Сям’я – школа: зрабіць вольны час дзяцей цікавым, карысным, змястоўным
18.10.2015Як правіла, бацькоўскае асяроддзе не з’яўляецца прыярытэтным цэнтрам правядзення вольнага часу моладзі. Большасць школьнікаў праводзіць вольны час па-за домам, у кампаніі равеснікаў. Таму праблема арганізацыі вольнага часу падлеткаў з’яўляецца сёння вельмі актуальнай. У сярэдняй школе № 4 Лунінца яе вырашаюць праз актыўны ўдзел дзяцей і бацькоў у клубных аб’яднаннях, праектнай дзейнасці і сацыяльных ініцыятывах, сумесным вольным часе сям’і і навучальнай установы.
Для правядзення вольнага часу дзяцей і іх зносін у школе было створана клубнае аб’яднанне “Здаравячок”, дзейнасць якога арганізавана па прынцыпе “роўны навучае роўнага”. Вучні перадаюць веды адно аднаму, фарміруюць важныя навыкі ў асяроддзі равеснікаў, якія маюць аднолькавыя інтарэсы і падвержаны аднолькавай рызыцы.
- З мэтай далучэння дзяцей да сацыяльна значнай дзейнасці, накіраванай на вырашэнне актуальных экалагічных праблем, фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі і развіццё інтарэсу да захавання прыродных багаццяў роднага краю, удзельнікі клуба ініцыіравалі і рэалізавалі экалагічны праект “Захаваем чысціну і багацце лесу”, - расказвае Л.У.Курчэня. – Мэта праекта – прыцягненне ўвагі грамадскасці да экалагічных праблем зялёнай зоны райцэнтра і стану навакольнага асяроддзя, а таксама выпрацоўка мер па паляпшэнні мясцовай экалагічнай абстаноўкі.
Па словах Л.У.Курчэні, удзел у экалагічным суботніку “Чысціня лесу залежыць ад нас”, экалагічнай экскурсіі “Экагід”, працоўнай акцыі “Збяры макулатуру – вырасці дрэва”, вырабе экалагічных лістовак і плакатаў змяніў адносіны вучняў не толькі да прыроды, але і працы людзей, якія расцяць і ахоўваюць лясы, збіраюць смецце за іх неахайнымі наведвальнікамі. У дзяцей з’явілася адчуванне маральнай адказнасці перад прыродай і задавальнення ад зробленага сваімі рукамі.
З мэтай выхавання грамадзянскай адказнасці за будучыню краіны, далучэння моладзі да практычнай дзейнасці па ахове прыродных багаццяў клубаўцы прынялі ўдзел у абласной акцыі “Расціце дрэвы ў славу Вялікай Перамогі!”, якая прадугледжвала пасадку алеі ў гонар 70-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне з запрашэннем ветэранаў.
- Гатоўнасць дзяцей вырашаць малыя экалагічныя праблемы і актыўна ўдзельнічаць у працоўнай і стваральнай экалагічнай дзейнасці знайшла адлюстраванне ў сацыяльна-педагагічным праекце “ЗДРАВствуй!”, - гаворыць Л.У.Курчэня. – Назва праекта – гэта не толькі пажаданне здароўя і прывітанне дзеля наладжвання пазітыўных зносін з іншымі людзьмі, але і дзеянне, якое пабуджае да пастаяннай здаровай актыўнасці.
Праект заснаваны на ідэі сюжэтна-ролевай гульні, прадстаўленай у выглядзе анлайн-серыяла, дзе вучні з’яўляюцца галоўнымі героямі змадэляванай гульнявой сітуацыі. Звычайныя юнакі і дзяўчаты кожную суботу становяцца ратавальнікамі. На працягу ўсяго серыяла яны разам з прадстаўнікамі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, мясцовага лясгаса, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі пазбаўляюць горад ад смецця, кормяць птушак снежнай зімой, выратоўваюць ад разбурэння мурашнікі, дапамагаюць дому заставацца цёплым і ўтульным, а сям’і і сябрам – здаровымі і жыццярадаснымі.
Падчас ратавальных аперацый удзельнікі гульні авалодалі навыкамі здаровага ладу жыцця, бяспечных і адказных паводзін, асэнсавалі прычыны, спосабы ўстаранення і папярэджання экалагічных праблем праз розныя віды дзейнасці. Акрамя таго, пры рэалізацыі праекта ў школьнікаў сфарміраваліся ўсвядомленыя беражлівыя адносіны да прыроды і ўласнага здароўя, зацікаўленасць у вывучэнні навакольнага асяроддзя, уяўленне пра маральныя каштоўнасці. Дзеці набылі не толькі жыццёва важныя ўменні і навыкі па захаванні свайго здароўя і прыроднага асяроддзя, але такія неабходныя чалавечыя якасці, як беражлівасць, працавітасць, цярпімасць, ініцыятыўнасць і здольнасць да супрацоўніцтва.
