Дарога і дзеці: ад прафілактыкі да самадысцыпліны

18.10.2015
Сярод актуальных пытанняў, якія разглядаліся на чарговым пасяджэнні ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, асаблівая ўвага ўдзялялася арганізацыі бяспечнага падвозу школьнікаў да месцаў вучобы і эфектыўнай работы па выхаванні ў дзяцей навыкаў бяспечнай жыццядзейнасці. У абмеркаванні праблем прыняў удзел начальнік упраўлення ДАІ абласнога УУС С.В.Талатай.

Паводле інфармацыі абласнога ўпраўлення адукацыі, сёння падвоз дзяцей у сельскай мясцовасці ажыццяўляюць 288 аўтобусаў. Іх паслугамі карыстаецца амаль 15 тысяч школьнікаў. Большая частка аўтатранспарту знаходзіцца на балансе раённых аддзелаў адукацыі, спорту і турызму. Каля 87% аўтобусаў эксплуатуецца не больш за 10 гадоў. Амаль усе афарбаваны ў жоўты колер. Праводзіцца вялікая работа па закупцы новых аўтобусаў ПАЗ і МАЗ, у тым ліку за кошт сродкаў Банка развіцця Рэспублікі Беларусь.

У арганізацыі падвозу дзяцей існуе шэраг праблем. Так, у аддаленых маланаселеных пунктах даволі цяжка падабраць вадзіцельскія кадры. Нізкі заробак і складаны графік работы ўплываюць на іх цякучасць. Неабходна прымаць эфектыўныя меры па замацаванні вадзіцелей і павышэнні аплаты іх працы.

Не паўсюль вырашана пытанне з наяўнасцю рэзервных аўтобусаў і беспраблемным праездам па платных дарогах. Пэўныя нараканні выклікае арганізацыя перавозак дзяцей на экскурсіі і іншыя культурна-масавыя мерапрыемствы.

Прафілактыка дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці не толькі праваахоўных органаў, але і ўстаноў адукацыі. Так, праводзяцца шматлікія прафілактычныя выступленні (гутаркі) з вучнямі і іх бацькамі, гульні і віктарыны на веданне Правіл дарожнага руху, практычныя заняткі з вывучэннем жэстаў рэгуліроўшчыка і маршруту бяспечнага шляху са школы дамоў, кіналекторыі з дэманстрацыяй прафілактычных відэаматэрыялаў, рэгіянальныя і абласныя конкурсы атрадаў юіраўцаў і інш. Разам з ДАІ ладзяцца акцыі “Увага! Дзеці на дарогах” і “Першакласнік, стань заўважным пешаходам!”, а таксама тыдні бяспекі дарожнага руху. Правілы дарожнага руху вывучаюцца на занятках вучэбнага курса “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”, класных і інфармацыйных гадзінах. У школах і дзіцячых садках аформлены тэматычныя стэнды і куткі, абсталяваны спецыяльныя пляцоўкі, дзе праходзяць практычныя заняткі. Правілам дарожнага руху ўдзяляецца павышаная ўвага і ў аздараўленчых летніках.

Нягледзячы на меры, якія прымаюцца, стан дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму па-ранейшаму выклікае заклапочанасць. Так, па выніках 8 месяцаў гэтага года на Брэстчыне зарэгістравана 49 дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей, у выніку якіх двое з іх загінулі.

- На жаль, у арганізацыі падвозу дзяцей і выхаванні ў іх бяспечных паводзін на дарозе так і не вырашаны шэраг сур’ёзных пытанняў, якія ўплываюць на жыццё і бяспеку, - адзначыў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук. – Недапрацоўваюць у прафілактычнай рабоце не толькі педагогі, але і бацькі.

- Дзяржаўтаінспекцыя цесна ўзаемадзейнічае з сістэмай адукацыі, - расказаў начальнік упраўлення ДАІ абласнога УУС С.В.Талатай. – Некаторыя праблемныя пытанні магчыма вырашыць толькі сумеснымі намаганнямі. Сёння канчаткова не адрэгуляваны працэс медагляду вадзіцелей школьных аўтобусаў перад рэйсам, з-за чаго даводзіцца сутыкацца з фактамі кіравання транспартам у нецвярозым стане. Улічваючы дэфіцыт мужчынскіх вадзіцельскіх кадраў у сельскай мясцовасці, варта больш актыўна прыцягваць да работы жанчын (70% тралейбусаў у Брэсце кіруецца імі). Неабходна ствараць навучальныя фільмы для дзяцей па элементарных нормах паводзін на дарозе і выніках неахайнасці ўдзельнікаў дарожнага руху, каб выхаваць пачуццё самазахавання і самадысцыпліны. За кожнай навучальнай установай павінен быць замацаваны супрацоўнік ДАІ.

С.В.Талатай адказаў на пытанні начальнікаў рай(гар)аддзелаў адукацыі, спорту і турызму і кіраўнікоў устаноў адукацыі, якія тычыліся складання пратаколаў аб адміністратыўных парушэннях на непаўналетніх пешаходаў, абсталявання экалагічных парковак каля ўстаноў адукацыі і інш.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.