Імкнуцца да самаразвіцця і творчасці

2.6.2015

- Якасная арганізацыя работы з маладымі спецыялістамі – адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці раённай метадычнай службы, - расказала загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Іванаўскага райвыканкама, кіраўнік раённай Школы стажора М.У.Цыральчук. – Выпускнікі УВА валодаюць глыбокімі тэарэтычнымі ведамі, асновамі методыкі і выхавання, але не гатовы рашаць педагагічныя і псіхалагічныя праблемы, з якімі сутыкаюцца падчас работы, адчуваюць цяжкасці ў фарміраванні індывідуальнага педагагічнага стылю. Таму маладыя педагогі з першых дзён працоўнай дзейнасці акружаны ўвагай кіраўніцтва раёна. Для іх арганізавана метадычнае суправаджэнне на ўзроўні аддзела адукацыі, спорту і турызму і ўстаноў адукацыі. Так, на ўзроўні раёна функцыянуюць Школы стажора, маладых настаўнікаў і маладых спецыялістаў дашкольных устаноў, праходзяць пастаянныя кансультацыі педагогаў, наведваюцца іх урокі, праводзяцца конкурсы прафесійнага майстэрства. На ўзроўні ўстаноў адукацыі арганізавана настаўніцтва і стажыроўка моладзі, якая актыўна ўдзельнічае ў рабоце вучэбна-метадычных фарміраванняў.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца педагогам першага года работы. Штогод маладыя спецыялісты сустракаюцца з начальнікам раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму, кіраўніцтвам райвыканкама. На пленарных жнівеньскіх нарадах праходзіць самапрадстаўленне маладых педагогаў і пасвячэнне іх у прафесію. Разам з раённым аддзелам па ідэалагічнай рабоце, культуры і справах моладзі арганізуюцца цікавыя творчыя сустрэчы моладзі рэгіёна.

Раённая Школа стажора дзейнічае больш за 20 гадоў. Стажорская практыка арганізуецца для выпускнікоў УВА і ССНУ першага года работы і ажыццяўляецца на працягу 8 месяцаў па індывідуальным плане. Установы адукацыі вызначаюць кіраўнікоў практыкі і педагогаў-настаўнікаў, якія аказваюць практычную дапамогу ў падрыхтоўцы вучэбных заняткаў, вядзенні школьнай дакументацыі, ацэнцы вынікаў вучэбнай дзейнасці дзяцей.

Апорнай установай адукацыі па арганізацыі работы з маладымі педагогамі з’яўляецца гімназія, на базе якой праводзяцца заняткі Школы стажора і адкрытыя ўрокі, а таксама вызначаюцца настаўнікі-кансультанты, з якімі маладыя спецыялісты могуць сустракацца, стасавацца і кансультавацца. Заняткі праходзяць штомесяц. Гэта дазваляе арганізаваць сістэмную работу з маладымі спецыялістамі па вывучэнні пытанняў, звязаных з вядзеннем школьнай дакументацыі, планаваннем вучэбнай дзейнасці, пабудовай розных тыпаў урокаў, прымяненнем актыўных метадаў і прыёмаў, рашэннем праблемных педагагічных сітуацый і арганізацыяй дзейнасці класнага кіраўніка. Сістэма дамашніх заданняў дазваляе маладым педагогам выпрацаваць навыкі выкарыстання атрыманых ведаў на практыцы.

Па словах М.У.Цыральчук, маладыя спецыялісты адзначаюць асаблівую значнасць для практычнай дзейнасці заняткаў па праблемах педагагічных зносін, падчас якіх з дапамогай актыўных форм работы адпрацоўваюцца шляхі рашэння і папярэджання канфліктных сітуацый, разглядаюцца пытанні псіхалагічнага складніку ўрока. З мэтай рознабаковага развіцця і далучэння да гісторыка-культурнай спадчыны раёна стажоры наведваюць музеі Іванаўшчыны.

