Павышаць творчы і прафесійны патэнцыял настаўнікаў замежнай мовы

15.03.2019
“Вывучэнне мовы грунтуецца найперш на цікаўнасці, а не на неабходнасці” – гэтыя словы з’яўляюцца дэвізам работы вучэбна-метадычнага кабінета Маскоўскага раёна Брэста з настаўнікамі замежнай мовы. Сёння ва ўстановах адукацыі раёна працуюць 333 педагогі, якія выкладаюць англійскую, нямецкую, французскую, іспанскую, кітайскую, польскую і італьянскую мову.

- Моўная адукацыя павінна адкрываць магчымасці для міжкультурнага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва, развіцця інтэлектуальных і творчых здольнасцей школьнікаў, - гаворыць метадыст раённага ВМК А.В.Філіпавец. – Пры вывучэнні замежнай мовы асаблівая ўвага ўдзяляецца авалоданню яе маўленчымі нормамі і навыкамі самастойнай работы з іншамоўнымі крыніцамі, самаадукацыі, асабістаму вопыту іншамоўных зносін, развіццю якасцей, неабходных у міжкультурнай камунікацыі. Для гэтага выкарыстоўваюцца розныя тэхналогіі, метады і формы работы, у тым ліку ў метадычным суправаджэнні адукацыйнага працэсу і ва ўдасканаленні моўнага ўзроўню педагогаў. Іх метадычная кампетэнтнасць развіваецца ў метадычным аб’яднанні настаўнікаў замежнай мовы, школе маладога настаўніка, творчых групах настаўнікаў нямецкай і французскай мовы, “Ад творчасці настаўніка да творчасці вучня” і “Асаблівасці выкладання англійскай мовы ў профільных класах”, а таксама ў школе эфектыўнага педагагічнага вопыту па рабоце з высокаматываванымі вучнямі. Кожнае з гэтых фарміраванняў вырашае пэўныя задачы. На працягу навучальнага года ажыццяўляецца маніторынг запытаў педагогаў з мэтай стварэння новых фарміраванняў. Так, сёння існуе неабходнасць у стварэнні творчай групы па выкарыстанні інтэрактыўнай дошкі як спосабу павышэння эфектыўнасці ўрока замежнай мовы.

Заслугоўвае ўвагі вопыт работы школы маладога настаўніка. Штогод ва ўстановы адукацыі раёна прыходзіць каля 20 маладых спецыялістаў. Задачы школы – дапамагчы ім у павышэнні кваліфікацыі і прафесійным росце, аказаць кансультацыйную і практычную дапамогу ў адаптацыі да работы, выявіць прафесійныя патрэбы, развіць прафесійна значныя асобасныя якасці, прапагандаваць лепшы вопыт.

На працягу некалькіх гадоў школу маладога настаўніка ўзначальвала настаўніца англійскай мовы Таццяна Фёдараўна Сталева з сярэдняй школы № 26, фіналіст абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года – 2017”. У сваёй рабоце яна выкарыстоўвала самыя сучасныя метады і тэхналогіі. Так, з дапамогай ІКТ педагогі вывучалі нарматыўныя дакументы, складалі планы-канспекты ўрокаў, рабілі іх аналіз і самааналіз, стваралі праекты, выкарыстоўвалі альтэрнатыўныя вучэбныя матэрыялы. У аддзеле літаратуры на замежных мовах абласной бібліятэкі імя А.М.Горкага маладыя настаўнікі знаёміліся з творчымі майстэрнямі Maker Space Info USA. Таццяна Фёдараўна паказвала, як зрабіць вывучэнне англійскай мовы захапляльным: сачыніць музыку, вырабіць мігатлівыя закладкі, прымусіць загаварыць фрукты і агародніну.

З’яўляючыся аўтарам валанцёрскага праекта для падлеткаў “Англійская з кнігай” пры аддзеле літаратуры на замежных мовах абласной бібліятэкі, Т.Ф.Сталева прыцягнула да гэтай работы і маладых педагогаў. Мэта праекта – матываваць школьнікаў да вывучэння англійскай мовы з выкарыстаннем сучаснай англійскай і амерыканскай літаратуры. Так, па старонках кнігі Д.Кіза “Кветкі для Элджэрона” дзеці стваралі коміксы, узбагачалі слоўнікавы запас спецыяльнай лексікай, аналізавалі граматычныя структуры.

- Супрацоўнікі вучэбна-метадычнага кабінета імкнуцца, каб маладыя педагогі, якія прыходзяць ва ўстановы адукацыі, траплялі ў творчае асяроддзе, дзе могуць эфектыўна працаваць і рэалізоўваць свае задумы, - адзначае А.В.Філіпавец. – Сярод удзельнікаў і пераможцаў гарадскога педагагічнага фэста “Прафесійнае станаўленне маладога настаўніка” шмат настаўнікаў замежнай мовы.

