Ад талерантнасці дарослых да талерантнасці дзяцей
23.10.2015Нельга не пагадзіцца з Н.П.Красевіч, якая лічыць, што даволі цяжка сфарміраваць талерантнасць у дзяцей, калі гэтай якасцю не валодаюць іх бацькі. Педагогі наўрад ці змогуць перавыхаваць мам і татаў, але паўплываць на іх узаемаадносіны з дзецьмі, адкарэкціраваць паводзіны бацькоў з імі і іншымі людзьмі магчыма пры правядзенні спецыяльнай работы.
Асвета бацькоў займае важнае месца ў дзейнасці цэнтра. Педагогі праводзяць лекторыі, пасяджэнні бацькоўскіх клубаў, індывідуальныя і групавыя кансультацыі, трэнінгавыя заняткі, распаўсюджваюць памяткі, афармляюць стэнды, публікуюцца ў СМІ. Гэтыя формы педагагічнай асветы дапамагаюць фарміраваць талерантныя адносіны да асаблівых дзяцей і правільна арганізаваць зносіны з імі. Узаемадзеянне грунтуецца на прынцыпах узаемнага даверу і павагі, падтрымкі і дапамогі, цярпення і цярплівасці адно да аднаго.
- Давяральная атмасфера, створаная ў цэнтры, пераконвае бацькоў у тым, што асаблівыя дзеці такія ж каштоўныя, як і здаровыя, - заўважае Н.П.Красевіч. – У сям’і пераадольваецца штамп няшчасця, вяртаецца вера ва ўласнае дзіця. Важную ролю ў гэтым адыгрываюць бацькоўскія клубы “Дарослыя і дзеці” і “Крошка”, створаныя ў 2002 годзе. Вынікам плённай работы клуба “Дарослыя і дзеці” стала яго перамога ў абласным конкурсе бацькоўскіх клубаў. Традыцыйнымі сталі экскурсіі, дзіцячыя святы, святкаванні дзён нараджэнняў, бацькоўскія сходы, сяброўскія сходы і гульні з валанцёрамі і маладымі інвалідамі аддзялення дзённага знаходжання Пружанскага ТЦСАН, акцыі са спонсарамі, інтэграваныя фестывалі выхаванцаў устаноў адукацыі раёна і спартыўныя мерапрыемствы.
Па словах Н.П.Красевіч, з моманту адкрыцця цэнтра педагагічны калектыў знаходзіцца ў пастаянным пошуку эфектыўных форм работы па фарміраванні талерантных адносін да дзяцей з АПФР. Добра зарэкамендавалі сябе тыдні міласэрнасці, канцэрты, выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, круглыя сталы і малыя алімпійскія гульні, якія праводзяцца разам з установамі адукацыі раёна. Вынікам шматлікіх мерапрыемстваў з’яўляецца раённы інтэграваны фестываль “Дзяцінства без межаў”, што ладзіцца з мэтай змянення грамадскай думкі і неадэкватных сацыяльных уяўленняў у школьнікаў, іх бацькоў і настаўнікаў у дачыненні да дзяцей з АПФР.
Для пашырэння колькасці ўдзельнікаў і максімальнага раскрыцця творчых здольнасцей дзяцей фестываль праходзіць у рамках пэўнай тэмы: у 2012 годзе – “Дружба моцная не зламаецца”, у 2013-м – “Мы проста іншыя”, у 2014-м – “Падарожжа па казках”, у 2015-м – “Вакол свету за 80 хвілін”. Як правіла, у фестывалі ўдзельнічаюць больш за 20 устаноў адукацыі Пружаншчыны, прадстаўнікі школы мастацтваў імя Р.Шырмы, ТЦСАН, цэнтральнай райбальніцы, гарадскога палаца культуры і грамадскіх арганізацый, а таксама валанцёры з Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. Летась гасцямі мерапрыемства сталі выхаванцы Камянецкага ЦКРНіР.
Сёлетняй вясной упершыню адбылася дабрачынная акцыя-фотасесія “Сонечныя дзеці ў сонечным свеце”, прымеркаваная да Міжнароднага дня чалавека з сіндромам Даўна. На мерапрыемства, у якім удзельнічалі 8 дзяцей, былі запрошаны кіраўнікі прадпрыемстваў Пружан, прадстаўнікі органаў улады, праваахоўных органаў і МНС. Фотавыстава складалася з 3 блокаў: “Я люблю”, “Я мару” і “Я і грамадства”. Кожны з іх ілюстраваў здольнасць дзяцей з сіндромам Даўна жыць, любіць і дзейнічаць, як звычайныя людзі. З мэтай прыцягнення ўвагі бізнес-супольнасці, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый да праблем асаблівых дзяцей выстава размяшчалася ў фае Пружанскага райвыканкама. Мерапрыемства мела станоўчыя водгукі ад наведвальнікаў.
Адной з актуальных форм распаўсюджання інфармацыі аб добразычлівых і паважлівых адносінах да людзей з АПФР сталі выпускі сацыяльных ролікаў (“Мы проста іншыя”, “Мы разам – дарослыя і дзеці”, “Будзем разам ты і я”), якія змяшчаюцца на інтэрнэт-рэсурсах.
- Мы спадзяёмся, што вопыт, назапашаны ў выніку сумеснай мэтанакіраванай дзейнасці па фарміраванні талерантнасці, дапаможа пашырыць межы ў пазітыўным успрыманні асаблівых дзяцей. Дасягнутыя вынікі дазваляюць сцвярджаць, што паспяховасць нашай работы залежыць ад стварэння нефармальнай і псіхалагічна камфортнай абстаноўкі, добраахвотнага ўдзелу ў мерапрыемствах і суправаджэння ўдзельнікаў зносін. Чым часцей асаблівыя дзеці з’яўляюцца ў соцыуме, тым менш іх не прымаюць здаровыя людзі. Да іх перастаюць ставіцца як да асаблівых, а ўспрымаюць як раўнапраўных членаў грамадства, - падагульняе Н.П.Красевіч.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.