Не толькі грошы зарабіць…

13.5.2015

- Планы сёлетняга трэцага працоўнага семестра больш напружаныя, чым летась, - адзначыў першы сакратар абкама БРСМ Віктар Іваноў. – Так, з 1 мая да 31 верасня мінулага года ў складзе студэнцкіх атрадаў на Брэстчыне працавалі 6,6 тысячы чалавек. Індывідуальна былі працаўладкаваны 3,4 тысячы юнакоў і дзяўчат. Не меншую колькасць моладзі плануецца працаўладкаваць такім чынам і сёлета.

Падрыхтоўка да трэцяга працоўнага семестра ўжо пачалася. Разам з зацікаўленымі ведамствамі падбіраюцца аб’екты для арганізацыі часовай занятасці моладзі. Плануецца, што ў кожным раёне будзе вызначаны сацыяльна значны аб’ект, які атрымае статус маладзёжнай будоўлі. Працаваць на такім аб’екце будзе прэстыжна, там будуць задзейнічаны лепшыя прадстаўнікі БРСМ, створаны дастойныя ўмовы аплаты працы і побыту байцоў студэнцкіх атрадаў. Што да абласной маладзёжнай будоўлі, якой з’яўляецца стварэнне маладзёжнага патрыятычнага цэнтра ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”, то ўжо цяпер там працуе першы атрад з ліку членаў Брэсцкага гаркама БРСМ.

Па словах Віктара Іванова, сёлета з мэтай далучэння да студатрадаўскага руху навучэнскай моладзі будзе актывізавана работа штабоў працоўных спраў у ССНУ і ПТНУ. Тэрытарыяльным штабам рэкамендавана больш укараняць у практыку рознаўзроставыя і зводныя студэнцкія атрады. Акрамя таго, кожнаму рай(гар)каму БРСМ у сёлетнім сезоне неабходна будзе арганізаваць не менш аднаго выязнога атрада.

Віктар Іваноў заўважыў, што заканадаўства дазваляе працаўладкоўваць студэнтаў круглагадова. Але не ўсе тэрытарыяльныя камітэты маладзёжнай арганізацыі вядуць у гэтым напрамку актыўную работу. Станоўчым прыкладам з’яўляецца вопыт Брэсцкага, Баранавіцкага, Пінскага гарадскіх і Івацэвіцкага раённага камітэтаў БРСМ, якія займаюцца працаўладкаваннем моладзі на працягу года.

Першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў звярнуў увагу на абавязковую падрыхтоўку лідараў студатрадаўскага руху:

- Для работы ў якасці камандзіраў і камісараў студэнцкіх атрадаў юнакоў і дзяўчат трэба мэтанакіравана рыхтаваць, інакш гэта будзе не атрад, а брыгада, якая проста зарабляе грошы. Зразумела, што ні культурная, ні спартыўная, ні тым больш ідэалагічная работа там не праводзіцца. Гэтым пытаннем варта вельмі сур’ёзна займацца. На прадуманай кадравай палітыцы грунтуюцца поспех, значнасць і прыцягальнасць маладзёжнай арганізацыі.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.