Выхоўваць чалавека-працаўніка і грамадзяніна
3.9.2015Удзельнікі канферэнцыі, якая праходзіла ў Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры, азнаёміліся з выставай творчых дасягненняў вучняў “Вучымся працаваць і тварыць на роднай зямлі” і вопытам устаноў адукацыі вобласці па грамадзянска-патрыятычным выхаванні “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.
- Ад стану эканомікі залежыць развіццё адукацыі, навукі, культуры і сістэмы аховы здароўя, - адзначыў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук. – Для ўстойлівага развіцця краіны неабходна, каб на прадпрыемствы і ў арганізацыі народна-гаспадарчага комплексу прыходзілі высокакваліфікаваныя спецыялісты – сённяшнія і заўтрашнія выпускнікі школ, гімназій, ліцэяў, ПТНУ, ССНУ і УВА. Перад сістэмай адукацыі стаіць задача па выхаванні чалавека-працаўніка і грамадзяніна, якія змогуць паспяхова рэалізавацца ў сучасных эканамічных умовах. У станаўленні працавітага, прафесійна арыентаванага чалавека вялікую ролю адыгрываюць не толькі настаўнікі працоўнага навучання, класныя кіраўнікі, намеснікі дырэктара па выхаваўчай рабоце, але і іншыя педагогі, адукацыйнае асяроддзе, працоўныя традыцыі і дасягненні навучальных устаноў, а таксама сям’я.
Сёння на Брэстчыне працуюць 521 установа агульнай сярэдняй адукацыі і 490 дашкольных устаноў. За парты 1 верасня сядуць каля 159 тысяч дзяцей, што на 1,7 тысячы больш, чым летась. У сістэме адукацыі вобласці працягваецца паслядоўная аптымізацыя. Сацыяльныя стандарты ў галіне адукацыі выконваюцца цалкам. Умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі. Будуюцца новыя дзіцячыя садкі, школы, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Органы ўлады ўдзяляюць вялікую ўвагу сістэме адукацыі, у тым ліку яе праблемам. Ад іх паспяховага вырашэння залежыць сацыяльна-эканамічнае развіццё не толькі рэгіёна, але і краіны ў цэлым.
М.А.Ціханчук расказаў, што на кожнай адукацыйнай ступені ствараюцца неабходныя ўмовы (кадравыя, матэрыяльныя, метадычныя) для ўзрошчвання працавітых грамадзян. Надзвычай вялікую ролю ў гэтым адыгрывае прафесійна-тэхнічная адукацыя, якая з’яўляецца кузняй рабочых кадраў, запатрабаваных народна-гаспадарчым комплексам Брэстчыны.
Сёння кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў рыхтуюць 23 ПТНУ і 4 ССНУ вобласці. 12 тысяч навучэнцаў атрымліваюць веды па 115 кваліфікацыях. За апошнія гады адкрыта падрыхтоўка па 24 новых прафесіях.
На жаль, некаторыя ПТНУ недастаткова ўдасканальваюць структуру прафесійнай падрыхтоўкі і абнаўляюць яе ў адпаведнасці з запытамі рынку працы. Пакідае жадаць лепшага і актыўнасць заказчыкаў кадраў у мэтавай падрыхтоўцы. Разам з тым укараняецца практыка дадатковага атрымання кожным навучэнцам на платнай аснове любой кваліфікацыі, па якой ажыццяўляецца падрыхтоўка (каля 14% ад усіх навучэнцаў штогод). Пашыраецца доступ да прафтэхадукацыі за кошт адкрыцця завочнага і дамашняга навучання.
- Навучэнцы ўдасканальваюць прафесійныя веды, уменні і навыкі, вывучаюць новую тэхніку, абсталяванне, тэхналогіі, перадавыя вытворчыя прыёмы і метады працы не толькі ў ПТНУ, але і ў рэсурсных цэнтрах, створаных на базе 6 вядучых устаноў, - адзначыў М.А.Ціханчук. – У мінулым навучальным годзе праз цэнтры прайшлі больш за 2 тысячы чалавек. За год цэнтры зарабілі каля 100 млн рублёў. Але назіраецца даволі нізкая зацікаўленасць прадпрыемстваў-вытворцаў у прасоўванні новай тэхнікі і абсталявання праз ПТНУ і ССНУ, дзе ажыццяўляецца падрыхтоўка кадраў для пэўнай галіны.
