Разам да поспеху

23.10.2015
На Брэстчыне паспяхова рэалізоўваецца міжнародны праект “Удасканаленне работы з падлеткамі дэвіянтных паводзін” па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча – Беларусь – Украіна 2007 – 2013”. У рамках праекта, які каардынуюць упраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны ІРА, праводзяцца розныя мерапрыемствы.

Нядаўна ў Бяла-Падлясцы (Польшча) адбылася міжнародная канферэнцыя “Узаемадзеянне з бацькамі: ад тэорыі да практыкі”. Падчас мерапрыемства ўзнімаліся пытанні, звязаныя з праблемамі ўзаемадзеяння ўдзельнікаў адукацыйных адносін.

Войт гміны Дрэлюва Пётр Казімірскі расказаў пра каардынацыю дзейнасці зацікаўленых службаў па аказанні дапамогі сем’ям, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Каардынатар міжнароднага праекта з польскага боку дырэктар дзіцячага прытулка ў Шахах Мажэна Кукаўска-Макула засяродзіла ўвагу на тэхналогіі ўзаемадзеяння кіраўніцтва прытулка з зацікаўленымі органамі, ведамствамі і ўстановамі на ўсіх этапах работы з біялагічнымі сем’ямі выхаванцаў (тэхналогія ўключае адсочванне станоўчых змен у сям’і, аказанне ёй сацыяльнай, педагагічнай, псіхалагічнай і юрыдычнай дапамогі).

Дырэктар сярэдняй школы ў Дольху Гжэгаж Міхальчук падзяліўся вопытам сістэмнай работы па эфектыўным узаемадзеянні сям’і і навучальнай установы. Кіраўнік адзначыў, што ад якасці гэтага ўзаемадзеяння залежаць поспехі і дасягненні дзяцей. Педагогам і бацькам неабходна быць саюзнікамі і аднадумцамі ў выхаваўчай дзейнасці, умацоўваць і развіваць супрацоўніцтва і надалей.

Педагог сярэдняй школы ў Дольху Катажына Лахоўска вяла гаворку пра арганізацыю работы з бацькамі. Так, за мамамі і татамі з групы рызыкі замацоўваецца куратар з добранадзейнай сям’і. Пры цесным узаемадзеянні педагогаў, бацькоў і дзяцей вырашаецца праблема нядобранадзейнасці канкрэтнай сям’і. Акрамя таго, без здаровага мікраклімату ў сям’і немагчымы здаровы мікраклімат у класе.

Намеснік дырэктара Валынскага абласнога цэнтра сацыяльных службаў для сям’і, дзяцей і моладзі (Украіна) Уладзімір Радчук адзначыў, што метадычны матэрыял, назапашаны за час рэалізацыі міжнароднага праекта, абагулены і прэзентаваны на розных абласных семінарах педагогаў Валыні. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца метадычныя дапаможнікі “Знайдзі сябе: з вопыту работы цэнтра сацыяльнай адаптацыі падлеткаў з дэвіянтнымі паводзінамі”, “Праектная дзейнасць як умова павышэння эфектыўнасці работы з падлеткамі: ад тэорыі да практыкі” і “Ці лёгка быць цяжкім”, распрацаваныя метадыстамі вучэбна-метадычнага цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы Брэсцкага абласнога ІРА А.Г.Дзмітрыевай, Л.І.Мемех, С.Г.Корбут і Н.М.Янчук. Дапаможнікі запатрабаваны не толькі прадстаўнікамі ўстаноў адукацыі Валыні, але і супрацоўнікамі крымінальна-выканаўчай інспекцыі ўпраўлення дзяржаўнай пенітэнцыярнай службы Украіны ў Валынскай вобласці.

Удзельнікі канферэнцыі абмяняліся ідэямі далейшага супрацоўніцтва і акрэслілі шляхі ўзаемадзеяння ў рамках новай праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва на 2014 – 2020 гады.

Наталля ЯНЧУК,

метадыст вучэбна-метадычнага цэнтра ідэалагічнай і

выхаваўчай работы Брэсцкага абласнога ІРА.