- На працягу года праводзіцца анкетаванне і дыягностыка педагогаў першага года работы, - адзначыла М.У.Цыральчук. – У пачатку года высвятляецца, як маладога спецыяліста сустрэлі ў школе, ці ведае ён, хто з’яўляецца яго настаўнікам, якая ў яго педагагічная нагрузка, ці з’яўляецца ён класным кіраўніком, з якімі праблемамі сутыкнуўся, і г.д. Затым на працягу навучальнага года ажыццяўляецца маніторынг па выяўленні педагагічных цяжкасцей маладых спецыялістаў. Адначасова вывучаецца іх задаволенасць дзейнасцю ў рамках Школы стажора, карэкціруецца план у залежнасці ад пытанняў, прапанаваных маладымі педагогамі для разгляду. Пры падвядзенні вынікаў стажорскай практыкі праводзіцца анкетаванне і субяседаванне.

М.У.Цыральчук заўважыла, што заняткі Школы стажора праходзяць у атмасферы ўзаемнай павагі і даверу. Пра гэта сведчаць не толькі вынікі анкетавання (усе маладыя педагогі задаволены ўдзелам у рабоце школы). Стажоры наведваюць заняткі з добрым настроем. І гэта нядзіўна. Падчас іх кожны мае права на памылку, выяўленне нязгоды, абмен уласным, няхай і невялікім, вопытам, абмеркаванне розных пытанняў, кансультацыю па тэме, якая цікавіць. Такая атмасфера, лічыць загадчыца раённага ВМК, дапамагае сфарміраваць у маладога спецыяліста патрэбу ў пастаянным імкненні да самаразвіцця і творчасці.

У бягучым навучальным годзе ва ўстановах адукацыі раёна арганізавана стажыроўка для 14 маладых спецыялістаў. На працягу года ім аказвалася пастаянная індывідуальная кансультацыйная і метадычная дапамога з боку метадыстаў ВМК і спецыялістаў аддзела адукацыі, спорту і турызму па розных напрамках дзейнасці: вывучэнне нарматыўных прававых дакументаў, складанне календарна-тэматычнага планавання, ацэнка вучэбнай дзейнасці па прадметах, выкарыстанне ІКТ на ўроках і факультатыўных занятках, арганізацыя работы з высокаматываванымі і адоранымі дзецьмі і інш. Па запытах стажораў, у школах якіх адсутнічае спецыяліст па пэўным прадмеце, арганізуюцца выезды ў іншыя ўстановы адукацыі. Так, нядаўна на базе Мотальскай сярэдняй школы прайшоў семінар для маладых настаўнікаў нямецкай мовы.

Вялікую ўвагу раённы ВМК удзяляе выдавецкай дзейнасці. Так, былі выдадзены зборнікі метадычных матэрыялаў “У дапамогу маладому настаўніку”, якія складаюцца з трох частак: “Уводзіны ў школьнае жыццё”, “Праблемы педагагічных зносін” і “Арганізацыя работы класнага кіраўніка”.

- Не застаюцца без увагі і педагогі другога і трэцяга года работы, - адзначыла М.У.Цыральчук. – Іх станаўленню садзейнічаюць Школы маладога настаўніка, якія арганізуюцца па выніках дыягностыкі і аналізу кадравага складу маладых педагогаў, а таксама дзейнасць моладзі ў складзе прадметных вучэбна-метадычных аб’яднанняў і пастаянна дзеючых семінараў. Так, у бягучым навучальным годзе працуюць 4 Школы маладога спецыяліста (для настаўнікаў матэматыкі, замежнай мовы і прыродазнаўчых дысцыплін, выхавальнікаў дашкольных устаноў), арыентаваныя на практычнае асваенне прафесіі, зыходзячы з асаблівасцей прадмета, методыкі выкладання і прафесійнага станаўлення ў канкрэтнай прадметнай галіне. У рамках школ арганізавана вывучэнне нарматыўнай прававой дакументацыі, асваенне актыўных метадаў і прыёмаў навучання, знаёмства з вопытам творчых настаўнікаў і выхавальнікаў. Акрамя таго, па запытах маладых спецыялістаў арганізуецца актыўнае наведванне адкрытых урокаў і заняткаў з іх наступным аналізам.