Радуе павышэнне якасці падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў. Так, штогод павялічваецца колькасць выпускнікоў ПТНУ, якія атрымалі 4 і вышэй кваліфікацыйны разрад (сёлета амаль 49%). З мэтай пашырэння зоны прафесійнай кампетэнтнасці і павышэння канкурэнтаздольнасці на рынку працы штогод больш за 70% выпускнікоў атрымліваюць 2 і больш кваліфікацыі. Праўда, насцярожвае той факт, што больш за 5% выпускнікоў атрымліваюць паніжаныя разрады. На працягу апошніх гадоў забяспечваецца амаль поўнае размеркаванне выпускнікоў ПТНУ.
На Брэстчыне шмат робіцца для развіцця творчай ініцыятывы навучэнцаў і педагогаў ПТНУ, удасканалення іх інтэлектуальных і прафесійных навыкаў, папулярызацыі прафесійнай адукацыі, паважлівага стаўлення да працоўнай дзейнасці і атрыманай прафесіі. На гэта скіраваны шматлікія абласныя прафесійныя конкурсы і алімпіяды прафесійнага майстэрства. Дасягненні навучэнцаў і педагогаў не застаюцца незаўважанымі з боку ўлады. Пераможцы конкурсаў атрымліваюць прэміі аблвыканкама. Годна ацэньваецца праца выхаванцаў ПТНУ сельскагаспадарчага профілю па выніках жніва. Так, на абласных “Дажынках” ганаровыя ўзнагароды і прэміі аблвыканкама разам з перадавікамі жніва атрымліваюць навучэнцы і майстры вытворчага навучання.
М.А.Ціханчук звярнуў увагу на прафесійны ўзровень педагогаў, якія фарміруюць культуру працы і садзейнічаюць грамадзянскаму станаўленню выпускнікоў. Так, вышэйшую адукацыю маюць 68% педагогаў, вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю – 65%. Гэтыя лічбы сведчаць пра тое, што яшчэ ёсць куды імкнуцца ў павышэнні кваліфікацыйнага ўзроўню. Сучасныя ўмовы патрабуюць ад педагогаў аператыўнай і дакладнай арыентацыі ў новых навуковых і тэхналагічных асновах прафесійнай справы, валодання ІКТ. Сур’ёзнага ўдасканалення патрабуе і выхаваўчая работа ў ПТНУ: арганізацыя вольнага часу навучэнцаў, узаемадзеянне з іх сем’ямі, фарміраванне здаровага ладу жыцця, прафілактыка шкодных звычак, правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх.
- Працоўным і грамадзянскім выхаваннем варта займацца з ранняга дзяцінства, - упэўнены М.А.Ціханчук. – Праз гульнявую дзейнасць дашкольнікі ўсведамляюць неабходнасць паважлівага стаўлення да бацькоў, Радзімы і працы дарослых, набываюць элементарныя ўменні самаабслугоўвання.
Вопыт арганізацыі элементарнай працоўнай дзейнасці дашкольнікаў абагулены ў Пінскім, Пружанскім, Ганцавіцкім і Столінскім раёнах. Так, у Малоткавіцкім яслях-садзе Пінскага раёна рэалізоўваецца адукацыйны праект “Маленькія гаспадары беларускай зямлі”, у Любашаўскім яслях-садзе – пачатковай школе Ганцавіцкага раёна – “Праца як сродак фарміравання важнейшых маральных якасцей беларусаў”, у Ліноўскім яслях-садзе Пружанскага раёна – “Сюжэтна-ролевая гульня як сродак пазнання дзецьмі навакольнага свету”.
Па словах М.А.Ціханчука, перад сістэмай дашкольнай адукацыі вобласці стаіць шэраг важных задач. Неабходна развіваць сетку прыватных дзіцячых садкоў і адкрываць самаакупныя групы на першых паверхах жылых дамоў, пераводзіць дзяцей, якія нерэгулярна наведваюць дашкольныя ўстановы, на гнуткі рэжым кароткачасовага знаходжання ў групах, удасканальваць арганізацыю харчавання дашкольнікаў і інш.
