Любоў да прафесіі і вернасць школе
23.11.2015Радаводнае педагагічнае дрэва Ніканчукоў пачало расці ў 1939 годзе. Пасадзіў яго Фёдар Кірылавіч Ніканчук, які працаваў спачатку настаўнікам Малінаўскай пачатковай школы, а з 1946 года – яе кіраўніком. Сёння педагагічная дынастыя налічвае ўжо 4 пакаленні.
Другое пакаленне дынастыі прадстаўлена дзецьмі Фёдара Кірылавіча. Людміла Фёдараўна Ніканчук пасля заканчэння Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна працавала настаўніцай пачатковых класаў у Забалацкай і Малінаўскай базавых школах Маларыцкага раёна, а затым працяглы час настаўнічала ў адной са школ Луганска на Украіне.
Анатоль Фёдаравіч Ніканчук і яго жонка Вера Фёдараўна таксама ўсё жыццё працавалі ва ўстановах адукацыі Маларытчыны. Сям’я ўзгадавала двух сыноў. Адзін з іх, Вадзім Анатольевіч, пайшоў па слядах бацькоў. Сёння ён працуе намеснікам дырэктара Высокаўскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага ПТК Камянецкага раёна. Дачка другога сына вучыцца ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным ўніверсітэце.
Анатоль Фёдаравіч і Вера Фёдараўна ўпэўнены, што і іншыя ўнукі дастойна прадоўжаць працоўную дынастыю іх слаўнага роду.
***
На Малінаўку паволі апускаўся вечар. Ціхі, цёплы, росны. У ваколіцах вёскі разліваўся туманок, а ў небе ўжо загараліся першыя зоркі. Ледзь улоўна з другога канца вёскі даносіўся тонкі дзявочы галасок, які мацнеў, станавіўся гучнейшым. Пазней пачуліся і вясёлыя гукі гармоніка. Нехта пачаў падпяваць басам. А потым стала добра чуваць, што спявае ўжо цэлы гурт. Смех, шум… Вуліцай пешшу ішло вяселле. Вяскоўцы павыходзілі з хат, каб паглядзець на маладую і маладога. Было гэта ў маі 1973 года. Марыя Сямёнаўна Ніканчук жаніла сына Анатоля (яго бацькі Фёдара Кірылавіча ужо не было на гэтым свеце).
- Тая вясна была незвычайнай і памятнай, - згадвае Вера Фёдараўна. – Як ніколі тады ўсё зацвіло адначасова: бэз, чаромха, яблыні, вішні… Водар п’яніў, кружыў галаву. Я была на сёмым небе ад шчасця, бо стала жонкай таго, каго моцна кахала.
- Вяселле ў Малінаўцы гудзела 3 дні, - усміхаецца Анатоль Фёдаравіч. – Гасцей было шмат. “Чым іх больш, тым больш шчасця”, - казалі старажылы, абапіраючыся на багаты жыццёвы вопыт. Пэўна, мая бабуля і маці з гэтага і зыходзілі, бо на вяселле былі запрошаны не толькі радня і суседзі, але і амаль палова вяскоўцаў.
Нетутэйшую Веру Фёдараўну за кароткі час паспелі палюбіць многія ў вёсцы. Добрая, шчырая, чуйная да чужой бяды, яна не магла прайсці міма, каб хоць нечым не дапамагчы. Парадай ці справай. І да дарослых умела падысці, і з дзецьмі хутка знаходзіла паразуменне. Многія па-добраму зайздросцілі яе мужу.
Вера Фёдараўна нарадзілася і вырасла ў вёсцы Бабчын Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. З маленства ва ўсім дапамагала бацькам па гаспадарцы. Асабліва любіла хадзіць у грыбы з будучым вядомым паэтам Міколам Мятліцкім, стрыечным братам па мацярынскай лініі. У роднай вёсцы закончыла сярэднюю школу, пасля чаго паехала паступаць у далёкі Брэсцкі педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна на фізіка-матэматычны факультэт. Але не паступіла. Уладкавалася выхавальніцай групы прадоўжанага дня ў Макранскай сярэдняй школе Маларыцкага раёна. У педінстытут паступіла ў наступным годзе. А з 1970 года пачала выкладаць у Антаноўскай базавай школе. Тут сустрэлася з будучым мужам.
Анатоль Фёдаравіч родам з Малінаўкі. Бацька Фёдар Кірылавіч быў дырэктарам мясцовай васьмігодкі, а маці Марыя Сямёнаўна загадвала вясковай бібліятэкай. Пасля школы юнак паступаў на гістарычны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага, але ўдача не ўсміхнулася. Каб не губляць дарэмна час, уладкаваўся настаўнікам фізічнай культуры ў Радзежскай сярэдняй школе. Затым была служба ў арміі, застацца ў якой не захацеў з-за нязгоды маці. Аслухацца яе сын лічыў недапушчальным, хоць і марыў стаць вайскоўцам.
Пасля арміі Анатоль Фёдаравіч працаваў настаўнікам фізкультуры ў Малінаўскай і Антаноўскай базавых школах. Дагэтуль у апошняй з іх адзіным мужчынам быў дырэктар. А тут з’явіўся яшчэ адзін: малады, прыгожы, культурны і выхаваны. Зразумела, што ён не застаўся без увагі дзяўчат-настаўніц.
- Я нават разгубіўся спачатку, - прызнаецца Анатоль Фёдаравіч. – Не ведаў, што рабіць і каму аддаць перавагу. Сярод іх неяк убаку стаяла Вера. Менш за ўсіх звяртала на мяне ўвагу. Нібыта чагосьці баялася ці саромелася. Захацелася разгадаць таямнічую дзяўчыну.
- У мяне ў той час хлопец быў, які служыў у арміі, - згадвае Вера Фёдараўна. – Некаторы час з ім сябравала, планавала сумесную будучыню. Таму Анатоль спачатку амаль ніякага інтарэсу не выклікаў. Сэрца займаў іншы. Але паступова яго добрае сэрца і адкрытая душа зрабілі сваю справу.
Новы навучальны год маладая пара пачала ў Чарнянскай сярэдняй школе. Ён – выхавальнікам групы прадоўжанага дня, яна – настаўніцай хіміі і біялогіі. Імкнуліся працаваць сумленна і самааддана.
З 1975 да 1978 года Анатоль Фёдаравіч працаваў сакратаром Чарнянскага сельсавета. Але школа цягнула і клікала назад, не адпускала і пастаянна нагадвала пра сябе. Душой Анатоль Фёдаравіч заўсёды быў з дзецьмі, жыў іх клопатамі і турботамі. Таму зноў вырашае паступаць у інстытут. На гэты раз удалося. З дыпломам Анатоль Фёдаравіч вяртаецца ў школу.
- Пра гэта зусім не шкадую, - гаворыць Анатоль Фёдаравіч. – Лічу, што зрабіў правільны выбар.
Сыны Ніканчукоў закончылі школу з залатымі медалямі. Пра бацькоў памятаюць заўсёды, клапоцяцца, дапамагаюць. Сям’я Ніканчукоў часта збіраецца разам, каб параіцца, абмеркаваць розныя пытанні, знайсці выйсце з з пэўных жыццёвых сітуацый. Бацькоўскі ачаг сагравае, дае сілы, падбадзёрвае, з’яўляецца арыенцірам у жыцці. Анатоль Фёдаравіч і Вера Фёдараўна – бясспрэчны прыклад і аўтарытэт для сваіх дзяцей і 4 унукаў.
- Што такое сапраўднае каханне? – задумваецца Анатоль Фёдаравіч. – Як захаваць яго ў штодзённай мітусні? Шлюб – гэта еднасць душ, мудрасць двух сэрцаў, вопыт і веды, уменне ісці на кампраміс.
Анатоль Фёдаравіч і Вера Фёдараўна адпрацавалі ў Чарнянскай сярэдняй школе шмат гадоў (А.Ф.Ніканчук узначальваў установу 15 гадоў), перадавалі багаты вопыт і веды маладому пакаленню, вучылі на ўласным прыкладзе быць добрымі, шчырымі і адкрытымі людзьмі. Праз усё жыццё Ніканчукі пранеслі любоў да прафесіі і вернасць школе.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі.