Вырашаць агульныя праблемы разам

27.8.2015

Нядаўна ва ўкраінскім Луцку адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Дэвіянтныя паводзіны падлеткаў: праблемы і шляхі іх вырашэння”. Удзельнікі мерапрыемства, сярод якіх былі і прадстаўнікі Брэстчыны, узнімалі розныя пытанні, звязаныя з прафілактыкай дзіцячых дэвіяцый.

Начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі ўпраўлення дзяржаўнай пенітэнцыярнай службы Украіны ў Валынскай вобласці падпалкоўнік С.Н.Мацвяюк расказаў, што на Валыні асноўнымі прычынамі проціпраўных учынкаў падлеткаў з’яўляюцца недастатковы бацькоўскі кантроль і нізкая занятасць дзяцей у вольны ад вучобы час. Таму супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспекцыі рэгулярна праводзяць ва ўстановах адукацыі інфармацыйна-тлумачальную работу, накіраваную на фарміраванне прававой культуры і выхаванне прававой свядомасці ў вучняў.

Намеснік начальніка ўпраўлення дзяржаўнай пенітэнцыярнай службы Украіны ў Валынскай вобласці падпалкоўнік Ю.М.Безушкевіч заўважыў, што для паспяховай барацьбы з падлеткавымі злачынствамі і правапарушэннямі неабходны кансалідацыя намаганняў усіх зацікаўленых службаў і абавязковы ўдзел работнікаў пенітэнцыярнай службы ў саветах прафілактыкі ўстаноў адукацыі. Кожнага дэвіянтнага падлетка трэба, як кажуць, ведаць у твар, бачыць яго моцныя і слабыя бакі. Толькі тады можна папярэдзіць рэцыдывы і павысіць якасць прафілактычнай работы ў цэлым.

Дацэнт кафедры практычнай псіхалогіі і бяспекі жыццядзейнасці факультэта псіхалогіі Усходне-Еўрапейскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Лесі Украінкі кандыдат педагагічных навук А.П.Мельнік падзяліўся вопытам і вынікамі псіхолага-сацыяльнага суправаджэння падлеткаў і бацькоў у цэнтры сацыяльнай адаптацыі “Знайдзі сябе”.

Пра паспяховую сістэму ўзаемадзеяння педагогаў з бацькамі, накіраваную на прафілактыку злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх, вёў гаворку дацэнт кафедры сацыяльнай педагогікі і педагогікі вышэйшай школы Усходне-Еўрапейскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Лесі Украінкі кандыдат педагагічных навук І.Я.Астапоўскі.

Дырэктар прытулка для падлеткаў у гміне Дрэлюў (Польшча) Дарота Сакалоўска спыніла ўвагу на станоўчых выніках праекта, заклікала яго ўдзельнікаў не спыняцца на дасягнутым і прапаноўваць новыя ідэі па ўзаемадзеянні ў прафілактычнай рабоце. Удзельнікаў канферэнцыі хоць і раздзяляе дзяржаўная мяжа, але аб’ядноўваюць агульныя поспехі і праблемы. Толькі разам можна пераадолець негатыўныя тэндэнцыі росту падлеткавых дэвіяцый у сучасным грамадстве.

Напрыканцы канферэнцыі адбылася прэзентацыя цікавых метадычных дапаможнікаў: “Знайдзі сябе: з вопыту работы цэнтра сацыяльнай адаптацыі падлеткаў з дэвіянтнымі паводзінамі”, “Праектная дзейнасць як умова павышэння эфектыўнасці работы з падлеткамі: ад тэорыі да практыкі” і “Ці лёгка быць цяжкім”. Дапаможнікі, распрацаваныя ў рамках праекта метадыстамі Брэсцкага абласнога ІРА, атрымалі высокую ацэнку ў калег і мелі вялікі попыт у педагогаў.

Эстафета ў правядзенні чарговай міжнароднай канферэнцыі перайшла да Беларусі. Восенню ў Брэсцкім абласным ІРА збяруцца прадстаўнікі зацікаўленых ведамстваў Польшчы, Беларусі і Украіны, каб вызначыць шляхі далейшага ўзаемадзеяння ў прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх.

Наталля ЯНЧУК,

метадыст вучэбна-метадычнага цэнтра ідэалагічнай і

выхаваўчай работы Брэсцкага абласнога ІРА.