Акрамя метадычнай падтрымкі, вялікая ўвага ўдзяляецца ўдасканаленню моўнага ўзроўню педагогаў. У раённым ВМК лічаць, што настаўнікі замежнай мовы павінны пастаянна ўдасканальваць лінгвістычную кампетэнтнасць, паколькі з-за адсутнага моўнага асяроддзя губляюцца маўленчыя навыкі і ўменні. Шырокія магчымасці для ўдасканалення моўнага ўзроўню адкрывае супрацоўніцтва з установамі і арганізацыямі, дзейнасць якіх звязана з выкарыстаннем практычных моўных навыкаў. Так, настаўнікі французскай мовы павышаюць моўную кампетэнтнасць праз стажыроўкі і семінары, якія ладзіць пасольства Францыі ў Беларусі, майстар-класы. Летась сярэдняя школа № 15 атрымала знак якасці ад дэпартамента адукацыі Францыі. Гэтая ўзнагарода, якую, дарэчы, маюць толькі 20 устаноў у свеце, дазваляе павышаць кваліфікацыю, удзельнічаць у міжнародных семінарах, разлічваць на фінансавую падтрымку інавацыйнай дзейнасці. У школе працуюць высакакласныя спецыялісты, вядомыя за межамі горада. Сярод іх – Ірына Аляксандраўна Карнеева, узнагароджаная ордэнам акадэмічных пальмавых галін Міністэрства адукацыі Францыі.

- Вялікая работа па ўдасканаленні лінгвістычнай кампетэнтнасці настаўнікаў нямецкай мовы праводзіцца ў рамках тыдняў нямецкай мовы і культуры, - расказвае А.В.Філіпавец. – Для педагогаў арганізоўваюцца семінары, майстар-класы, лекцыі, моўныя практыкумы і тэатральныя праекты. Вельмі цікавай формай работы з’яўляецца чытанне кніг з нямецкімі аўтарамі. Добрую падтрымку аказваюць семінары ў інстытуце Гётэ ў Мінску, стажыроўкі ў Германіі і Швейцарыі. Вучні Галіны Валянцінаўны Кавалёвай з сярэдняй школы № 7 – пастаянныя пераможцы заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове. Педагог дзеліцца вопытам са слухачамі курсаў павышэння кваліфікацыі ў Брэсцкім абласным ІРА, цесна супрацоўнічае з БрДУ імя А.С.Пушкіна.

Большую частку настаўнікаў замежнай мовы складаюць настаўнікі англійскай мовы. Паколькі магчымасцей для іх стажыроўкі ў англамоўных

краінах няма, даводзіцца выкарыстоўваць іншыя шляхі для ўдасканалення моўнай кампетэнтнасці педагогаў. Так, настаўнікі актыўна ўдзельнічаюць у вэбінарах, якія ладзіць дэпартамент адукацыі пры пасольстве ЗША ў Беларусі на базе абласной бібліятэкі. Кожная серыя вэбінараў складаецца з 6 лекцый і практычных рэкамендацый, дадзеных педагогамі-практыкамі і метадыстамі з розных устаноў адукацыі ЗША.

Настаўнікі англійскай мовы з задавальненнем наведваюць і іншыя мерапрыемствы, якія праводзіць пасольства ЗША: сустрэчы з яго прадстаўнікамі, лекцыі, выставы і прэзентацыі “Залатое стагоддзе Галівуда. Жанчыны-легенды”, “Падарожжа па ЗША”, “Вівіян Маер і амерыканскія стрыт-фотаздымкі”. Вялікую цікавасць выклікаў адкрыты ўрок амерыканскай выкладчыцы, прысвечаны выкарыстанню сучасных методык на занятках англійскай мовы на прыкладзе вывучэння жыцця і творчасці амерыканскага кампазітара, піяніста, дырыжора і папулярызатара акадэмічнай музыкі Леанарда Бернстайна.

Майстар-класы, якія ладзіць пасольства, знаёмяць з сучаснымі замежнымі методыкамі і магчымасцямі іх выкарыстання ва ўстановах адукацыі. Але самае каштоўнае – гэта зносіны з носьбітамі мовы.

Удасканальваць моўныя навыкі дапамагае і супрацоўніцтва з БДЛУ. Так, пастаяннай удзельніцай міжнародных літаратурных канферэнцый на базе ўніверсітэта з’яўляецца настаўніца англійскай мовы Ірына Канстанцінаўна Ячнік з сярэдняй школы № 25. Гэты творчы педагог піша вершы на англійскай, рускай і беларускай мовах і вучыць гэтаму дзяцей, праводзіць майстар-класы. У БДЛУ праходзяць трэнінгі, якія прапаноўваюць творчым настаўнікам развіццёвыя праграмы.

Наладжана ўзаемадзеянне з недзяржаўнымі ўстановамі адукацыі Брэста. З імі праводзяцца сумесныя семінары, сустрэчы з носьбітамі мовы, метадычныя і моўныя мерапрыемствы.

- У нас ёсць добрая традыцыя: у школьных мерапрыемствах для вучняў удзельнічаюць і настаўнікі. Сярод іх – конкурс сярод старшакласнікаў на лепшае выкананне песень і вершаў на замежнай мове “Гісторыя кахання”, музычна-паэтычны фрыстайл для вучняў 1 – 7 класаў і інш. Выступленні на сцэне разам з дзецьмі, а бывае, яшчэ і з бацькамі, не толькі дазваляюць рэалізаваць творчы патэнцыял, але і павысіць настаўніцкі аўтарытэт і матывацыю школьнікаў, - падагульняе А.В.Філіпавец.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.