Стварыць комплексную сістэму падрыхтоўкі адораных вучняў

10.6.2015

Галоўны спецыяліст аддзела агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі абласнога ўпраўлення адукацыі Т.А.Чанава расказала, што на ўзроўні рэгіёнаў праводзілася рознабаковая работа па падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд: дзейнічалі міжшкольныя прадметныя факультатывы, праходзілі вучэбна-трэніровачныя зборы, працавалі профільныя аздараўленчыя летнікі. Акрамя таго, школьнікі ўдзельнічалі ў розных дыстанцыйных і інтэрнэт-алімпіядах. Да работы з вучнямі прыцягваліся выкладчыкі БрДУ імя А.С.Пушкіна, БрДТУ, БарДУ і БДПУ імя Максіма Танка.

Работа з алімпіяднікамі надзвычай паспяхова арганізавана ў Баранавічах. З 2012 года на базе Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава працуе рэсурсны цэнтр па падрыхтоўцы вучняў вобласці да рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд. Акрамя таго, кансультацыйныя пункты (рэсурсныя цэнтры) па рабоце з адоранымі дзецьмі дзейнічаюць у ліцэях і гімназіях многіх раёнаў.

У заключным этапе сёлетняй рэспубліканскай прадметнай алімпіяды каманда вобласці з ліку 192 вучняў заваявала 73 дыпломы (у 2013 годзе – 56, у 2014 годзе – 58). 39 пераможцаў – выхаванцы ліцэяў і гімназій. Найбольшую колькасць уладальнікаў дыпломаў падрыхтавалі педагогі Баранавіч (21), Маскоўскага (15) і Ленінскага (10) раёнаў Брэста, Іванаўскага (5) і Лунінецкага (4) раёнаў. Сярод устаноў адукацыі варта вылучыць гімназію № 1 (6 дыпломаў), ліцэй № 1 імя А.С.Пушкіна (3), сярэднюю школу № 28 (3) і сярэднюю школу № 7 (3) Брэста.

Лепшыя вынікі вучні паказалі па грамадазнаўстве (8 дыпломаў з 10 удзельнікаў), рускай мове і літаратуры (9 дыпломаў з 16 удзельнікаў), англійскай мове (6 дыпломаў з 10 удзельнікаў), інфарматыцы і фізіцы (7 дыпломаў з 15 удзельнікаў) і геаграфіі (7 дыпломаў з 16 удзельнікаў). Радуе, што сёлета каманда вобласці павялічыла не толькі колькасць дыпломаў, але і іх якасць (10 дыпломаў І ступені і 27 дыпломаў ІІ ступені). Па рускай мове і літаратуры, грамадазнаўстве і англійскай мове школьнікі Брэстчыны занялі 1 месца сярод каманд краіны, а па матэматыцы, астраноміі і беларускай мове і літаратуры – апошняе. Сумная сітуацыя па хіміі і біялогіі.

Т.А.Чанава звярнула ўвагу на шэраг праблемных пытанняў у рабоце з адоранымі вучнямі. Так, на працягу некалькіх гадоў школьнікі безвынікова выступаюць па матэматыцы (сёлета ў актыве вобласці толькі 2 дыпломы з 20 удзельнікаў). Прычына гэтай сітуацыі тоіцца ў неэфектыўным адборы і неэфектыўнай падрыхтоўцы алімпіяднікаў. Так, у асобных установах адборачныя алімпіяды не праводзяцца ўвогуле, а ўдзельнікі раённага этапу спаборніцтваў вызначаюцца па крытэрыях паспяховасці ці жадання ўдзельнічаць у іх. Выклікае недаўменне факт, калі падчас сёлетняга абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы 5 вучняў не набралі ніводнага бала.

Для вырашэння праблемы Т.А.Чанава прапанавала складаць заданні для школьнага этапу алімпіяды на раённым узроўні намаганнямі вучэбна-метадычнага кабінета ці творчай групы настаўнікаў. Мэтазгодна перагледзець крытэрыі ацэнкі алімпіядных заданняў у бок рашэння задач па матэматыцы, фізіцы, хіміі і біялогіі цалкам, а не часткова.

На працягу 10 гадоў у абласным упраўленні адукацыі абнаўляецца банк даных педагогаў, якія падрыхтавалі пераможцаў алімпіяд. Сёння ў ім 327 настаўнікаў. Але толькі 27 з іх падрыхтавалі 4 і больш дыпламантаў, а 195 – толькі па адным. Патэнцыял у педагогаў ёсць. Неабходна мэтанакіраванае павышэнне іх кваліфікацыі, напрыклад, у дыстанцыйнай форме. Вялікую дапамогу ў гэтай рабоце могуць аказаць Брэсцкі абласны ІРА і выкладчыкі УВА.

Па словах Т.А.Чанавай, работа па падрыхтоўцы алімпіяднікаў вядзецца недастаткова ў рэгіёнах. Адсутнічае комплексная сістэма падрыхтоўкі адораных вучняў ад школьнага да абласнога ўзроўню. Так, у раённых вучэбна-трэніровачных зборах удзельнічаюць толькі 1 – 3 чалавекі па кожным прадмеце. Пакідае жадаць лепшага і эфектыўнасць падрыхтоўкі: у заключным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды 38 удзельнікаў прадстаўлялі Баранавічы (атрыманы 21 дыплом), 78 школьнікаў прадстаўлялі Брэст (пераможцамі сталі 25 чалавек), Іванаўскі раён прадстаўлялі 8 вучняў (5 атрымалі дыпломы).

