Настаўнік, рамантык, акцёр

08.10.2015
Са школьных гадоў настаўнік рускай мовы і літаратуры ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста Ілья Міхайлавіч Пархуціч марыў аб творчай прафесіі, звязанай з чалавечымі зносінамі. І няхай ён не стаў дыпламаваным акцёрам і рэжысёрам, педагогіка дапамагла цалкам рэалізаваць жаданае.

- Бацькі бачылі мяне архітэктарам, але гэта было не маё, - прызнаецца Ілья Міхайлавіч. – Прываблівала творчая дзейнасць: акцёрская гульня, рэжысёрская работа. Падчас вучобы ў сярэдняй школе № 18 Брэста, дзе рускую мову і літаратуру выкладала цудоўны педагог Валянціна Фёдараўна Шаламіцкая, актыўна ўдзельнічаў у Пушкінскіх чытаннях, перачытаў са сцэны ўвесь пушкінскі рэпертуар.

Працаваць І.М.Пархуціч пачаў у роднай школе, калі вучыўся на 5 курсе філалагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна. У гэтую школу быў накіраваны і па размеркаванні. У “пушкінскім” ліцэі № 1 працуе з 2008 года, з верасня 2015-га – намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце.

- У педагогіку прывяла рамантыка настаўніцкай прафесіі, - гаворыць Ілья Міхайлавіч. – У сучасных прафесіях рамантыкі няма, а настаўніцтва дапамагае раскрываць творчыя здольнасці дзяцей і сябе. Максім Горкі нездарма называў літаратуру чалавеказнаўствам, бо яна дапамагае выхаваць у чалавеку важныя маральныя якасці.

І.М.Пархуціч упэўнены, што сучасны настаўнік павінен быць не толькі добрым прадметнікам на ўроку, але і акцёрам, і рэжысёрам. Для педагога вельмі важна мець харызму, свой голас, почырк і стыль. Толькі тады настаўнік будзе цікавы і карысны дзецям, калі яго асоба прыцягвае ўвагу і літаральна “заражае” прадметам, лічыць Ілья Міхайлавіч.

На ўроках педагог выкарыстоўвае элементы розных асобасна арыентаваных педагагічных тэхналогій. Формы арганізацыі вучэбных заняткаў таксама разнастайныя: урокі-даследаванні, пагружэнні, пошукі, практыкумы, вучэбныя праекты, лекцыі, семінары, панарамы творчых работ вучняў. У рабоце І.М.Пархуціч аддае перавагу ўніверсітэцкай сістэме лекцыйна-практычных заняткаў. Шмат увагі настаўнік удзяляе вывучэнню тэорыі рускай мовы з дапамогай блочнай сістэмы падачы матэрыялу. Урокі літаратуры вылучаюцца яркай выхаваўчай накіраванасцю. Адным з галоўных напрамкаў работы педагога з’яўляецца развіццё творчасці вучняў. У пазакласнай дзейнасці звяртаецца да тэатралізацыі, “жывой” газеты, пісьмовага рэцэнзавання.

Выхаванцы І.М.Пархуціча – неаднаразовыя прызёры і пераможцы рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры, рэспубліканскіх конкурсаў рытарычнага майстэрства вучняў і іншых профільных спаборніцтваў. На працягу 4 гадоў педагог узначальвае каманду Маскоўскага раёна Брэста на абласной алімпіядзе па рускай мове і літаратуры. У свой час І.М.Пархуціч з’яўляўся кіраўніком творчай групы настаўнікаў ліцэя “Навучанне рускай мове сродкамі суб’ектывізацыі”. З 2013 года ўзначальвае ліцэйскую кафедру філалогіі. Дзеліцца вопытам арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці вучняў і настаўнікаў у Брэсцкім абласным ІРА, з’яўляецца аўтарам шэрага тэарэтычных і практычных работ па методыцы выкладання філалагічных дысцыплін і работ, прысвечаных праблемам тэатра і руска-беларускім літаратурным сувязям. Добрасумленная і выніковая праца педагога адзначана шматлікімі граматамі, прэміяй Брэсцкага аблвыканкама і прэміяй спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Фота аўтара.