Моўнае “Асарці”

2.6.2015

- Фестываль з’яўляецца адной з форм пазакласнай работы, якая павышае матывацыю і інтарэс школьнікаў да вывучэння замежнай мовы, развівае іх камунікацыйныя ўменні і практычныя навыкі гаварэння, творчыя здольнасці і эстэтычны густ, уяўленне, памяць і ўвагу, выхоўвае паважлівае стаўленне да ўласнай і замежнай культуры, а таксама актывізуе педагагічную дзейнасць настаўнікаў замежнай мовы па развіцці камунікацыйнай культуры вучняў, - расказала метадыст Брэсцкага абласнога ІРА І.М.Жогла. – У фестывалі ўдзельнічаюць вучні рознага ўзросту з рознай ступенню навучанасці. Спаборніцтва здымае цяжкасці ў зносінах, робіць дзяцей больш упэўненымі ў сваіх магчымасцях, рыхтуе да стасункаў у сферы будучай дзейнасці. Сёлета тэатралізаваныя пастаноўкі былі прадстаўлены на англійскай, нямецкай і польскай мовах.

З году ў год павышаецца тэатральнае майстэрства школьных калектываў. Журы адзначае высокі ўзровень іншамоўнага маўлення юных акцёраў. Сцэнічныя вобразы адпавядаюць задуме твораў. Больш разнастайнымі і маляўнічымі становяцца касцюмы і дэкарацыі, створаныя рукамі настаўнікаў і вучняў. Фестываль выяўляе і развівае таленты не толькі дзяцей, але і педагогаў. Многія з іх перакладаюць творы беларускіх аўтараў на замежную мову, пішуць уласныя сцэнарыі і песні на розных мовах. Так, настаўніцы І.А.Гвоздзік і В.С.Самайловіч з гімназіі Пружан напісалі сцэнарый “Незвычайныя прыгоды гімназістаў” па-англійску і па-нямецку, а В.М.Міцкевіч з гімназіі Іванава стварыла мюзікл “Малпачка, у якой не было сяброў”. Радуе, што і бацькі вучняў сталі ўдзельнічаць у падрыхтоўцы дзіцячых выступленняў.

Штогадовае павышэнне колькасці ўдзельнікаў фестывалю сведчыць пра яго запатрабаванасць і папулярнасць (сёлета на яго прыехалі 12 выхаванцаў Жабінкаўскай спецыяльнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем зроку). Пры ацэньванні выступленняў улічваліся мастацкая каштоўнасць выкарыстаных твораў, сцэнічнае ўвасабленне іх задумы і творчы падыход да яе, выразнасць мовы, правільнасць маўлення, узровень валодання замежнай мовай з улікам узроставых асаблівасцей і інтарэсаў дзяцей, афармленне дэкарацый і касцюмаў.

Дыпломы І ступені атрымалі тэатральныя калектывы з гімназіі № 5 Баранавіч (кіраўнік М.В.Шэка), сярэдняй школы № 14 Пінска (кіраўнікі А.А.Меляшэнка, Ю.Ю.Саланевіч і Л.С.Леўчанка), гімназіі № 2 Брэста (кіраўнік С.І.Кныш) і гімназіі Пружан (кіраўнікі І.А.Гвоздзік і В.С.Самайловіч). Акрамя таго, удзельнікі фестывалю былі адзначаны ў намінацыях “За лепшую рэжысёрскую работу”, “За праўдзівае ўвасабленне сцэнічнага вобразу”, “За культуру афармлення сцэны”, “За акцёрскае майстэрства, сцэнічны вобраз”, “За падбор і складанасць рэпертуару”, “Арыгінальнасць і відовішчнасць”, “Кампазіцыйнае і драматургічнае рашэнне” і інш.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.