Дзень самакіравання – першая прыступка да прафесіі

04.11.2015
Дзяржаўная палітыка Беларусі накіравана на тое, каб садзейнічаць моладзі ў прафесійным самавызначэнні з улікам яе інтарэсаў, схільнасцей і здольнасцей, а таксама патрэб галін эканомікі ў кадрах. Але даволі часта прафесійныя запыты выпускнікоў школ не супадаюць з патрэбамі сучаснага рынку працы, што прыводзіць да лішку спецыялістаў у адных галінах і дэфіцыту ў іншых. Так, у апошнія гады знізіўся інтарэс абітурыентаў да педагагічных спецыяльнасцей. У перспектыве гэта можа прывесці да дэфіцыту кадраў.

На жаль, многія школьнікі па-ранейшаму выбіраюць будучую прафесію неўсвядомлена. Прафарыентацыйная работа ўстаноў адукацыі, у тым ліку вышэйшых, і мясцовых органаў улады вядзецца без цеснага ўзаемадзеяння, што ўплывае на яе выніковасць.

Сярэдняя школа № 2 Ляхавіч з’яўляецца адной з рэспубліканскіх інавацыйных пляцовак па рэалізацыі праекта “Укараненне мадэлі сеткавага ўзаемадзеяння вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму, устаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі, накіраванай на выбар выпускнікамі педагагічных спецыяльнасцей”. Педкалектыў школы лічыць, што сумесную работу варта накіраваць на павышэнне сацыяльнай значнасці прафесіі педагога. Гэта прыцягне выпускнікоў ва УВА.

Дзейнасць школы ў гэтым рэчышчы развіваецца ў некалькіх напрамках. Самым эфектыўным з іх з’яўляецца практычны, падчас якога вучні на пэўны час становяцца настаўнікамі, спрабуюць весці ўрокі пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў.

У школе паспяхова практыкуецца куратарства. За кожным выпускніком, які рыхтуецца да паступлення на педагагічныя спецыяльнасці УВА, замацаваны вопытны настаўнік. Ён рэгулярна дапамагае вучню рыхтаваць і праводзіць урокі ці іх фрагменты. Такія юнакі і дзяўчаты складаюць педагагічны атрад “Мара” і валанцёрскі атрад “Данко”, удзельнічаюць ва ўсіх школьных справах і святах. А вось выявіць тых, хто мае здольнасці ў педагагічнай дзейнасці, дапамагаюць псіхалагічнае тэсціраванне і дні самакіравання. Канечне, дні самакіравання бываюць у кожнай школе. Нашы педагогі зрабілі іх сістэматычнымі і распрацавалі алгарытм правядзення.

Самакіраванне, як і дысцыпліна, з’яўляецца вынікам вялікай сумеснай работы дарослых і дзяцей. Да дзён самакіравання ў навучальнай установе рыхтуюцца загадзя. Так, у школе дзейнічае таварыства добрых спраў, куды выбіраюць самых актыўных і адказных прадстаўнікоў ад 8 – 11 класаў, якія валодаюць арганізатарскімі здольнасцямі і карыстаюцца аўтарытэтам сярод таварышаў. Гэтыя актывісты разам з намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце падбіраюць будучых “педагогаў”, улічваючы пажаданні равеснікаў. Трэба адзначыць, што праблем з “кадрамі” не ўзнікае. Жадаючых заўсёды больш. Таму праводзіцца адбор: сярэдні бал вучэбнай паспяховасці павінен быць не ніжэй за 8,5, а па прадмеце, які будзе выкладацца, не ніжэй за 9. Ніхто не крыўдуе, бо ўсе выдатна разумеюць: хочаш вучыць іншых – навучыся вучыцца сам.

На кожны дзень самакіравання назначаецца новая “адміністрацыя”. Сярод “педагогаў” вітаецца пастаянства. Напярэдадні праводзіцца “педагагічны савет”, дзе абмяркоўваюцца актуальныя пытанні, якія тычацца знешняга выгляду, размеркавання абавязкаў, назначэння “дзяжурных настаўнікаў”, выбару “адміністрацыі”, месцазнаходжання “настаўніцкай” і г.д. Неабходна, каб дзеці добра ўсведамлялі, што гульня – справа сур’ёзная.

Дзень пачынаецца з “планёркі” ў кабінеце дырэктара. Далей кожны займаецца сваімі справамі: “адміністрацыя” сочыць за работай “педагогаў”, выкананнем рэжыму і дысцыплінай, настаўнікі ненавязліва прыглядваюць за “дублёрамі” і пры неабходнасці дапамагаюць. Але дзеці імкнуцца не звяртацца па дапамогу да дарослых, а вырашаць усе праблемы самастойна, бо гэта выпрабаванне на прафпрыгоднасць.

У канцы вучэбнага дня праводзіцца выніковая планёрка з “адміністрацыяй” і “педагогамі”, падчас якой абмяркоўваюцца розныя пытанні: “Што ўдалося зрабіць і не?”, “Якія памылкі трэба прадухіліць у наступны раз?” і інш. “Адміністрацыя” і “педкалектыў” складаюць справаздачу аб праведзеным дні, якая размяшчаецца на школьным сайце і ў газеце “Школьнае скрыжаванне” з фотаздымкамі. Гэтыя матэрыялы з вялікім нецярпеннем чакаюць не толькі вучні, але і іх бацькі.

Для кіраўніцтва школы і педагогаў найбольш каштоўнымі з’яўляюцца выказванні дзяцей: “мы адчулі сябе сапраўднымі настаўнікамі”, “спачатку было страшна, але разумееш, што трэба, і вядзеш урок больш упэўнена”, “пасля таго як сам правядзеш урок, разумееш, як цяжка быць настаўнікам, і пачынаеш інакш адносіцца да сваіх настаўнікаў”, “хочам падзякаваць адміністрацыі і настаўнікам за магчымасць паспрабаваць сябе, за каштоўны і захапляльны жыццёвы вопыт”.

Сістэматычнае правядзенне дзён самакіравання садзейнічае асобаснаму росту школьнікаў, развівае іх адказнасць і самастойнасць, скіроўвае ўвагу да ўсвядомленага выбару будучай прафесіі.

Наталія ХОДАР,

намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце

сярэдняй школы № 2 Ляхавіч.