У айцішнікі са школы
18.5.2015- Конкурс, у фінальны этап якога выйшлі 12 юных праграмістаў, праводзіўся з мэтай прафарыентацыі школьнікаў і навучэнцаў ПТНУ на атрыманне спецыяльнасцей, запатрабаваных прадпрыемствамі ІТ-галіны, распаўсюджання інфармацыі пра дзейнасць кампаній-рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій Беларусі, якія працуюць на Брэстчыне, і дзейнасць фізіка-матэматычнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна, дзе атрымліваюць адукацыю будучыя спецыялісты ІТ-сферы, - расказаў начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра інфарматызацыі і рэсурснага забеспячэння адукацыі Брэсцкага абласнога ІРА А.У.Нарывончык. – Акрамя таго, конкурс з’яўляецца добрым сродкам інфармацыйнай і навукова-метадычнай падтрымкі навучэнцаў, зацікаўленых у вывучэнні новых тэхналогій праграмавання, і ўдасканалення ведаў і ўменняў адораных дзяцей. Спаборніцтва развівае ўяўленні навучэнцаў пра новыя тэхналогіі праграмавання і матэматычнага мадэліравання, іх прымяненне ў вучэбнай, вытворчай і навуковай сферах дзейнасці.
Конкурсныя работы размяркоўваліся ў 4 намінацыях: “Праграмаванне і матэматычнае мадэліраванне”, “Вэб-праектаванне і дызайн”, “Распрацоўка дадаткаў для мабільных прылад” і “Выкарыстанне праграмнага забеспячэння і адміністраванне”. У першай намінацыі патрабавалася прэзентаваць праграмны прадукт (дадатак) лакальных камп’ютараў/сетак ці праграмуемых устройстваў на аснове мікракантролераў, выкананы з выкарыстаннем сродкаў і сістэм праграмавання і матэматычнага мадэліравання для розных платформ (дадатак павінен мець сістэмны, прыкладны ці інструментальны характар). У другой намінацыі неабходна было паказаць рэалізаваныя інтэрнэт-праекты і дадаткі, размешчаныя ў глабальнай сетцы і выкананыя сродкамі вэб-праектавання, -праграмавання і -дызайну. Трэцяя намінацыя ўяўляла сабой дэманстрацыю работ, праграмных праектаў, сеткавых рашэнняў і дадаткаў для мабільных прылад: спецыялізаваных камп’ютараў, тэрмінальных устройстваў, смартфонаў і планшэтаў. Чацвёртая намінацыя прадугледжвала паказ рашэнняў, атрыманых сродкамі камп’ютарнага мадэліравання, канструявання, аўтаматызаванага праектавання, камп’ютарнай графікі і анімацыі.
Па выніках конкурсу дыпломы І ступені атрымалі васьмікласнікі Максім Ёрш і Павел Міскевіч з сярэдняй школы № 16 Баранавіч (“Віртуальны тур па школе”), адзінаццацікласнік Уладзімір Лявенка з гімназіі № 4 Баранавіч (“Інфармацыйная інтэрактыўная мадэль Сонечнай сістэмы Solarus”). Дыпломы ІІ ступені дасталіся адзінаццацікласніку
Дзмітрыю Воўку з Пескаўскай сярэдняй школы Бярозаўскага раёна (“Аўдыяплэер Sayger”) і дзесяцікласніку Сяргею Канавалаву з сярэдняй школы № 27 Брэста (“Камунікацыйная сеткавая праграма для перадачы інфармацыі DesctopNotify”). Уладальнікамі дыпломаў ІІІ ступені сталі васьмікласніцы Аляксандра Карповіч і Вікторыя Вандзіч з сярэдняй школы № 3 Століна (сайт “Мая Століншчына”), а таксама адзінаццацікласнік Глеб Кандрацюк з гімназіі № 1 імя Ф.Я.Перца Пінска (“Хуткасць чытання. Стварэнне праграмы па павелічэнні хуткасці чытання”).
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.