Калі школа – другі родны дом

30.10.2015
“Школа – мой другі родны дом”, - пад такім дэвізам на працягу 50 гадоў працуюць педагогі сярэдняй школы № 20 Брэста. Калектыў навучальнай установы заўсёды паспяхова вырашаў ускладзеныя задачы, бо на яго чале стаялі кіраўнікі-прафесіяналы.

Станаўленне школы звязана з імем першага дырэктара, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, заслужанага настаўніка БССР Анатоля Аляксеевіча Стральчонка, які ўзначальваў установу з 1965 да 1981 года. Ён прымаў першых вучняў, фарміраваў настаўніцкі калектыў, уласнымі рукамі высаджваў прыгожыя блакітныя яліны і бярозы, якія да сённяшняга часу ўпрыгожваюць тэрыторыю. Пра А.А.Стральчонка і яго заслугі ў школе памятаюць заўсёды.

Традыцыі, закладзеныя першым дырэктарам, працягнула Валянціна Браніславаўна Рэчыц, якая доўгі час працавала побач з ім. Жанчына ўзначальвала калектыў з 1981 да 1990 года. Педагагічны стаж Валянціны Браніславаўны – 37 гадоў.

З 1998 года кіраўніком школы з’яўляецца Ірына Фёдараўна Нікіфаравец, лаўрэат Пушкінскай прэміі для настаўнікаў рускай мовы і літаратуры ў краінах СНД і Балтыі 2001 года, прэміі Прэзідэнта Беларусі 2010 года, выдатнік адукацыі Беларусі.

У калектыве ўпэўнены, што менавіта пад кіраўніцтвам мэтанакіраваных, адказных і неабыякавых дырэктараў школа стала адной з лепшых у Брэсце.

- Для паспяховага вырашэння сучасных адукацыйных задач неабходна ствараць належныя ўмовы для ўсебаковага развіцця педагагічнага патэнцыялу ўстановы, - гаворыць І.Ф.Нікіфаравец. – Для гэтага патрабуецца пэўнае асяроддзе, якое складаецца з некалькіх фактараў поспеху. Па-першае, школа павінна быць сапраўдным другім домам для вучняў, дзе кожны адчувае сябе ўтульна і камфортна. Кіраванне ўстановай грунтуецца на 3-х прынцыпах: давер, добразычлівасць і прафесіяналізм.

Матэрыяльна-тэхнічнае аснашчэнне школы, выкананае за кошт шэфа ААТ “Брэстгазаапарат”, дазваляе эфектыўна вырашаць розныя адукацыйныя задачы. У навучальнай установе дзейнічаюць 3 музеі: “Горад-герой Масква”, “Спадчына Беларусі” і музей імя Д.М.Карбышава. У кабінетах гісторыі і рускай мовы працуюць музейныя экспазіцыі, прысвечаныя супрацоўніцтву з Брэсцкай пагрангрупай імя Ф.Э.Дзяржынскага і асобам Ф.М.Дастаеўскага і А.С.Пушкіна. Адукацыйнае асяроддзе садзейнічае таму, што педагогі школы з’яўляюцца пастаяннымі пераможцамі раённых і абласных конкурсаў метадычных распрацовак.

Навучальная ўстанова ганарыцца таленавітымі педагогамі. Сярод іх – 3 выдатнікі адукацыі Беларусі: дырэктар І.Ф.Нікіфаравец, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце В.У.Ніканчук і настаўніца беларускай мовы і літаратуры з 38-гадовым педагагічным стажам Л.Р.Лычук.

60% настаўнікаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, 45% - стаж больш за 20 гадоў, прычым 35% педагогаў больш за 20 гадоў працуюць толькі ў 20-й школе. На працягу многіх гадоў у навучальнай установе дзейнічае клуб прафесійнага і асобаснага росту педагогаў. Настаўнікі не толькі знаёмяцца з навінкамі ў адукацыі, але і самі дзеляцца цікавым вопытам на старонках “Настаўніцкай газеты”, “Народнай асветы”, “Прафесійнай адукацыі” і іншых выданняў.

- Адным са складнікаў паспяховай работы школы з’яўляецца бесперапынная самаадукацыя педагогаў, - расказвае І.Ф.Нікіфаравец. – З гэтай мэтай праводзяцца педагагічныя дэбаты, падчас якіх сустракаюцца каманды маладых настаўнікаў і іх куратараў. Больш за 15 гадоў ладзяцца “Ражджэственскія сустрэчы”, дзе сустракаюцца розныя пакаленні педагогаў школы. Мудрыя ўрокі ветэранаў педагагічнай працы не пакідаюць абыякавым ніводнага маладога настаўніка.

Любімай формай работы педагогаў па павышэнні прафесійнага майстэрства сталі метадычныя форумы ў школьную суботу. Так, метадычны марафон для класных кіраўнікоў аб’ядноўвае па суботах настаўнікаў, якія дзеляцца знаходкамі ў рабоце з класнымі калектывамі. Конкурс “Малады настаўнік года” стымулюе станоўчыя пачынанні маладых спецыялістаў, падтрымлівае іх ініцыятывы і дапамагае замацаванню педагогаў у школе. Конкурс аратарскага мастацтва актывізуе творчыя здольнасці педкалектыву. Заканамерным вынікам няспыннага прафесійнага росту настаўнікаў з’яўляюцца іх выступленні на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных педагагічных канферэнцыях.

У 20-й школы шмат калег і надзейных партнёраў, з якімі наладжана плённае супрацоўніцтва: сярэдняя школа № 384 імя Д.К.Карнеева Масквы, Вальдорфская школа Равенсбурга (Германія), сярэдняя школа № 15 імя Д.М.Карбышава Гродна. У гэтых установах працуюць творчыя педагогі, з якімі брэстаўчане сустракаюцца падчас міжнародных фестываляў, майстар-класаў і метадычных семінараў. З калегамі праводзяцца рэгулярныя метадычныя інтэрнэт-мосты і скайп-канферэнцыі. Вынікам міжнароднага супрацоўніцтва стала інавацыйная дзейнасць педагогаў у 2011 – 2014 гадах. Сёлета школа пачала рэалізацыю інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі суправаджэння інтэлектуальна адоранай моладзі ў працэсе яе прафесійнага станаўлення”.

- Візітоўкай школы з’яўляюцца не толькі вопытныя педагогі, але і іх паспяховыя вучні, прызёры абласных прадметных алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый, - адзначае І.Ф.Нікіфаравец. – Ва ўстанове працуюць 14 настаўнікаў-выпускнікоў школы.

З 2002 года ў школе актыўна дзейнічае папячыцельскі савет. Саюз педагогаў, вучняў і іх бацькоў дазволіў установе перамагчы ў Міжнародным фестывалі “Маскоўская вясна – 2015” у намінацыях “Тэатр” і “Харэаграфія”, стаць прызёрам абласнога агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый устаноў адукацыі “Цудоўней стане Брэстчына мая”, пераможцай абласнога конкурсу па зборы макулатуры і гарадскога конкурсу дзіцячых праектаў “Будуем будучыню разам”.

- Поспехі робяць нас упэўненымі, што разам мы ствараем школу, дзе развіваецца патэнцыял педагогаў і вучняў, - падагульняе І.Ф.Нікіфаравец.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.