Значную ролю ў падрыхтоўцы алімпіяднікаў адыгрываюць профільныя летнікі. Пры іх арганізацыі асноўны акцэнт зроблены на рускую і беларускую мову і літаратуру, замежныя мовы і гісторыю. Мала профільных летнікаў па фізіцы, хіміі, біялогіі і геаграфіі.

Засмучае, што ў некаторых раёнах не праводзіліся вучэбна-трэніровачныя зборы да абласнога этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, адсутнічалі профільныя летнікі, не прыцягваліся да работы з дзецьмі выкладчыкі УВА.

Т.А.Чанава лічыць, што каардынатарам работы з адоранымі вучнямі і педагогамі ў падрыхтоўцы да алімпіяд павінен быць Брэсцкі абласны ІРА. Неабходна дасканала прадумваць формы работы, якія можна паспяхова выкарыстоўваць на працягу ўсяго навучальнага года, і максімальна выкарыстоўваць патэнцыял таленавітых настаўнікаў-алімпіяднікаў.

- Прыемна бачыць дынаміку ў выніковасці алімпіяднага руху, але па некаторых прадметах сітуацыя застаецца правальнай на працягу доўгага часу, - адзначыў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук. – Чаму сітуацыя кардынальна не мяняецца ў лепшы бок, калі створаны добрыя ўмовы для маральнай і матэрыяльнай падтрымкі педагогаў? Чаму некаторыя гімназіі не даюць вынікаў у алімпіядным руху на працягу некалькіх гадоў? У такім выпадку неабходна прымаць прынцыповыя рашэнні па замене кіраўнікоў устаноў, якія не адпавядаюць свайму прызначэнню і не забяспечваюць належную якасць адукацыі. Пытанні, звязаныя з якасцю адукацыі, павінны быць ключавымі ў рабоце кожнага кіраўніка. Рэгіянальным аддзелам адукацыі, спорту і турызму варта даваць сур’ёзную ацэнку дзейнасці кадраў.

Намеснік начальніка аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы абласнога ўпраўлення адукацыі Л.А.Цупрык паведаміла, што сёння на Брэстчыне працуюць 48 устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (26 мнагапрофільных, 16 турысцка-краязнаўчых, 4 эколага-біялагічных цэнтраў, цэнтр тэхнічнай творчасці і клуб юных маракоў). Гэтыя ўстановы каардынуюць выхаваўчы працэс у школах рэгіёнаў па сваім напрамку дзейнасці. Сетка УДА пастаянна ўдасканальваецца і аптымізуецца.

У мінулым навучальным годзе ў 4115 аб’яднаннях па інтарэсах, створаных на базе УДА, займаліся амаль 34% вучняў. Амаль палова з іх аддала перавагу аб’яднанням мастацкай творчасці. На другім месцы па папулярнасці знаходзяцца турысцка-краязнаўчыя аб’яднанні, на трэцім – эколага-біялагічныя, на чацвёртым – тэхнічнай творчасці. Адкрываюцца аб’яднанні па інтарэсах ад УДА на базе сельскіх школ.

У сістэме дадатковай адукацыі вобласці працуе больш за 1,9 тысячы педагогаў, палова з якіх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Практыкуецца завочнае (дыстанцыйнае) навучанне педагогаў дадатковай адукацыі з выкарыстаннем інтэрнэт-тэхналогій (інтэрнэт-канферэнцыі, семінары, конкурсы па найбольш актуальных пытаннях). У работу УДА актыўна ўкараняюцца сучасныя педагагічныя тэхналогіі і лепшы педагагічны вопыт. Актывізавана распрацоўка аўтарскіх праграм аб’яднанняў па інтарэсах па 11 профілях.

У сістэме дадатковай адукацыі вобласці шмат унікальных дзіцячых калектываў харэаграфічнага, эстраднага, тэатральнага, музычнага і іншых жанраў: узорны тэатр-студыя “Паралель” з Палаца дзіцячай творчасці Баранавіч, узорны ансамбль эстраднага танца “Прэстыж” і ўзорны клуб бальна-спартыўнага танца “Вікторыя” з Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці, узорны клуб аматараў фальклору “Катрынка” з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Высокага Камянецкага раёна і інш.

Ва ўстановах адукацыі вобласці працуюць 1,2 тысячы творчых калектываў (114 узорных і народных) і 203 музеі (6 народных). У аб’яднаннях па інтарэсах УДА займаюцца 715 падлеткаў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, 704 асаблівыя дзіцяці і 231 падлетак, які стаіць на ўліку ў ІСН.

З мэтай удасканалення работы УДА плануецца адкрыць аб’яднанні па інтарэсах тэхнічнага і эколага-біялагічнага профілю пры ўсіх раённых (гарадскіх) мнагапрофільных цэнтрах дадатковай адукацыі, ахапіць заняткамі ў аб’яднаннях па інтарэсах на базе ўстаноў адукацыі не менш за 90% школьнікаў (асаблівы ўпор зрабіць на 14 – 18-гадовых дзяцей), павысіць ролю УДА ў арганізацыі шостага школьнага дня і занятасці дзяцей у пазаўрочны і канікулярны час. Адной з галоўных задач застаецца стварэнне сістэмы ўзаемадзеяння УДА, ПТНУ, ССНУ і УВА ў прафарыентацыі падлеткаў, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі педагогаў дадатковай адукацыі.

- Занятасць дзяцей – важны напрамак дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі ў папярэджанні правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх, - заўважыў М.А.Ціханчук. – Гэта надзвычай актуальная праблема. Так, сёлета непаўналетнія здзейснілі ўжо 157 злачынстваў (50% з іх – крадзяжы). Пагаршаецца сітуацыя, звязаная з ужываннем і збытам наркотыкаў. Таму ролю УДА ў прафілактычнай рабоце з падлеткамі неабходна павялічваць.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.