Разам да паспяховай сацыялізацыі асаблівых дзяцей

29.6.2015

Перад пленарным пасяджэннем, якое праходзіла на базе Брэсцкага абласнога ІРА, удзельнікі канферэнцыі азнаёміліся з выставай-продажам вырабаў ручной работы дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў Брэстчыны, а таксама з тэматычнай метадычнай выставай.

- Тэма канферэнцыі выбрана невыпадкова, бо пры рабоце з асаблівымі дзецьмі важная роля адводзіцца менавіта структурам спецыяльнай адукацыі і сацыяльнай абароны, - адзначыў начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама М.А.Ціханчук. – Надзвычай важнай з’яўляецца і медыцынская рэабілітацыя і падтрымка дзяцей з АПФР, чаму была прысвечана І Міжнародная канферэнцыя ў 2010 годзе. Сёлета будуць абмеркаваны праблемы, прысвечаныя прававым аспектам узаемадзеяння сістэм адукацыі і сацыяльнай абароны ў пытаннях адукацыі і жыццёвага ўладкавання асаблівых дзяцей, прааналізаваны механізм пераходу выпускнікоў ЦКРНіР і дапаможных школ-інтэрнатаў у тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (гэтаму пытанню на Брэстчыне ўдзяляецца вельмі шмат увагі).

Канферэнцыя з’яўляецца своеасаблівым падвядзеннем вынікаў рэалізацыі сумеснага Плана міжведамаснага ўзаемадзеяння з сістэмай сацыяльнай абароны на 2011 – 2015 гады, зацверджанага пастановай калегіі абласнога ўпраўлення адукацыі ў 2010 годзе. Штогод актуалізуецца інфармацыя аб жыццёвым уладкаванні выпускнікоў ЦКРНіР, праводзяцца сумесныя з ТЦСАН мерапрыемствы, звязаныя з сацыякультурнай рэабілітацыяй асоб з АПФР і асаблівасцямі арганізацыі іх вольнага часу і адпачынку.

- Не менш важнымі з’яўляюцца пытанні, якія тычацца ролі грамадскіх арганізацый у павышэнні якасці жыцця сем’яў, што выхоўваюць асаблівых дзяцей, іх пражывання і суправаджэння, прафесійнай падрыхтоўкі, - заўважыў М.А.Ціханчук. – У кожнай краіне ёсць цікавыя напрацоўкі па вырашэнні праблемы ўзаемадзеяння сістэмы спецыяльнай адукацыі з зацікаўленымі ведамствамі, агульная задача якіх заключаецца ў паспяховай сацыялізацыі асаблівых дзяцей. Педагогі Брэстчыны не толькі ахвотна дэманструюць лепшы вопыт, але і з цікавасцю знаёмяцца з чужым.

Намеснік старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па працы і сацыяльных пытаннях Л.М.Багдановіч расказала аб прававых гарантыях і льготах дзецям-інвалідам і маладым інвалідам у нашай краіне. Дэпутаты шмат увагі ўдзяляюць спецыяльнай адукацыі. У Беларусі рэалізуюцца розныя дзяржаўныя праграмы, накіраваныя на сацыяльную падтрымку інвалідаў.

Вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі спецыяльнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі кандыдат педагагічных навук Т.В.Лісоўская засяродзіла ўвагу на праблемах бесперапыннай адукацыі асоб з яскравымі псіхафізічнымі парушэннямі. Сярод іх: адсутнасць 10 класа для навучання дзяцей з умеранай і цяжкай інтэлектуальнай недастатковасцю ў 2 аддзяленні дапаможнай школы; адсутнасць сістэмы рэабілітацыйных устаноў і ўмоў для падлеткаў і дарослых з яскравымі псіхафізічнымі парушэннямі ў аддзяленнях дзённага знаходжання ТЦСАН; якасная падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў, гатовых і здольных да адукацыі і суправаджэння дзяцей з АПФР; адсутнасць умоў рэалізацыі права на працу для падлеткаў і дарослых з яскравымі псіхафізічнымі парушэннямі; адсутнасць стандарта бесперапыннай адукацыі і суправаджэння, які існуе ў іншых адукацыйных галінах; адсутнасць адукацыйных паслуг і педагагічных кадраў па іх рэалізацыі ў школах-інтэрнатах для дзяцей і дамах-інтэрнатах для дарослых з інваліднасцю; адсутнасць нарматыўна замацаванага права на складанне індывідуальнай праграмы развіцця і суправаджэння дзяцей і дарослых з яскравымі псіхафізічнымі парушэннямі. Т.В.Лісоўская адзначыла, што ў краіне прымаецца шэраг мер па вырашэнні гэтых праблем. Так, на базе ПТНУ, дзе штогод навучаецца каля 2,3 тысячы дзяцей з АПФР, створаны 8 цэнтраў прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі і 2 спецыяльныя аддзяленні.

