Пад знакам прафесіяналізму
13.11.2015Эфектыўнай формай работы ў гэтым напрамку з’яўляецца правядзенне тыдняў педагагічнага майстэрства. У бягучым навучальным годзе ён прайшоў у гімназіі пад дэвізам “Пад знакам прафесіяналізму” і называўся “ПРОФІ”. Мэта тыдня – папулярызацыя каштоўнасці педагагічнай працы, прапаганда эфектыўнага педагагічнага вопыту, аб’яднанне калектыву для дасягнення адзіных прафесійных мэт.
Адкрыўся тыдзень даволі ярка. Педагогаў і вучняў прыемна парадаваў фотастэнд “Вы – наш гонар і розум”, дзе быў прадстаўлены ўвесь педагагічны калектыў гімназіі. А гэта 37 педагогаў, 29 з якіх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Сярэдні педагагічны стаж складае каля 15 гадоў, сярэдні ўзрост – амаль 39 гадоў.
Кожнага педагога гімназіі адрознівае асабістая адданасць агульнай справе. Гэта забяспечвае поспех усяго калектыву, які на працягу 16 гадоў узначальвае С.П.Высоцкі. Індывідуальнасць, непаўторнасць і значнасць кожнага педагога, адзінства і згуртаванасць усёй каманды добра падкрэслівала медыя-прэзентацыя “У садружнасці адзіныя”. Артыстычныя і вакальныя таленты прадэманстравалі настаўніца рускай і літаратуры А.У.Жукоўская і педагог-арганізатар І.С.Нямчэня.
Не сакрэт, што работа настаўніка звязана з вялікім эмацыянальным і псіхалагічным напружаннем. На папярэджанне прафесійнага выгарання і актывізацыю спосабаў эмацыянальнай самарэгуляцыі педагогаў быў накіраваны псіхолага-педагагічны трэнінг “Галошы шчасця”, падрыхтаваны і праведзены сацыяльным педагогам Г.А.Заначкінай. Трэнінг прайшоў лёгка і весела, спрыяў стварэнню добразычлівай атмасферы ўзаемнага даверу, павагі і адданасці агульнай справе.
Кожны дзень тыдня педагагічнага майстэрства дэманстраваў вопыт дзейнасці метадычных фарміраванняў гімназіі ў выглядзе прэзентацый вучэбна-метадычнай літаратуры, матэрыялаў эфектыўнага педагагічнага вопыту і публікацый педагогаў. Адкрытыя вучэбныя заняткі пацвердзілі высокі ўзровень творчасці і наватарства настаўнікаў, якія валодаюць і выкарыстоўваюць сучасныя педагагічныя тэхналогіі. Найбольш яркія і цікавыя матэрыялы ўвайшлі ў спецыяльны выпуск навукова-метадычнага часопіса гімназіі “Метадычны партфель”.
Як вядома, прафесіяналізм чалавека заключаецца не столькі ў колькасці яго ведаў, колькі ва ўменні выкарыстоўваць іх на практыцы. Самыя вопытныя педагогі правялі майстар-класы для сваіх калег: настаўнік фізікі і астраноміі У.У.Зылевіч (“Сістэма работы настаўніка па падрыхтоўцы вучняў да прадметных алімпіяд”), настаўніца матэматыкі Р.У.Сінькевіч (“Сістэма работы па развіцці інтэлектуальных і творчых здольнасцей вучняў у галіне дакладных навук”), настаўнікі пачатковых класаў І.Л.Федаровіч і С.У.Баброўнік (“Фарміраванне арфаграфічных уменняў і навыкаў малодшых школьнікаў на ўроках рускай мовы” і “Кіраўніцтва даследчай дзейнасцю малодшых школьнікаў”) і настаўніца беларускай мовы і літаратуры В.А.Войткус (“Арганізацыя даследчай дзейнасці вучняў у галіне гуманітарных дысцыплін”).
Павышэнню ўзроўню прафесійных ведаў і культуры педагогаў садзейнічалі прафесійна-педагагічныя дыялогі “Самаадукацыя педагога – шлях прафесійнага самаразвіцця” (пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце А.М.Вабішчэвіч) і “Роля асобы педагога ў фарміраванні асобы гімназіста” (пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце С.М.Макарэвіч).
Трэба адзначыць, што напрацоўкі настаўнікаў гімназіі прадстаўлены ў галерэі вопыту “Эфектыўная адукацыя Брэстчыны”, размешчанай у Брэсцкім абласным ІРА. Зацікаўленыя педагогі могуць азнаёміцца з ім і на сайце гімназіі ў рубрыцы “Галерэя эфектыўнага педагагічнага вопыту”.
Не абышлі ўвагай і ветэранаў педагагічнай працы. Сустрэча з імі праходзіла пад дэвізам “Мы шануем ваш вопыт і талент” у цёплай і нязмушанай атмасферы пры актыўным удзеле прафсаюзнага камітэта гімназіі. Вопытныя педагогі дзяліліся сакрэтамі прафесійнага поспеху з настаўніцкай моладдзю, згадвалі яркія і незабыўныя моманты педагагічнага жыцця і атрымлівалі ў адказ цёплыя словы падзякі ад сваіх калег.
Педагагічная праца нялёгкая, бо патрабуе вялікага напружання сіл, розуму, таленту і адданасці любімай справе. Кожны настаўнік – гэта найперш творца. А братэрствам можна назваць толькі садружнасць тых людзей, якія дзейнічаюць разам. Гэта добра падыходзіць да педагагічнага калектыву нашай гімназіі.
Алена ВАБІШЧЭВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Мікашэвіцкай гімназіі імя.У.І.Нядзведскага Лунінецкага раёна.