Праект быў адзначаны дыпломам І ступені Міністэрства адукацыі на рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня ў намінацыі “Здароўе – гэта здорава”.
- Дзейнасць клуба дазваляе выявіць падлеткаў з лідарскімі здольнасцямі, ініцыятыўных юнакоў і дзяўчат, здольных весці за сабой іншых, - адзначае Л.У.Курчэня. – Пры падтрымцы таварышаў-клубаўцаў Вольга Караваевіч перамагла ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Лідар – 2015”.
Па словах Л.У.Курчэні, вялікую ролю ў выхаванні моладзі адыгрывае ўзаемадзеянне сям’і і школы. У чым сакрэт паспяховых адносін настаўнікаў і бацькоў? В.А.Сухамлінскі пісаў: “Як мага менш выклікаў у школу мам і татаў для маральных натацый дзецям і як мага больш духоўных зносін дзяцей з бацькамі, якія прыносяць радасць мамам і татам”.
Актуальнасць эфектыўнага ўзаемадзеяння сям’і і школы вызначыла выбар тэмы і напрамку другога сацыяльна-педагагічнага праекта “Суботні тэлеканал “Паспяховая сям’я”, мерапрыемствы якога праводзіліся ў форме тэлеперадач: “Несакрэтныя матэрыялы” (бацькоўскія сходы), “Хачу ведаць” (індывідуальныя і тэматычныя кансультацыі для бацькоў), “Акадэмія талентаў” (выраб бацькамі і дзецьмі прадметаў з прыроднага матэрыялу, гатаванне страў беларускай кухні), “Суботні вечар” (тэматычныя сустрэчы “Парад літаратурных герояў”, “Масленіца”, “Хэлоўін”), “Мір вашаму дому” (дабрачынныя акцыі “Ветэраны побач з намі”, “Падзяліся цяплом сваёй душы”), “Асяроддзе пражывання” (працоўныя і экалагічныя акцыі “Чысты горад”, “Мой двор – мой клопат”) і “Даведнік” (экскурсіі ў арганізацыі і на прадпрыемствы, дзе працуюць бацькі вучняў). Напрыканцы навучальнага года праходзіць цырымонія “Тэлевяршыня” з удзелам настаўнікаў, дзяцей і бацькоў, якія з’яўляюцца пераможцамі розных намінацый.
- Суботняе супрацоўніцтва настаўнікаў, бацькоў і вучняў дазваляе ўбачыць адно аднаго ў нязвыклай абстаноўцы, лепш зразумець родных, раскрывае ў мамах і татах вялікі выхаваўчы патэнцыял і жаданне дапамагчы сваім дзецям стаць шчаслівымі, павышае аўтарытэт школы, аб’ядноўвае выхаваўчыя намаганні бацькоў, - заўважае Л.У.Курчэня. – Добразычлівая атмасфера ў класе і бацькоўскім калектыве – магутны стымул для творчай работы настаўніка, які адчувае патрэбу ў прызнанні сваіх дасягненняў.
Маніторынг, праведзены па выніках рэалізацыі праекта, паказаў, што дзеці сталі больш вольнага часу праводзіць з бацькамі, больш давяраць у ацэнцы сваіх учынкаў ім і настаўнікам. Так, сёння за парадай да бацькоў звяртаецца 60% дзяцей, да педагогаў – 40%.
Вопыт работы школы адзначаны дыпломам ІІІ ступені Міністэрства адукацыі па выніках удзелу ў рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту “Сям’я і ўстанова адукацыі: вопыт эфектыўнага ўзаемадзеяння”.
- Можна гаварыць шмат добрых і правільных слоў, але пра чалавека красамоўна сведчаць учынкі і справы. Гэта адносіцца і да настаўніка. Дзеці вельмі ўважлівыя да таго, як сябе паводзіць педагог у жыцці, ці разыходзяцца яго словы на ўроку з рэальнымі ўчынкамі. Калі разыходзяцца, то, зразумела, такі настаўнік мала чаму навучыць. Да яго не будзе даверу. З іншага боку, можна не гаварыць высокіх слоў пра грамадзянскасць і патрыятызм, а проста штодзень паводзіць сябе годна. Нашы педагогі імкнуцца паступаць менавіта так, - падагульняе Л.У.Курчэня.
Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.