Пачуць і ўбачыць кожнага педагога

04.11.2015
Якасць і вынікі адукацыйнага працэсу залежаць ад педагога, яго тэарэтычнай падрыхтоўкі, практычнага і метадычнага майстэрства. Асоба настаўніка – адзін з асноўных і важнейшых фактараў поспеху ў выхаванні творчай моладзі, здольнай да пастаяннага самаразвіцця і самаўдасканалення.

Павышэнню прафесійнага ўзроўню педагогаў садзейнічае метадычная работа, якая пабуджае да засваення зместу новых праграм і тэхналогій іх рэалізацыі, азнаямлення з дасягненнямі псіхолага-педагагічных дысцыплін і методыкамі іх выкладання, вывучэння і ўкаранення перадавога педагагічнага вопыту, удасканалення навыкаў самаадукацыі. Акрамя таго, метадычная работа забяспечвае кваліфікаваную дапамогу па тэорыі і практычнай дзейнасці.

Каардынатарам метадычнай работы з педагогамі з’яўляецца раённы вучэбна-метадычны кабінет, які складаецца з 6 супрацоўнікаў. Іх роля ў метадычным суправаджэнні настаўнікаў і выхавальнікаў неацэнная. Работа метадыста – гэта скрупулёзны аналіз, граматнае і дакладнае планаванне, своечасовасць і зладжанасць у справах. Метадыст павінен валодаць вялікім багажом інфармацыі: разбірацца ў нарматыўнай прававой базе, ведаць колькасны і якасны склад педагогаў, арыентавацца ў прадметах, якія курыруе, і методыках іх выкладання. Работа метадыста – гэта тактоўнасць у заўвагах і рэкамендацыях, пераканаўчасць у просьбах. Своечасова абазначыць праблему і знайсці шляхі яе вырашэння, пачуць і ўбачыць кожнага педагога – усім гэтым займаецца метадычная служба.

Важна, каб у ВМК працавалі людзі з вопытам работы ў школе. Метадыст Т.І.Коцелева за час работы настаўніцай беларускай мовы і літаратуры выхавала не адну вучаніцу, якая ў далейшым выбрала педагагічную прафесію. Большую частку прафесійнай дзейнасці метадыст С.У.Леўчанка, якая паходзіць з педагагічнай дынастыі (маці працавала дырэктарам школы і ўзначальвала раённы аддзел адукацыі), прысвяціла выкладанню фізікі і інфарматыкі. Сярод выхаванцаў метадыста А.А.Алесіка, што працаваў у свой час настаўнікам фізкультуры і дапрызыўнай падрыхтоўкі, ёсць афіцэры Узброеных сіл Беларусі і Расіі, настаўнікі фізкультуры і трэнер па плаванні. Некалькі вучняў сённяшняга метадыста Н.М.Шульжык звязалі прафесійную дзейнасць з геаграфіяй і біялогіяй. Выхаванкі настаўніцы абслуговай працы Т.Н.Кацярыніч працуюць швачкамі. А.П.Краўчанка загадвае раённым ВМК 5 гадоў, да гэтага 11 гадоў працавала настаўніцай пачатковых класаў і 9 гадоў метадыстам у Маларыцкім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Калектыў ВМК імкнецца працаваць мэтанакіравана і зладжана. Сведчаннем высокага прафесійнага ўзроўню метадычнай службы з’яўляюцца мерапрыемствы абласнога маштабу, якія праводзіліся на базе раёна: семінары “Шляхі павышэння якасці фізічнай адукацыі школьнікаў”, “Асноўныя спосабы фарміравання арфаграфічнай пісьменнасці вучняў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі”, “Метадычнае фарміраванне як навучальная структура ў сістэме дадатковай адукацыі дарослых: пазітыўны вопыт, рэзервы якасці” і “Пераемнасць дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі ў сучасных умовах: арганізацыйны, зместавы і адукацыйна-тэхнічны аспекты”, прэзентацыя вопыту “Рэалізацыя прынцыпу дыферэнцыяцыі ў арганізацыі метадычнай работы з настаўнікамі фізіка-матэматычнага цыкла”, абласны этап рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” ў намінацыі “Беларуская мова і літаратура” і інш.

Вялікую ўвагу ў ВМК удзяляюць патрыятычнаму выхаванню моладзі, энергазберажэнню і абагульненню перадавога вопыту педагогаў Маларытчыны. Так, патрыятычнае выхаванне рэалізуецца праз летнія ваенна-палявыя зборы для дзесяцікласнікаў на базе Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі ў вёсцы Олтуш. Кіраўніком тыднёвага ваенна-спартыўнага лагера з’яўляецца метадыст А.А.Алесік, які ў Олтушскай сярэдняй школе вядзе яшчэ і гурток “Меткі стралок”. Выхаванцы гуртка – пераможцы раённых і прызёры абласных спаборніцтваў па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі.

Работа па энергазберажэнні прадстаўлена ў шэрагу зборнікаў. Вучні раёна актыўна ўдзельнічаюць у розных “энергазберагальных” конкурсах і акцыях, па выніках якіх атрымліваюць граматы, дыпломы і падзякі. На сайце Вялікарыцкай сярэдняй школы імя П.В.Саевіча можна азнаёміцца з віртуальным музеем “Эвалюцыя асвятлення”. Настаўнікі абслуговай працы Маларытчыны вучаць дзяцей стварэнню прыгожых рэчаў з другаснай сыравіны.

У шэрагу ўстаноў адукацыі раёна вядуцца інавацыйныя праекты. Вынікова працуюць творчыя групы настаўнікаў-прадметнікаў. Шмат увагі ўдзяляецца выкарыстанню інфармацыйных тэхналогій у кіраўніцкай дзейнасці.

Таццяна КАЦЯРЫНІЧ,

метадыст Маларыцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.