Начальнік аддзела метадычнага забеспячэння спецыяльнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі кандыдат педагагічных навук А.У.Рахманава і метадыст гэтага аддзела М.У.Быліна вялі гаворку аб навукова-метадычным забеспячэнні спецыяльнай адукацыі пры арганізацыі адукацыйнага працэсу дзяцей з цяжкімі і (ці) множнымі фізічнымі і (ці) псіхічнымі парушэннямі развіцця, у тым ліку ва ўмовах дамоў-інтэрнатаў сістэмы сацыяльнай абароны. Кніг выпускаецца шмат, але іх усё роўна недастаткова, асабліва па некаторых напрамках работы.

Надзвычай цікава было азнаёміцца з напрацоўкамі замежных калег. Так, настаўнік вучэбна-выхаваўчай установы Гайнаўкі (Польшча) Адам Зін падзяліўся вопытам навучання, выхавання і рэабілітацыі асаблівых дзяцей ва ўмовах спецыяльнай школы на канкрэтных прыкладах.

Кіраўнік майстэрні працоўнай тэрапіі Гайнаўкі Міхаіл Байка расказаў аб паспяховай рэабілітацыі маладых інвалідаў ва ўмовах майстэрні, створанай 10 гадоў назад. Гэта ўстанова дзённага знаходжання, дзе заняткі доўжацца 7 гадзін і праводзяцца па індывідуальных праграмах у групах з 5 чалавек па 8 напрамках (музычны, артыстычны, камп’ютарны, кулінарны, тэхнічны, рэабілітацыйна-адпачынкавы і інш.). Сёння ў майстэрні займаецца 35 чалавек ва ўзросце ад 20 да 47 гадоў. Ва ўстанове яны не толькі атрымліваюць якасную псіхалагічную падтрымку, але і карысна адпачываюць.

Работа майстэрні ацэньваецца кожныя паўгода для адсочвання дынамікі асобаснага развіцця яе наведвальнікаў. Акрамя таго, ва ўстанове (у рамках напрамкаў работы) праводзяцца трэніровачныя заняткі прафесійнага, бытавога, камунікацыйнага і эканамічнага характару. За гады існавання майстэрня дасягнула значных поспехаў у дзейнасці і карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у грамадстве.

Старшыня Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам А.Г.Цітова скіравала ўвагу ўдзельнікаў канферэнцыі на праблему абароненай занятасці і працаўладкавання людзей з інтэлектуальнымі парушэннямі. Грамадскае аб’яднанне рэалізуе праект “Твой шанс”, які з’яўляецца эфектыўнай формай суправаджальнага працаўладкавання асоб з інваліднасцю на адкрытым рынку працы (у выпадаку цяжкасцей з самастойным пошукам работы).

Даволі цікава было паслухаць педагога-псіхолага Л.У.Дзмітрыеву з сярэдняй школы № 1485 Масквы, якая расказала пра сацыялізацыю дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі, старшыню аб’яднання дапамогі асобам з псіхафізічнымі адхіленнямі з Нікшыча (Чарнагорыя) Мілушу Ціцу Жугіч, якая падзялілася вопытам супрацоўніцтва грамадскіх арганізацый і ўстаноў працоўнай занятасці сваёй краіны па падтрымцы дзяцей і моладзі з абмежаванымі магчымасцямі, і загадчыцу Валынскай абласной псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі (Украіна) Т.У.Мазурык, якая вяла гаворку пра асаблівасці арганізацыі работы з дзецьмі з парушэннямі развіцця ў сістэме адукацыі рэгіёна.

У другі дзень канферэнцыя праходзіла ў 4 секцыях (“Сацыялізацыя асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”, “Партнёрства ўстаноў спецыяльнай адукацыі і тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”, “Прафесійная і працоўная рэабілітацыя асоб з АПФР” і “Сацыяльна-псіхалагічнае суправаджэнне і прафесійная рэабілітацыя людзей з расстройствамі аўтыстычнага спектра”), арганізаваных на базе Брэсцкага абласнога ЦКРНіР, Брэсцкага абласнога ІРА, Цэнтра маладзёжнай ініцыятывы Брэста і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна Брэста. Падчас пасяджэнняў секцый было заслухана шмат карысных і змястоўных дакладаў з вопыту практычнай работы спецыялістаў.

Трэба адзначыць, што мерапрыемствы, прысвечаныя спецыяльнай адукацыі, нязменна праходзяць у Брэсце на высокім арганізацыйным узроўні, дзякуючы прафесіяналам з абласнога ЦКРНіР на чале з Т.В.Жук.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.