Змест і формы работы з маладымі спецыялістамі на ўзроўні ўстановы адукацыі вызначаюцца на аснове дыягностыкі прафесійных цяжкасцей педагогаў. Калі для маладых педагогаў першага года работы праводзіцца анкетаванне, то са спецыялістамі другога і трэцяга года работы – субяседаванне.

Найбольш распаўсюджанымі формамі работы з маладымі спецыялістамі ва ўстановах адукацыі з’яўляюцца субяседаванне, кансультаванне, семінар, практыкум, наведванне ўрокаў у маладых педагогаў і наведванне ўрокаў вопытных педагогаў маладымі спецыялістамі. Моладзі дапамагаюць пры складанні календарна-тэматычных і паўрочных планаў, рашэнні псіхолага-педагагічных праблем. Карэктна-паважлівае стаўленне да маладых спецыялістаў і стварэнне сітуацыі поспеху садзейнічаюць іх хуткай адаптацыі да прафесійнай дзейнасці і высокаму замацаванню на месцах.

Не застаюцца без увагі ў раёне сацыяльныя педагогі без вопыту работы і намеснікі дырэктара па вучэбнай рабоце з невялікім стажам работы. Для першых арганізуюцца пастаянна дзеючыя семінары, індывідуальныя кансультацыі і субяседаванні, для другіх дзейнічае Школа перадавога педагагічнага вопыту.

- Вучэбна-метадычны кабінет стварае неабходныя ўмовы для прафесійнага самаўдасканалення і творчага развіцця моладзі, - расказала М.У.Цыральчук. – Маладыя спецыялісты ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх семінарах на базе АПА, раённых этапах конкурсаў “Малады настаўнік Брэстчыны” (колькасць яго ўдзельнікаў пастаянна павялічваецца) і “Настаўнік года Беларусі”, раённых конкурсах удасканалення методыкі правядзення ўрокаў і факультатыўных заняткаў, злётах творчых педагогаў і кірмашах сацыяльна-педагагічных інавацый, якія з’яўляюцца стартавай пляцоўкай для паказу ўласнага педагагічнага почырку.

Маладыя спецыялісты – актыўныя ўдзельнікі вучэбна-метадычных фарміраванняў, па пасяджэннях якіх дзеляцца педагагічнымі знаходкамі. Многія маладыя настаўнікі вынікова займаюцца развіццём даследчых навыкаў вучняў. На рахунку выхаванцаў маладых педагогаў шмат перамог у розных конкурсах, канферэнцыях, фестывалях і інш.

- Сістэмнае метадычнае суправаджэнне маладых спецыялістаў дазваляе зрабіць ім упэўненыя першыя крокі ў прафесійным станаўленні і не расчаравацца ў выбранай прафесіі. Задача аддзела адукацыі, спорту і турызму заключаецца ў тым, каб стварыць належныя ўмовы для фарміравання гатоўнасці моладзі да актыўнай, мэтанакіраванай, самарэгулюемай, асобасна і прафесійна значнай дзейнасці, якая забяспечвае высокаэфектыўнае і творчае выкананне прафесійных функцый і задач, - падагуліла М.У.Цыральчук.

Удзельнікі семінара наведалі гімназію, сярэднюю школу № 4 і яслі-сад № 6 Іванава, Махроўскую, Адрыжынскую і Тышкавіцкую сярэднія школы, дзе азнаёміліся з рознымі напрамкамі работы з маладымі спецыялістамі і абмеркавалі праблемныя пытанні падчас круглага стала. Убачанае нікога не пакінула абыякавым. Дзякуючы сістэмнай і выніковай дзейнасці раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму, кіраўнікоў і педагогаў школ, на Іванаўшчыне ёсць што паказаць, чым здзівіць і кім ганарыцца.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.