Баранава Святлана Мікалаеўна

Баранава Святлана; Мікалаеўна,
дырэктар ГУА “Загорскі вучэбна педагагічны комплекс
дзіцячы сад - базавая школа” Пружанскага района
zagorue-school@pruzany.by

 

Школьнае навучанне ніколі не
пачынаецца з пустога месца,
а заўсёды абапіраецца
на пэўную стадыю развіцця,
якую здзяйсняе дзіця.
Л.С.Выгоцкі

Вучэбны працэс у нашай установе адукацыі здзяйсняюць 15 педагагічных работнікаў для 61 навучэнца.

Сучасныя сацыякультурныя ўмовы патрабуюць не толькі аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі, пашырэння спектру прапаноўваемых адукацыйных паслуг, але і забеспячэння бесперапыннасці адукацыі дзіцяці з улікам яго індывідуальных асаблівасцей, запытаў сям’і і грамадства. Пры гэтым неабходнай умовай – з’яўляецца ўстанаўленне адзінай лініі развіцця на сумежных узроўнях адукацыі, асабліва пераемнасці паміж дашкольнай і першай ступенямі.

На нарматыўным узроўні адлюстроўваюцца запатрабаванні часу і грамадскасці ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, Палажэнні аб установе дашкольнай адукацыі, Палажэнні аб установе агульнай сярэдняй адукацыі, вучэбна-праграмнай дакументацыі, у адукацыйных стандартах.

Асноўныя задачы пераемнасці:

устанаўленне сувязі паміж праграмамі, формамі, метадамі работы дзіцячага сада і школы;

захаванне і замацаванне фізічнага і псіхічнага здароўя  дзіцяці;

забеспячэнне яго маральна-псіхалагічнага камфорту і абароненасці;

паглыбленне цікавасці да навучання ў школе;

аказанне дапамогі сем’ям у новай сітуацыі, якая ўзнікае пры паступленні дзіцяці ў школу.

У змест вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі закладзены прынцып пераемнасці, які забяспечвае агульную гатоўнасць выхаванцаў да навучання ў школе. Прасочваецца агульнае ў найменаваннях адукацыйных абласцей і вучэбных прадметаў, у мэтах, задачах адукацыйных стандартаў і вучэбных праграм пераемнасці дашкольнай і першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі з пазіцыі канцэнтрычнасці прадстаўлення матэрыялу.

Вядомы псіхолаг Дзмітрый Барысавіч Эльконін, які распрацаваў сістэму ўзроставай перыядызацыі псіхалагічнага развіцця дзяцей, паказаў, што ўнутраныя заканамернасці псіхалагічнага развіцця ў дашкольным і малодшым школьным узросце адзіныя, паміж гэтымі этапамі няма рэзкіх пераходаў, больш таго, шмат агульнага. Гэта даверлівае падпарадкаванне дзіцяці аўтарытэту дарослага – яго патрабаванням, ацэнкам, перайманне знешніх манер паводзін, разважанняў. Гэта гульнёвае стаўленне да ўсяго, з чым ён сутыкаецца. Тэндэнцыі развіцця псіхалагічных працэсаў у пераходны перыяд ад дашкольнага ўзросту да малодшага школьнага сведчаць не толькі пра якасныя змяненні ў псіхіцы, але і пра колькасныя. Д. Б. Эльконін, падкрэсліваючы непарыўную сувязь дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту, аб’ядноўвае іх у адзіны перыяд дзяцінства.

Вырашыць праблему пераемнасці паміж дашкольнай і пачатковай адукацыяй можна толькі пры ўмове рэалізацыі адзінай лініі развіцця дзіцяці ў перыяд дзяцінства.

Для таго, каб працэс пераходу быў нестыхійным, у пачатку навучальнага года педагогі пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па ВВР складаюць адзіны сумесны план пераемнасці, мэтай якога з’яўляецца канкрэтызацыя работы па трох асноўных накірунках:

Работа з навучэнцамі;

Узаемадзеянне педагогаў;

Супрацоўніцтва з бацькамі.

Змест навучання ў пачатковай школе арыентуецца перш за ўсё на фарміраванне пэўнага аб’ёму ведаў, уменняў і навыкаў (чытання, пісьма, лічэння), таму пры паступленні ў школу ў дзіцяці адбываецца ломка стэрэатыпаў, паводзін, якія склаліся ў дашкольнай установе. На гульні, самастойную дзейнасць не застаецца часу, нефармальныя зносіны з педагогам замяняюцца рэгламентаванымі. У нашай адукацыйнай установе пераемнасць паміж дашкольнай і школьнай ступенямі не ўспрымаецца як падрыхтоўка дзяцей да навучання, таму маецца магчымасць зрабіць пераход з дашкольнай адукацыі на пачатковае навучанне больш плаўным: урокі ў першым класе праходзяць у школе, а астатнія рэжымныя моманты ў дзіцячым садку. Такім чынам, адаптацыя дзяцей да навучання ў школе праходзіць спакойна і лёгка.

