Універсітэт – школа: разам рыхтаваць спецыялістаў для народна-гаспадарчага комплексу краіны

18.09.2015
Прыярытэтная роля ў фарміраванні і рэалізацыі інавацыйнай стратэгіі развіцця рэгіёнаў Беларусі належыць вышэйшай школе. Місія ўніверсітэтаў Брэстчыны – аднаўленне інтэлектуальнага патэнцыялу тэрыторыі і яе эфектыўнае выкарыстанне для павышэння якасці жыцця насельніцтва.

Сістэма вышэйшай адукацыі вобласці забяспечвае падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў па напрамках і спецыяльнасцях, у якіх мае патрэбу рэгіён. Так, 72% выпускнікоў УВА Брэстчыны размяркоўваюцца ва ўстановы і арганізацыі вобласці.

Геаграфія абітурыентаў Брэстчыны сведчыць пра рэгіяналізацыю іх паступлення, што тлумачыцца зніжэннем эканамічных затрат на навучанне ў сувязі з яго блізкасцю. Так, ва УВА вобласці ў 2014/2015 навучальным годзе атрымлівалі веды больш за 29 тысяч студэнтаў, з якіх амаль 88% - жыхары Брэстчыны.

Рашэнне дзяржаўных задач, якія стаяць перад сістэмай адукацыі вобласці, магчыма толькі пры сумесным эфектыўным узаемадзеянні ўстаноў, якія забяспечваюць усе ўзроўні атрымання адукацыі. Адным з найбольш важных і эфектыўных напрамкаў узаемадзеяння з’яўляецца прафарыентацыйная дзейнасць. Так, БарДУ супрацоўнічае па пытаннях прафарыентацыі з установамі адукацыі Баранавіч і прылеглых раёнаў Брэсцкай, Мінскай і Гродзенскай абласцей.

Прафарыентацыйная дзейнасць уключае шэраг мерапрыемстваў: распаўсюджваюцца буклеты і спецвыпуск газеты “Мой універсітэт” аб умовах прыёму і факультэтах БарДУ; праводзіцца інфармаванне праз мультымедыйныя прэзентацыі, рэкламныя ролікі і электронныя сайты аб спецыяльнасцях і кваліфікацыях; ажыццяўляецца анкетаванне выпускнікоў шэрага школ з мэтай вывучэння попыту на адукацыйныя паслугі ўніверсітэта і запытаў будучых абітурыентаў (да сёлетняй прыёмнай кампаніі былі апытаны каля 1,5 тысячы рэспандэнтаў). Вынікі анкетавання выкарыстоўваюцца для індывідуальнай адраснай прафарыентацыйнай работы. Акрамя таго, ва ўніверсітэце ладзяцца экскурсіі для вучняў-выпускнікоў, падчас якіх яны знаёмяцца з матэрыяльна-тэхнічнай базай установы, побытавымі ўмовамі і ўмовамі для заняткаў спортам, арганізацыяй культурнага і вольнага часу студэнтаў. Дзякуючы комплексу прафарыентацыйных мерапрыемстваў, БарДУ цалкам выконвае кантрольныя лічбы прыёму на дзённую бюджэтную форму атрымання адукацыі.

У рамках практыка-арыентаванай падрыхтоўкі педагагічных кадраў універсітэта створаны 8 філіялаў кафедр на базе ліцэя № 1, гімназій №№ 1, 4 і 5, сярэдніх школ №№ 7, 10 і 14 Баранавіч. Кіраўнікі філіялаў кафедр і лепшыя педагогі прыцягваюцца да правядзення вучэбных заняткаў і навукова-метадычных мерапрыемстваў у БарДУ.

Ва ўніверсітэце функцыянуе сектар інклюзіўнай адукацыі, які з’яўляецца рэсурсным навукова-метадычным цэнтрам для навучальных устаноў. Дзякуючы яго дзейнасці створаны ўмовы для атрымання адукацыі людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Сёння ў БарДУ 21 такі студэнт.