Працоўнаму навучанню моладзі ўдзяляецца павышаная ўвага і ў школах. Сёння ў іх працуе каля 1,1 тысячы настаўнікаў тэхнічнай і абслуговай працы. Аналіз кадравага складу педагогаў паказвае, што аддзелам адукацыі, спорту і турызму неабходна накіроўваць намаганні на павышэнне кваліфікацыйнага ўзроўню выкладання тэхнічнай працы праз завочную форму навучання ва УВА ці ССНУ і атэстацыю настаўнікаў без катэгорыі. Абслуговая праца не можа выкладацца настаўнікамі тэхнічнай працы.
Матэрыяльна-тэхнічная база шэрага школ даволі слабая. Наяўнае абсталяванне не адпавядае сучасным патрабаванням. Але ёсць прыклады ўстаноў, дзе працоўныя майстэрні і кабінеты абслуговай працы з’яўляюцца ўзорнымі (Яглевіцкая сярэдняя школа Івацэвіцкага раёна, сярэдняя школа № 7 Кобрына).
- Працоўнае навучанне дазваляе далучыць дзяцей да грамадска-карыснай працы, якая добра фарміруе грамадзянскую свядомасць, - заўважыў М.А.Ціханчук. – Выхаванне пачынаецца з самаабслугоўвання ў розных формах: ініцыятыўнае прыбіранне класаў, выкананне абавязкаў санітараў, кветкаводаў і бібліятэкараў, удзел у экалагічных і прыродаахоўных акцыях, валанцёрская дзейнасць і інш. Трэба ўкараняць актыўныя формы працоўнага навучання школьнікаў.
Ва ўстановах адукацыі вобласці дзейнічае шмат класаў ранняй прафарыентацыі: кадэцкія, ваенна-патрыятычныя і інш. На думку М.А.Ціханчука, надышоў час больш актыўна ствараць у школах педагагічныя класы, улічваючы трывожную сітуацыю з наборам абітурыентаў на педагагічныя спецыяльнасці УВА. Неабходна выхоўваць у моладзі пазітыўнае стаўленне да настаўніцкай прафесіі. Да гэтай работы варта далучаць бацькоў і выкладчыкаў УВА. Педагагічныя класы можна адкрываць у межах профільнага навучання. Акрамя таго, у прафарыентацыйнай дзейнасці неабходна накіроўваць моладзь на спецыяльнасці заўтрашняга дня ў сферы транспартнай і лагістычнай інфраструктуры, трансгранічных і інфармацыйных паслуг, сельскай гаспадаркі, турызму, экатэхналогій і інавацыйнага развіцця прадпрыемстваў. Выпускнікі УВА павінны быць запатрабаванымі на сучасным рынку працы і прыносіць рэальную карысць эканоміцы рэгіёна.
Цікавымі і змястоўнымі былі выступленні іншых удзельнікаў нарады. Так, дырэктар Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання С.У.Шышына вяла гаворку пра падрыхтоўку канкурэнтаздольных і запатрабаваных на рынку працы спецыялістаў. Дырэктар гімназіі Ганцавіч І.У.Бараноўская засяродзіла ўвагу на стварэнні і развіцці адукацыйнага гімназічнага асяроддзя, якое садзейнічае сацыялізацыі вучняў. Дырэктар Гарадзішчанскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна С.М.Вінаград падзяліўся вопытам сеткавага ўзаемадзеяння ўстановы адукацыі ў арыентацыі вучняў на спецыяльнасці, запатрабаваныя рэгіянальным аграпрамысловым комплексам. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 4 Лунінца Л.В.Курчэня расказала пра ўзаемадзеянне вучняў, іх бацькоў і педагогаў у арганізацыі карыснага вольнага часу. Рэктар БарДУ В.І.Качурка акрэсліў асноўныя шляхі і праблемы падрыхтоўкі спецыялістаў для народна-гаспадарчага комплексу Брэстчыны ва ўзаемадзеянні УВА і школ.
Завяршылася нарада ганараваннем лепшых педагогаў Брэстчыны. З рук кіраўніка вобласці А.В.Ліса яны атрымалі граматы і падзячныя пісьмы аблвыканкама. Намеснік міністра адукацыі С.В.Руды ўручыў нагрудныя знакі “Выдатнік адукацыі” дырэктару сярэдняй школы № 26 Брэста П.С.Герасімуку, загадчыцы санаторнага ясляў-сада № 15 Брэста А.В.Камышкала, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Астрамечаўскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна К.Ц.Мізернік і метадысту ВМК аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста К.І.Гук.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.