Васіль Аляксандравіч Сухамлінскі пісаў: “Ад таго, як будзе адчуваць сябе дзіця, падымаючыся на першую прыступку лесвіцы пазнання, што яно будзе перажываць, залежыць увесь далейшы шлях да ведаў”.

Таму ў нашай навучальнай установе выкарыстоўваюцца разнастайныя формы работы.

  1. Работа з дзецьмі:

- экскурсіі па школе (школьных кабінетах);

- наведванне школьнай бібліятэкі і музейнага кутка;

- удзел у сумеснай адукацыйнай і працоўнай дзейнасці, гульнёвых праграмах;

- сустрэчы, гутаркі і  гульні з былымі выхаванцамі дзіцячага садка;

- сумесныя святы (8 Сакавіка, 23 лютага, пасвячэнне ў першакласнікі, выпускны ў дашкольнай групе) і многія іншыя;

- удзел у тэатралізаванай дзейнасці;

- спартыўныя спаборніцтвы, Дні здароўя, нават турыстычныя злёты.

  1. Узаемадзеянне педагогаў:

- сумесныя педагагічныя саветы і нарады. Раней мы праводзілі ўнутраны кантроль толькі ў дашкольных групах, затым пачатковыя класы, далей стан выкладання прадметаў у 5 – 9 класах. Зараз жа правядзенне кантролю ажыццяўляецца адначасова на ўсіх ступенях адукацыі. Гэта дае магчымасць стварыць сістэму і прасачыць стан работы па пераемнасці.

- педагагічныя назіранні, якія, дарэчы, пачынаюцца кожную раніцу са школьнага аўтобуса;

- узаеманаведванне ўрокаў і заняткаў з далейшым абмеркаваннем, вынясеннем рэкамендацый.

Паколькі школьныя класы і дашкольныя групы знаходзяцца ў адным будынку і на адным паверсе, то нашы педагогі маюць шырокія магчымасці для ўзаеманаведвання і назірання за развіццём сваіх падапечных. Настаўнікі пачатковых класаў задоўга да сустрэчы ў першым класе маюць магчымасць пазнаёміцца з кантынгентам дзяцей, з якімі ім давядзецца працаваць, а выхавальнікі дашкольнай адукацыі – назіраць за далейшымі поспехамі сваіх выхаванцаў. Такая форма ўзаемадзеяння дазваляе выпрацаваць адзіную стратэгію ў сваіх патрабаваннях і стварыць аптымальныя ўмовы для здзяйснення пераемнасці. Ад гэтага выйграюць усе, асабліва дзеці.

  1. Супрацоўніцтва з бацькамі:

- сумесныя бацькоўскія сходы, якія ставяць сваёю мэтай пазнаёміць бацькоў з асноўнымі патрабаваннямі школы і дзіцячага садка (паколькі каля 72% дзяцей нашага вучэбна-педагагічнага комплекса з мнагадзетных сем’яў, то бацькам прасцей даведвацца адразу ўсё пра ўсіх сваіх дзяцей);

- групавыя бацькоўскія сходы, якія дазваляюць канкрэтызаваць агульныя праблемы;

- лекторыі для бацькоў;

- кансультацыі з педагогамі дашкольнай групы і школы;

- сустрэчы бацькоў з будучымі настаўнікамі;

- дні адчыненых дзвярэй;

- анкетаванні, тэсціраванне бацькоў для вывучэння мікраклімату ў сям’і на парозе школьнага жыцця дзіцяці і ў перыяд адаптацыі да школы;

- культурна-дасугавыя і спартыўна-масавыя мерапрыемствы з удзелам бацькоў;

- візуальныя сродкі зносін (стэндавы матэрыял, выставы, паштовая скрыня пытанняў і адказаў, школьны сайт);

- наведванне сем’яў з мэтай знаёмства, аказання педагагічнай дапамогі, своечасовага выяўлення фактаў сямейнай няўдаласці.

Жыццё выхаванцаў дзіцячага сада багатае на гульні, розныя віды мастацкай дзейнасці, эксперыментаванне. Менавіта ў дзіцячым садку закладваюцца асновы даследчай дзейнасці дзяцей, якія развіваюцца далей у школе. Спачатку яны вучацца даследаваць навакольнае асяроддзе, у пачатковых класах гэтыя навыкі развіваюцца, дзеці вучацца даследаваць свае прозвішчы, сямейныя традыцыі, а ў старэйшых класах яны даследуюць жыццё славутых землякоў. Так, вучні 9 класа нашага вучэбна-педагагічнага комплекса, пачынаючы з 2009 года, штогод станавіліся дыпламантамі ў раённых і абласных конкурсах вучэбна-даследчых работ “З навукай у будучыню”, у 2016 годзе вучаніца нашай установы адукацыі Асійчук Альбіна атрымала Дыплом ІІІ ступені ў рэспубліканскай канферэнцыі і прэмію спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Пасееш у дзіцячым садку іскрынку дапытлівасці – у старэйшых класах атрымаеш дыпломы за даследчыя работы!