Выкладчыкі і студэнты ўніверсітэта займаюць актыўную пазіцыю ва ўсіх сацыяльных і палітычных падзеях, транслюючы і прасоўваючы дзяржаўную палітыку ў сваім рэгіёне. Так, студэнцкая моладзь і педагагічны калектыў БарДУ праявілі вялікую актыўнасць у важнай палітычнай падзеі краіны – перадвыбарнай прэзідэнцкай кампаніі. У ініцыятыўную групу па падтрымцы дзеючага кіраўніка дзяржавы ўваходзілі 38 студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэта, якія сабралі больш за 25% подпісаў ад усёй ініцыятыўнай групы Баранавіч.

Вялікая ўвага ўдзяляецца захаванню сацыякультурных традыцый і духоўнай спадчыны. Ва ўніверсітэце дзейнічаюць 15 творчых калектываў, гурткоў і клубаў па інтарэсах, з якіх 4 з’яўляюцца народнымі аматарскімі, працуюць 18 спартыўных секцый і груп здароўя па розных відах спорту.

Універсітэты, валодаючы значнымі інфармацыйнымі рэсурсамі, збудаваннямі для культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў, моцна ўплываюць на сацыяльнае і грамадскае асяроддзе, выступаючы ў якасці цэнтраў культуры, спорту і сацыяльнай асветы ў рэгіёнах. Такім цэнтрам з’яўляецца і БарДУ, які мае добра развітую інфраструктуру і матэрыяльна-тэхнічную базу.

Забеспячэнне выпускнікоў першымі рабочымі месцамі – надзвычай працаёмкі працэс. Сёлета БарДУ сутыкнуўся з праблемай адмоў прадпрыемстваў ад сваіх заявак на маладых спецыялістаў.

Ва ўніверсітэце існуюць дагаворныя адносіны па падрыхтоўцы спецыялістаў з больш як 20 аддзеламі адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў. БарДУ за час сваёй дзейнасці выпусціў каля 6,7 тысячы запатрабаваных спецыялістаў педагагічнага профілю. Трэба адзначыць, што ў апошнія гады нават не задавальняюцца ўсе заяўкі на выпускнікоў педагагічных спецыяльнасцей, якія паступаюць ва ўніверсітэт.

Выпускнікі БарДУ дасягаюць высокіх вынікаў у прафесійнай дзейнасці. Так, выпускнік 2011 года Аляксандр Шэстак перамог у 2013 годзе ў конкурсе “Малады настаўнік Баранавіч і Баранавіцкага раёна” і стаў дыпламантам абласнога конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны”, выпускнік 2010 года Яўген Грыгор’еў у 2013 годзе выйграў конкурс “Малады настаўнік Брэстчыны” і конкурс прафесійнага майстэрства “Умельцы Брэстчыны”, выпускніца 2012 года Настасся Каравайцава перамагла ў сёлетнім конкурсе “Малады настаўнік Баранавіч” і заняла 2 месца ў абласным конкурсе “Малады настаўнік Брэстчыны”, выпускніца 2015 года Аляксандра Малаканава – пераможца рэспубліканскага конкурсу “Студэнт года – 2014”.

Толькі эфектыўнае і мэтанакіраванае супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі пры падтрымцы аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў дазваляе дасягнуць мэт і задач, якія стаяць перад адукацыйнай галіной Брэстчыны. Разам з тым патрабуе вырашэння шэраг праблемных пытанняў. Так, неабходны якасны маніторынг перспектыўнай кадравай патрэбы рэгіёна ў спецыялістах з вышэйшай адукацыяй (не толькі педагагічнага профілю). Мэтавая падрыхтоўка педагагічных кадраў – трохбаковы працэс, у якім з УВА павінны цесна супрацоўнічаць не толькі аддзелы адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў, але і самі навучальныя ўстановы, забяспечваючы рэальны конкурс на мэтавыя месцы. Хацелася б больш канструктыўнага дыялогу з рэгіянальнымі органамі адукацыі ў гэтым напрамку.

Васіль КАЧУРКА,

рэктар Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта,

доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар.