Супрацоўніцтва ўстановы адукацыі і праваслаўнай царквы
па фарміраванні навыкаў здаровага ладу жыцця
Масюк Наталля Аляксандраўна,
дырэктар ДУА “Навадворская
базавая школа” Пінскага раёна
nov-dvor@pinsk.edu.by
Два царствы ёсць у кожнага чалавека – зямное і нябеснае. Каб паспяхова дасягнуць другога, патрэбна годна пражыць жыццё ў першым. Тут сходзяцца інтарэсы Праваслаўнай царквы і дзяржавы, якія клапоцяцца аб маральным стане грамадства, аб здароўі нацыі.
У апошнія гады ўсё больш цесным становіцца супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі з Беларускай праваслаўнай царквой, якая выкарыстоўваючы свой шматвяковы вопыт захавання духоўных, культурных і гістарычных традыцый, фарміруе ў моладзі высокія грамадзянскія і маральныя якасці, патрыятызм і адказнасць за лёс Айчыны, міласэрнасць і суперажыванне.
Адным з накірункаў супрацоўніцтва паміж ДУА “Навадворская базавая школа” Пінскага раёна і Навадворскай Свята-Успенскай царквой з’яўляецца арганізацыя вольнага часу дзяцей і падлеткаў, фарміраванне ў навучэнцаў навыкаў здаровага ладу жыцця, адказных паводзін, станоўчых адносін да жыцця, пераадоленне дэструктыўнага ўплыву на навучэнцаў псеўдарэлігійных арганізацый. Асаблівы акцэнт на супрацоўніцтва менавіта ў гэтым накірунку выбраны невыпадкова. 67% навучэнцаў школы выхоўваюцца у сем’ях баптыстаў (хрысціяне веры евангельскай).Таму ў поўнай меры рэалізаваць Праграму супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускай праваслаўнай царквой даволі складана.
Эфектыўнасць любой прафілактычнай работы напрамую залежыць ад кампетэнтнасці дарослых, іх асабістых прыкладаў, паводзін, адносін да дзяцей і падлеткаў. Таму і формы, якія часцей за ўсё выкарыстоўваем мы у сваёй рабоце, носяць практычны характар і накіраваны на непасрэдны асабісты кантакт дзяцей, педагогаў і святара. Любімымі і чаканымі для дзяцей і моладзі (дарэчы, не толькі праваслаўнай) сталі футбольныя спаборніцтвы, у якіх прымаюць удзел навучэнцы школы, педагогі, настаяцель праваслаўнай царквы Сяргей Машлякевіч, старшыня сельвыканкама Кірыковіч І.П, інспектар Пінскага РАУС Лях Ю.М.
Не менш чаканымі з’яўляюцца шматдзённыя паходы ў летні час, каштоўнасць якіх ацанілі самі падлеткі : “Паход з начлегам – унікальная магчымасць адначасова адпачыць, пабыць з сябрамі, праявіць свае фізічныя якасці, заняцца спортам і… шчыра і адкрыта пагаварыць з дарослымі: настаўнікамі, святаром, бацькамі.” Велаэкскурсіі, спаборніцтвы па валейболу, даследчыя экспедыцыі па ваколіцах вёскі, экскурсіі, гульні на мясцовасці, інтэрактыўныя гульні, псіхалагічныя трэнінгі – усё гэта служыць развіццю фізічнай актыўнасці дзяцей і падлеткаў, фарміраванню асноўных правіл здаровага ладу жыцця. Асноўны прынцып, якім мы кіруемся пры правядзенні любых мерапрыемстваў дакладна ілюструюць словы Канфуцыя: “Скажы мне — і я забуду, пакажы мне — і я запомню, дай мне зрабіць — і я зразумею”.
У цэнтры асаблівай увагі – арганізацыя і правядзенне сумесных акцый па прафілактыцы суіцыдаў, а таксама мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне бяспечных паводзін навучэнцаў. Найбольшы эфект, на нашу думку, у дадзеным выпадку дае індывідуальны падыход, апора на ўласны вопыт і жыццёвы вопыт навучэнцаў, прыцягненне яго да актыўнай дзейнасці. Для старшакласнікаў – дыспуты, ток-шоу, тэатралізаваная гульня, для меншых школьнікаў – спартыўныя святы, фестывалі.
Галоўны прынцып узаемадзеяння – дабравольнасць і адказнасць. У першую чаргу адказнасць перад дзецьмі. Можна проста даваць дзецям веды і з пачуццём выкананага абавязку ісці дамоў. А можна вучыць, аддаючы часцінку сваёй душы, ісці з імі побач, быць уважлівым да іх праблем. Тады вынік абавязкова пераўзойдзе ўсе нашы чаканні. Вопыт паказвае, што ўзаемадзеянне Царквы і устаноў адукацыі пры правільным падыходзе дае трывалую аснову духоўна-маральнага выхавання.