках горада. У кніжны храм дашкольнік прыйшоў сам і стаў, бадай, самым актыўным малодшым чытачом.
- Да чатырохгадовага ўзросту я спаць не клаўся, пакуль мне бацькі не прачытвалі лермантаўскую “Песню пра купца Калашнікава”, - згадвае настаўнік.
Сёння ў Алега Міхайлавіча шмат любімых кніг. Ён часта прыносіць на ўрок вялікі ілюстраваны літаратурны слоўнік.
- Магу пачытаць і дэтэктыў, але аддаю перавагу сур’ёзнай літаратуры, - адзначае А.М.Вальфсон. – Прачытаў вось нядаўна “Тэорыю наасферы” Вярнадскага. Філолагам не хапае фундаментальных ведаў, а фізікам – гуманітарных. Свет нельга падзяліць на фізікаў і лірыкаў. Кожны фізік павінен быць лірыкам ці хаця б гуманітарыем. Вядомыя паэты Еўтушэнка і Вазнясенскі дзе выступалі? Іх запрашалі фізікі, якія добра ведалі літаратуру і адчувалі яе. Гэта была самая зацікаўленая аўдыторыя!
А.М.Вальфсон – асоба шматгранная. Пасля заканчэння філфака з чырвоным дыплом ён выкладаў у Сяхновіцкай базавай школе Жабінкаўскага раёна, а потым… працаваў інжынерам па навукова-тэхнічнай інфармацыі на Брэсцкім заводзе сельскагаспадарчага машынабудавання. І ўсё ж вярнуўся ў школу. Выкладаў у сярэдніх школах №№ 5 і 10, ліцэі № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста, а з 1992 года працуе ў гімназіі № 1.
- З дзецьмі цікава працаваць, а вось са студэнтамі не так, бо яны больш практычныя, - заўважае настаўнік. – А дзеці непасрэдныя і цікаўныя, яны як адкрытая кніга. Імкнуся, каб мае вучні сталі добрымі людзьмі, якія разумеюць і цэняць слова, могуць дапамагчы іншым.
Алег Міхайлавіч знаходзіць падыход да кожнага падлетка.
- Дзеці выдатна адчуваюць, як ты да іх ставішся, - адзначае педагог. – Мая задача заключаецца ў тым, каб вучні падышлі да цэнтралізаванага тэсціравання па-сапраўднаму падрыхтаванымі, каб яны не завучвалі на памяць правілы і творы, а разумелі іх. Нехта запярэчыць, маўляў, Word сам падкрэсліць памылку і падкажа правільнае напісанне, таму сёння не абавязкова нешта вучыць. Але ж бываюць розныя сітуацыі. Напрыклад, давядзецца падпісаць паштоўку каханай дзяўчыне. Гэта лепш і больш натуральна зрабіць ад рукі. Ці закране сэрца каханай тэкст з памылкамі? Да таго ж аўтар павінен правільна разумець значэнні слоў. Word ніколі не навучыць чалавека правільна размаўляць. Акрамя таго, славеснасць павышае агульнакультурны ўзровень. Растлумачыць гэта – задача настаўніка рускай мовы і літаратуры.
- Я ніколі не выклікаў бацькоў вучняў у школу, - працягвае Алег Міхайлавіч. – Ёсць іншыя спосабы знайсці паразуменне з дзецьмі. Сёння часта кажуць, што яны сталі горшымі, напрыклад, менш чытаюць. Калі раней патрабавалася нешта даведацца, даводзілася ісці ў бібліятэку. І было не так проста знайсці патрэбную інфармацыю. Патрабаваўся час. Сёння, дзякуючы інтэрнэту, адказ атрымліваеш адразу. Але заўсёды было важнейшым уменне знайсці неабходную інфармацыю. Сёння навукова-тэхнічны прагрэс прыйшоў да дзяцей і дапамагае шмат у чым. Дзеці сталі больш рацыянальнымі і адарванымі ад свету.
Алег Міхайлавіч падтрымлівае сяброўскія адносіны нават з тымі выпускнікамі, якіх вучыў яшчэ ў пачатку свайго доўгага педагагічнага шляху.
- Сяргей Сталярчук, напрыклад, ужо 24 гады запар на мой дзень нараджэння піша верш. Памятаю, як ён пісаў паэтычныя тэксты яшчэ ў школе, - гаворыць настаўнік.
З такімі педагогамі, як А.М.Вальфсон, заўсёды цікава, бо яны прыцягваюць моладзь не толькі ўменнем цікава выкладаць прадмет. У любімага настаўніка можна павучыцца любові да слова, навакольнага свету і жыцця. Урокі педагога выходзяць далёка за межы мовы і літаратуры, што падуладна толькі сапраўднаму майстру.
Алена САКАЛОЎСКАЯ.
Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА.