Сэнс жыцця ў прафесіі
13.11.2015Нарадзілася будучая настаўніца рускай мовы і літаратуры на Гомельшчыне. Там прайшлі дзіцячыя гады. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны сям’я Любы была эвакуіравана ва Узбекістан. У 1943 годзе дзяўчына з адзнакай закончыла школу ў Фергане і паступіла на філалагічны факультэт Ферганскага педагагічнага інстытута. Пасля завяршэння вайны перавялася ў Мінскі педагагічны інстытут імя А.М.Горкага. У 1947 годзе была накіравана на работу ў сярэднюю школу № 3 Брэста, дзе ў той час вучыліся толькі хлопцы.
- У педагагічную прафесію прывялі бацькі і любімая настаўніца рускай мовы і літаратуры Лідзія Васільеўна Ягужынская, якая выкладала прадмет цікава і нестандартна, - гаворыць Любоў Лаўрэнцьеўна. – Дзядуля працаваў дырэктарам пачатковай школы на Магілёўшчыне, бацька, маці, сястра і дзве цёткі настаўнічалі. Заўсёды любіла мову і літаратуру, таму не вагалася з выбарам спецыяльнасці.
Л.Л.Пярова прызнаецца, што спачатку было страшна пераступіць парог класа са старшакласнікамі-пераросткамі, якія не вылучаліся ўзорнымі паводзінамі. Але хвалявалася маладая настаўніца дарэмна. З хлапчукамі склаліся надзвычай даверлівыя і паважлівыя адносіны. Больш за тое, дзеці дзяліліся з педагогам самым патаемным. Любоў Лаўрэнцьеўна знайшла да цяжкіх падлеткаў правільны падыход.
Л.Л.Пярова ні разу не пашкадавала аб выбранай прафесіі. Філалогія дапамагла пазнаць жыццё і ўнутраны свет чалавека. Сярод выхаванцаў настаўніцы было шмат пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і будучых педагогаў.
- Настаўнік павінен глыбока ведаць прадмет, тады і дзеці будуць цікавіцца ім, - упэўнена Любоў Лаўрэнцьеўна. – Акрамя таго, трэба заўсёды аб’ектыўна ацэньваць веды вучняў, падыходзіць да работы нестандартна, любіць і паважаць дзяцей (добрых і дрэнных), якія чуйна рэагуюць на фальш. Калі настаўнік не любіць прафесію і не лічыць яе сэнсам жыцця, добрым педагогам ён не стане.
Самым цяжкім у педагагічнай дзейнасці Л.Л.Пярова лічыць абавязкі, якія адцягваюць настаўніка ад асноўнай працы. Праблема паператворчасці да сённяшняга часу не вырашана ў школе.
- Самае важнае ў рабоце – гэта зносіны з дзецьмі, - упэўнена Любоў Лаўрэнцьеўна. – Без іх нельга сфарміраваць сапраўднага чалавека. Толькі тады дзеці будуць любіць школу, калі іх будуць там любіць. Вельмі прыемна бачыць вынікі сваёй работы ў сфарміраваных асобах, якія любяць людзей і працу. Дысцыпліну на ўроках трымаць не даводзілася. Дзеці любілі і паважалі мяне. Ім было проста сорамна паводзіць сябе дрэнна.
Нягледзячы на гады, Л.Л.Пярова па-ранейшаму захоўвае добры настрой і аптымізм. Дапамагаюць у гэтым школьныя ўспаміны, руская класічная літаратура, адчуванне сваёй патрэбнасці і недарэмнасці пражытых дзён, а таксама пастаянная ўвага былых вучняў, якія нават праз некалькі дзясяткаў гадоў пасля заканчэння школы пішуць, тэлефануюць, прыходзяць у госці.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.